Ці забываецца навек,
Калі сканае чалавек?
Не знікне ён,
Таму, што ў свет
Вядзе яго нябачны след.
Яго няма, а ён жыве
У даўняй песні і ў траве,
У цвеце веснавых садоў,
У памяці дзяцей і ўдоў.
Няхай яго няма між нас,
Няхай імя закрэсліў час,
А ён жыве ў маёй крыві
І мне загадвае: «Жыві
І за сябе і за мяне,
Каб соль трашчала па спіне,
Каб рукі ў мазалях гулі,
Каб песні звонкія былі».
Я п’ю бярозавік густы,
З таго надрэзу, што і ты
Ашчадна некалі падсек,
Мой прашчур, добры чалавек.
І нада мной шумяць лісты
Прысадаў, што дагледзеў ты,
Галінку кожную і сук
Сагрэў цяплом шурпатых рук.
Гудуць пад коламі масты,
Дзе перакінуў кладку ты,
Красуюць жыта і авёс,
Што ты за пазухай прынёс
На ляды ў даўнюю вясну –
На колішнюю цаліну.
Ты ставіў хаты, дровы сек,
Мой продак, добры чалавек,
Не шкадаваў ні рук, пі жыл,
Бо ўсё умеў, бо прагна жыў,
Твае сагрэлі мазалі
Усё жывое на зямлі.
Ідуць гады, шумяць гады,
Твае ж не сцерліся сляды.
Ты прагна жыў, жывеш, жыві
Крывінкаю ў маёй крыві.
Магчыма ўнукі ўспомняць нас
На віражах касмічных трас.
А чым аздобіць новы век
Адукаваны чалавек?
1962
Крыніца: Грахоўскі, С. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Вершы [Аўт. прадм. В. Вітка]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. – 382с.