Ён узышоў на нёманскай раллі
З маленькага адборнага зярняці.
Слязьмі і потам палівала маці
Яго на поснай, не сваёй зямлі.
Ён прагна пацягнуўся да святла —
Сцяблінка ледзьве-ледзь пласты
прабіла
Ад градабою дзічка засланіла,
Ад згубы перапёлка зберагла.
Закаласеў, закрасаваў,
высока
Падняў над жытнім полем галаву:
Убачыў нашу ніву, і траву,
I сонца, і ружовыя аблокі.
У навальніцу буйныя вятры
Кацілі збожжа ўспененыя хвалі,
Але высокі колас не зламалі
I нават не сагнулі без пары.
Ён выстаяў і выспеліў зярняты,
Яму шапталі казкі васількі,
Яго віталі крыллем ветракі,
Здалёк з надзеяй пазіралі хаты.
Шумела жыта, і каціўся голас
То грозны, то пяшчотны ў цішыні,
Заходзіўся жаўрук у вышыні,
А песні жалю пеў даспелы колас.
Праз дым пажараў завітала свята
У нашыя прасторныя палі.
Вялікі Колас выспеліў зярняты —
Адвечны скарб для новае зямлі.