Сустрэча з падарожніцай

Пераказы і дыктанты

  Ужо амаль тыдні два, а можа, і тры, не ішоў дождж. Вечарам нібы збіралася на дождж і неба зацягвалі вялікія шэрыя хмары, а раніцай прасвятлялася. На нізінах высыпала буйная празрыстая раса, апоўдні ж зноў моцна пякло сонца. Зямля вельмі перасохла. Калі праязджала па вёсцы нейкая машына, такі пыл узнімаўся, што не было чым нават дыхнуць. А дрэвы на прысядзібных участках пакрыліся тонкай сіваватай плёнкаю пылу і здалёк, на сонцы, здаваліся зусім белымі.
 Наліўшы біклагу з глыбачэннага калодзежа халоднай, як лёд, вады, я хутка пайшоў у лес.
 Ісці полем трэба было кіламетра паўтара і кіламетры тры сасоннікам. За сасоннікам пачыналася дробнае чарналессе, куды я і трымаў кірунак.
 Хоць і пякло моцна сонца, на полі неяк дыхалася лягчэй, бо павяваў лёгкі вільготны ветрык. Калі ж я ўвайшоў у сасоннік, дык нібыта апынуўся ў плавільным цэху.
 Лапіны сівога сухадольнага моху так перасохлі, што, калі ступаў, мох ламаўся і на ім заставаўся след майго чаравіка. Са ствалоў сосен сачылася густая смала – жывіца, і здавалася, што ёю прапах увесь навакольны свет. Нават стракатыя сойкі, якія звычайна трымаюцца саснякоў, і тыя паразляталіся бліжэй да маладога бярэзніку, моцных дубнякоў, дзе хоць трохі свяжэйшае паветра і большая вільготнасць.
 У сасняку ад гарачыні хутка пачынае балець галава, і таму я спяшаўся як хутчэй прайсці яго. I раптам крокаў за трыццаць наперадзе заўважыў, як нешта шэрае, невядомае мне, павольна рухаецца за кустамі арэшніку. Спачатку падумалася, што гэта толькі мне здалося. Калі ж я падышоў бліжэй, то моцна здзівіўся: паўзла балотная вялікая чарапаха. Яна, як адчула небяспеку, галаву і ногі схавала пад свой моцны чарапок. «Вось табе і загадка адразу прыдумалася: хто па вадзе плавае і па зямлі ходзіць, а з дому не выходзіць…» – падумаў я ў гэты момант і адышоў ад чарапахі на некалькі крокаў.
 Калі я схаваўся за высокаю прыгожаю сасною і пачаў назіраць, яна высунула сваю маленькую галаву з-пад панцыра, агледзелася па баках, ці не пагражае ёй што, і памаленьку, не спяшаючыся, пасунулася наперад.
 Кірунак чарапаха трымала строга на поўдзень. Калі па дарозе трапляліся дрэвы або кусты, яна іх мінала і, нібыта з компасам у руцэ, зноў сунулася на поўдзень.
 Але ж куды яна паўзла? Я ніяк не мог дадумацца, бо ў яе наперадзе было кіламетра на паўтара сасняку, потым – поля на тры кіламетры, а за полем зноў пачыналіся саснякі. Да бліжэйшага балота набіралася кіламетраў каля васьмі.
 Я амаль з гадзіну назіраў за ёю. Скажу, што з такою хуткасцю ў дарогу лепш не збірацца. Але, відаць, у чарапашынай галаве не стаяла гэтая вялікая праблема. У чарапахі была свая мэта. Куды кіравалася – яна адна і ведала.
 «Шчаслівай табе дарогі, даражэнькая чарапаха», – падумаў я, калі мне надакучыла за ёю назіраць.
 Каб хто-небудзь мне раней сказаў, што чарапаха робіць такія вялікія падарожжы, дык я ніколі б яму не паверыў.
(451 слова)

Паводле З. Бяспалага.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений