Вясна ў той ваенны год запазнілася і вельмі спяшалася нагнаць упушчаны час. Днём сонца адразу стала добра прыграваць. Елкі і хвоі атрэслі са сваіх галін снег, і яны падняліся ўгору, да сонца, як рукі.
Партызанскі атрад знаходзіўся на невялічкім востраве, у густым высокім лесе. Вакол вострава на дзясяткі кіламетраў ляжалі балоты. На поўдні яны цягнуліся да самага Пінска, а на поўначы ўпіраліся ў пясчаныя выспы Міхалінскай пушчы. Гэта было дзікае месца. Немцы не маглі туды падступіцца.
З вострава партызаны нападалі на ворага, падрывалі на чыгунках эшалоны, білі фашыстаў на шашэйных дарогах і ў гарнізонах.
Мінуў красавік. Птушкі чародамі вярталіся да сваіх гнёздаў. У пачатку мая, асабліва на досвітку, звінелі, разліваліся птушыныя галасы. Кожная птушка старалася паказаць свае здольнасці.
Жураўлі недалёка ад партызанскага лагера пачалі наладжваць танцы на балоце. Аднаго разу партызанскі сувязны Васіль захацеў паглядзець, як птушкі танцуюць. Устаў ён на золку. Ціха было ў лесе. Зялёныя хвоі і дубы стаялі моўчкі, насцярожана. Здавалася, што і яны пільна прыслухоўваюцца да кожнага гуку або шолаху. Выкручастая сцежка паміж густых дрэў прывяла да балота. Ружовыя водбліскі ўсходу залацілі верхавіны дрэў.
Прытаіўся Васіль у кустах. Яму добра было відаць усё балота. Усё больш і больш палымнеў усход. Лес ажывіўся радаснымі песнямі, вясёлым гоманам і крыкам птушак.
Раптам у паветры паказалася вялікая птушка. Яна зрабіла паварот і села на невялікі ўзгорак, заліты з усіх бакоў вадою. Гэта быў журавель. Перш-наперш ён агледзеў узгорак. Затым узяўся прыхарошвацца. Зайшоў у неглыбокую лужыну і, набраўшы ў дзюбу вады, пачаў пырскаць на сябе. Памыўшыся і прычасаўшы пер’е, ён узняў галаву і гучна крыкнуў тры разы. Не прайшло і хвіліны, як з усіх бакоў: з балота, з лесу – пачалі злятацца жураўлі. Іх сабралася больш за дваццаць.
Сонца паднялося ўжо над лесам. У яркім святле промняў зіхацелі высокія хвоі.
Першы журавель выйшаў на сярэдзіну палянкі. Ён быў самы прыкметны. У яго была бялейшая шыя, а ў хвасце некалькі пер’яў, якія апускаліся амаль да зямлі. Ён выцягнуўся, абвёў поглядам усіх птушак і раптам, быццам на спружынах, падскочыў на цыбатых нагах.
Гэта было запрашэнне на танец. Жураўлі расступіліся, даючы месца танцорам. Самыя жвавыя і спрытныя выйшлі на сярэдзіну паляны. Яны ўзмахнулі крыламі, падскочылі і пачалі танцы. Скакалі ўпрысядкі, тупалі нагамі, выгіналі шыі, кланяліся адзін аднаму.
З кожнай хвілінай танцоры ўсё больш разыходзіліся. Да іх далучыліся іншыя жураўлі. Зусім нечакана, як па камандзе, танцоры пасталі, разабраўшыся парамі, дзюба ў дзюбу. Падняўшы шырока крылы і распушыўшы веерам хвасты, птушкі пачалі круціцца на пляцоўцы, нібы віхор. У першай пары ішоў знаёмы журавель з бялейшай шыяй. Ён так лёгка падскокваў, што, здавалася, не кранаўся зямлі.
Жураўлі ж, якія не танцавалі, стаялі навокал і радасна білі крыламі, быццам пляскалі ў ладкі.
Доўга танцавалі і весяліліся жураўлі. Здавалася, іх танцам і весялосці не будзе канца. Лепш за ўсіх танцаваў журавель-завадатар.
Калі сонца паднялося высока і стала добра прыпякаць, крылатыя танцоры і гледачы разляцеліся, каб заўтра зноў сустрэцца на гэтай пляцоўцы.
(474 словы)
Паводле Я. Зазекі.