Сяргей Грахоўскі — Ахвяры

Сяргей Грахоўскі

Ахвяры лічым на мільёны
I ўсіх не можам палічыць,
Бо век зламаны і шалёны
Пакуль нічым не залячыць.

Не гояцца старыя раны,
I яшчаркі шукаюць спрат
У чарапах непахаваных
Яшчэ з тае вайны салдат.

А іх дасюль чакаюць маці,
«Без вестак» страчаных сыноў,
Ні месца ім няма на свяце,
Ні пенсіі, ні мірных сноў.

Бязгучна ў апусцелых хатах
Яшчэ жыве нязводны страх
I плач па тых, што ў Курапатах
Закончылі апошні шлях.

О, колькі іх, непахаваных
I не акропленых слязой,
Навекі юных і каханых
Пад мохам і пад дзеразой.

Ніхто ахвяр не злічыць зроду,
З маленства кінуты на звод
Дзяцей тых «ворагаў народа»,
Што так любілі свой народ.

З пустых вачніцаў Курапаты,
Як і даўней, у гэты час
Глядзяць з трывогаю, што каты
Усё яшчэ цікуюць нас.

11 верасня 1990 г.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений