Калі пушок прабіўся над губою
I ў сны
прыйшло
дзявочае імя,
Я ні аб чым не раіўся з табою,
Матуля адзінокая мая.
Мне сорамна здавалася часамі
Сярод хлапцоў — цыбатых1 забіяк —
Назваць цябе, як у маленстве, "мама",
Таму часцей не называў ніяк.
А вечарамі, слова не сказаўшы,
Ішоў блукаць каля чужых варот
I пазіраў, як у акенцы нашым
Мігаў у лямпе да світання кнот.
Не спала ты асеннімі начамі,
Хоць падала ад зморы галава,
Глядзела ў змрок вільготнымі вачамі,
Прывычная да гора ўдава.
Ты прала кужаль2, ты капала гліну,
А ў час жніва зусім не чула ног,
Ды гаварыла ласкава пра сына:
"Хай падрасце, няхай паспіць сынок".
I зноў сама збіралася па дровы,
А ў валасах гусцела сівізна —
"Хоць бы сказаў ён ласкавае слова,
Хоць бы, як колісь, мамаю назваў".
…Прайшлі гады.
Мы пасівелі самі,
I, мабыць, крыўдна мне не аднаму,
Што гэтае святое слова "мама"
Цяпер сказаць ужо няма каму.
1. Цыбаты — тут: высокі, хударлявы.
2. Кужаль — тут: самаробныя ільняныя ніткі.