Творчасць Янкі Золака

Янка Золак

  Выхад на Бацькаўшчыне сваёй паэтычнай кнігі "Вятрыска з радзімай краіны" (1996) Янка Золак вітаў словамі: "…Усё сваё жыцьцё я жыў з думкай аб Беларусі. Дзеля яе ахвяраваў нават асабістымі інтарэсамі. Каб ня родная мова, наўрад ці выжыў бы на чужыне. Яна мой адзіны сродак сувязі са знешнім сьветам. Ды й вершы я пісаў, каб несьці мову маю у сьвет, у людзі. Доўгі час марыў, каб вершы мае дайшлі да радзімы. Цяпер такое стала магчымым, і я шчасьлівы ад гэтага. Дасьць Бог і ў роднай мове застанецца й маё слова, мой сказ ці мой верш. Дзеля гэтага я жыў на сьвеце…" Дайшло да нас і застанецца ў гісторыі беларускай літаратуры нягучнае, але шчырае слова таленавітага "самотнага" паэта, які пісаў вершы для сябе, але яны былі патрыятычным гімнам далёкай Беларусі. Абставіны для іх аўтара склаліся так, што паэзія, забруіўшая ранняй вясновай ручаінай на радзіме, не стала справай усяго жыцця чалавека, няўмольным лёсам закінутага ў Амерыку, але падспудна і патаемна існавала, натхняла і радавала душу гэтага на выгляд стрыманага, маўклівага, заглыбленага ў сябе беларуса. А вершы ён пачаў складаць сапраўды вельмі рана, відаць, такая ўжо зямля Случчыны – "край паэтаў".
 Вершы даваеннай пары (іх было апублікавана каля дзесятка) былі своеасаблівай данінай часу, нічым не вылучаліся з агульнай падцэнзурнай плыні савецкай літаратуры.
 Ваенны перыяд творчасці Янкі Золака быў даволі плённым, ён напісаў больш за 80 вершаў, востранадзённых па тэматыцы, прасякнутых болем за радзіму, якая апынулася на мяжы супрацьстаяння дзвюх таталітарных сістэм. Іх асноўнай, вызначальнай ідэяй было: «Буду сеяць песні / / На крывіцкіх гонях, / / Хай пяюць аб долі Маці-Беларусі…» Паэт выказваў надзею, што яго песні будуць пачутыя, «зашумяць, як жыта буйное калоссем», загудуць «спевам-сугалоссем пра жыццё і дзеі дарагога краю…»
 Прызванне мастака ў цяжкія для радзімы часы – быць разам з гаротным народам, падзяляць яго пакуты, знаходзіць такія словы, каб яны неслі людзям веру, што край «нанова ўваскрэсне», сам будзе «долю сваю будаваць». Паэт напісаў нямала вершаў, у якіх ён шчыра выяўляе такі грамадзянскі ідэал, свой абавязак чалавека-творцы («Новай дарогай», «Калі часам у словах людзей», «Мае хаценні», «Прылятае з вясной», «Мне народ падарыў сваё сэрца» ды інш.). Аднак гэты ідэал і абавязак, супадаючы з агульным для беларускай і ўсёй савецкай паэзіі ваенных гадоў вызваленчым пафасам, больш канцэнтраваў у сабе нацыянальную ідэю, аснову якой закладалі многія пакаленні беларусаў, – поўная незалежнасць наогул ад усялякіх акупантаў. Такая праблема была для Беларусі надзвычай востра-надзённай і цяжкавырашальнай, але заўсёды жыла ў творах беларускіх пісьменнікаў.
 Калі для многіх савецкіх паэтаў ваенны час – гэта лёс карэспандэнтаў на перадавых пазіцыях жорсткіх баёў, варожыя акружэнні, раненні, шпіталі, франтавыя і партызанскія шляхі-дарогі, на якіх яны разам з народам, апранутым у салдацкія шынялі, здзяйснялі сапраўдныя подзвігі, адначасова выспельваючы ў памяці запаветныя радкі вершаў, часта самаахвярна гінулі з воклічам: «За Радзіму, за Сталіна», то для пісьменнікаў, якія апынуліся на акупаванай тэрыторыі і пазней сталі эмігрантамі, існаваў галоўны лозунг: «Жыла і жыве вольная Беларусь!» Гэта яскрава пацвярджае і творчасць Янкі Золака, які свядома, на ўзроўні свайго паэтычнага даравання працягваў нацыянальна-патрыятычную тэму, шырока разгорнутую ў творчасці Янкі Купалы. Нават многія вершы Золака маюць тыя ж назвы, што і Купалавы, блізкія ім тэматычна, ідэйна, сэнсава-змястоўна! Іх аўтар жыў па той бок фронту, дзе жыла ўся забраная ворагам Беларусь, ён бачыў і добра адчуваў тагачасную рэчаіснасць і разумеў, што пасля дыктатарскай улады, якая вынішчыла цвет нацыі (гэтая тэма закранаецца ў вершы «Тодару Лебядзе – адказ на сібірскія лісты»), не за Сталіна трэба паміраць беларусам і змагацца за яго вяртанне, а будаваць, адстойваць свабоду сваёй Бацькаўшчыны. Такое разуменне вызначыла ўвесь пафас творчасці паэта ваеннага перыяду.
 У вершы «Ворагам Беларушчыны», які пачынаецца амаль купалаўскім радком, паэт звяртаецца да ўсіх акупантаў, што прыходзілі на Беларусь («Чаго вам хочацца, сатрапы?»), і, выказваючы рашучы пратэст супраць іх памкнення знішчыць лепшых нашых змагароў, вучыўшых нас, «як жыць на свеце / / без крыўды, здзекаў і маны», сцвярджае, што не змогуць заваёўнікі «здушыць крывіцкі вольны дух».
 Аднак аўтар добра разумеў і другое – дзеля таго каб беларусы сталі на шлях змагання за ўласную волю, трэба ўмацоўваць, падвышаць іх нацыянальную свядомасць, трэба шмат працы, намаганняў, цярпення і веры, любові да свайго народа і краіны. Увесь гэты роздум, развагі, адчуванні, пачуцці паэт выказаў у многіх вершах, напісаных у форме заклікаў («Брату», «Свайму народу», «Далакопам», «Даволі», «Беларусу»), прысвячэнняў («Роднаму краю», «Краіне», «Радзіме», «Моладзі», «Маці»), зваротаў («Сонцу», «Размова з ветрам»). У вершы «Роднае слова» ён звяртаецца да сваёй ліры і песні, каб пакінулі сумаваць і журыцца, заклікае іскрыцца, спяваць «новай пагудкай» роднае матчына слова.
 Паэзія Золака ваеннага часу пашырыла свае лірычныя далягляды: ад верша публіцыстычна-завостранага, пафасна-заклікальнага – да запаветна-інтымнага, да пранікнення ў свет пачуццяў героя, які жыў з духоўна-напружанымі адчуваннямі. Ён нёс у сэрцы крыўду, смутак-боль за стан Бацькаўшчыны, гонар за яе гераічную гісторыю і выдатных сыноў, за старажытныя нацыянальныя сімвалы і адначасова захоўваў усе ўласцівыя звычайнаму чалавеку эмоцыі: радасць, трывогу, каханне, веру і надзею. Аднак адной з важнейшых тэмаў у творчасці паэта стала нацыянальна-вызвольная тэма. Выступленне за нацыянальнае адраджэнне ў такі цяжкі для радзімы час вайны і разбурэнняў было абумоўлена надзённымі праблемамі, якія паўсталі перад беларусамі, – паспрабаваць выкарыстаць гэтую экстрэмальную сітуацыю дзеля таго, каб здабыць палітычную свабоду. Сведчаннем высокай грамадзянскасці паэта з’яўляюцца заклікі да народа ў многіх вершах, якія востра-надзённа гучаць для беларусаў і сёння. Ён не прымае бясконцых песняў-жальбаў, нараканняў на цяжкасці і няволю («Даволі плакаць і журыцца, / / Сыны Крывіцкае зямлі, / / даволі слёзы крыўды ліць!»). І хоць сапраўды «ісьці цярністаю дарогай наканаваў нам жорсткі лёс», аднак настаў час змяніць кірунак, ісці напорным крокам да волі, жыць беларусу чалавечым жыццём. Аўтар заклікае братоў-суайчыннікаў не пужацца цяжкай працы, а ўпарта капаць яму для «нядолі-няволі і назаўсёды яе пахаваць!» З верша ў верш настойліва вар’юецца аўтарскае заклінанне: «Прачынайся, мой брат, прачынайся з адвечнага сну», «узнімайся, хто быў катаваны», «станавіся пад сцяг вызвалення», «а цяпер, хоць свет палае, ты шукай свой талісман», «свой голас магутны загучэць па-свабоднаму змусь, / / Па ўсім свеце няхай будзе чутны гучны кліч твой: «Жыве Беларусь!» Паэт звяртаецца да роднага краю, маці, моладзі, выказвае надзею, суцяшае, любуецца васільковымі прасторамі «мілай Маці-Краіны, любай сэрцу да слёз», запэўнівае, што не заўсёды будзе панаваць ліха, «пройдзе навала нягод». Гэтая ж вера гучыць і ў вершах «З Новым годам!», «Навагоднія думкі», «Да шчаслівых дзён», «Не здрадзім краю». Паэт моліць Сонца «прагнаць ночку цёмную, разагнаць-развеяць хмары-воблакі, асвяціць, сагрэць Землю-матухну, атуліць наш Край ласкай матчынай!» Лірычнага героя вершаў Золака, як і самога аўтара, засмучаюць, радуюць, натхняюць размовы з доляй, бярозай, зімой, зязюляй, ветрам.
 Дыялог паэта з вечным адбываецца, каб лепей зразумець надзённае, свой час і месца чалавека ў ім. Звароты да сіл прыроды, малітвы за родны край прысутнічаюць у творчасці амаль усіх беларускіх паэтаў. Золак моліць Бога даць сілу, долю і багаславенне роднаму Краю на шляху да вызвалення, які павінен быць пазначаны зорамі, асветлены сонцам. Традыцыйны вобраз Млечнага Шляху здаўна існуе ў літаратуры (вершы Я. Купалы «Млечны шлях», Пімена Панчанкі, А. Салаўя, У. Клішэвіча ды іншых з той жа назвай). Для Золака, які таксама не абыходзіў гэтыя традыцыйныя вобразы, Млечны шлях, «неба зорнае», якое паэт араў «срэбнымі плугамі», уяўляюць глыбіні народнага жыцця, дзе кожны чалавечы лёс – непаўторная зара-заранка. Як і ў Купалы, у Золака на гэтым шляху шмат зарніц-заранак, зорак-кветак, аднак не навейвае беларускім паэтам Млечны Шлях залатых сноў, не супакойвае, а кажа аб бясконцасці людскіх памкненняў да ідэальнага. Калі Я. Купала сцвярджае: «Я па Млечным тым Шляху без мукі // Чалавека да шчасця бы вёў…», а П. Панчанка журботны Млечны Шлях спалучае з жыццём, лёсам чалавека, на якога асыпаецца «трывожны, ціхі, зорны дождж», то Золаку здаецца, што на тым шляху вызвалення, на які ён кліча братоў-беларусаў, ужо заквітнелі «зоры-кветкі». Агульны настрой паэтаў – светлае, зорнае заўсёды звязана з штодзённым, рэальным. А рэальнасць для паэта, калі ён спускаўся з прастораў зорнага неба на зямлю, была ў 40-х гадах адна – вайна грымела на землях Бацькаўшчыны. Відаць, таму застаўся для яго «неўзараным, як агрэх той, Млечны Шлях», таму для паказу паднявольнага становішча радзімы ён не знаходзіў светлых фарбаў, бо змрочнай, цяжкай была рэчаіснасць. Толькі вечнае, мары пра будучыню маглі абнадзейваць, даваць перспектыву. У творах Золака якраз і заўважаецца захопленасць гарызонтамі светлай будучыні, вера, што яна абавязкова прыйдзе, народ стане вольным, шчаслівым – таму так усхвалявана гучаць вершы-заклікі паэта. Але ён рэальна бачыць і змрочнае сёння. Вайна ўспрымаецца як цяжкая, аднак часовая з’ява.
 Паэзія Золака ваеннага часу казала быццам пра агульнавядомае, пра аднолькава цяжкія перажыванні і пакуты людзей, але гэта была «паўтараемасць непаўторнага». Многія аўтары паказвалі ваеннае аблічча радзімы, у Золака яна паўстае засыпанай снегам, над ёй гуляюць завірухі, зямлю скавалі маразы, паўсюль пануе цёмная ноч. Паэт абыходзіць родныя прасторы, ідзе па шляхах Беларусі, каб разам з народам знайсці сваю долю («У пошуках долі», «Чорнай птушкаю ночка засне»).
 Радзіма бачыцца вялікім сялом «у тумане белым» («Уначы»), над ім спявае завіруха, «уладарка дарог і палёў», закалыхвае! «адбірае душы людзей» («Песня завірухі»), «смуткам і жахам вее сцюдзёная зіма» («Заклінанне зімы»), «ночка-гаспадыня атуліла стомлены абшар» («На сконе дня»), «поле залітае золлю» («Восень»), «нямытае неба, заспаныя хмары» («Ля рэчкі»), «неба шэрага нудныя далі» («Адплылі каласістыя дні»). У такіх эмацыйных водгуках на вайну, пазбаўленых плакатна-рытарычных адзнак, адчуваецца імкненне аўтара праз уласна-індывідуальнае ўспрыманне цяжкіх падзей вайны перадаць агульныя перажыванні людзей, што вымушаны жыць пад акупантамі. Натуральным было і выяўленне надзей, што згіне зіма, скончыцца ноч, людзі ўбачаць «Радзіму раскутай», настане «свята свабоды», «над роднай хатай засвеціць сонца».
 Усе гэтыя змрочныя і светлыя колеры вершаў Золака ваеннай пары ўдала спалучаюцца як з ладам адчуванняў і настрояў лірычнага героя, так і з жыццёвай канкрэтыкай. Асабістае «я» паэта станавілася неадлучным ад лёсу народа і Бацькаўшчыны, яе адвечным памкненнем да волі. Многія вершы вылучаюцца заглыбленасцю ў стыхію «спадчыннага», гістарычнага, удалым выкарыстаннем прыёмаў і сродкаў фальклорнай паэтыкі, што дапамагала аўтару свабодна выяўляць свой унутраны свет, перажыванні і светаўспрыманне лірычнага героя.
 Нацыянальна-вызвольная тэма, як і вайна, не магла быць адлюстравана паэтам ва ўсёй складанасці і шматграннасці на аснове нейкай адной стылявой плыні. У творчасці Золака можна адзначыць і публіцыстычны («заклікальны») пачатак, і струмень асабова-канкрэтнай лірыкі, аналітычна тонкі, абвострана-чуйны да ўнутранага жыцця героя, яго складаных і зменлівых душэўных настрояў. Стрыманая, разважлівая інтанацыя вершаў паэта ўспрымалася як споведзь чалавека, які існаваў у экстрэмальных сітуацыях вайны. Аўтар не мог, вядома, разгарнуць панараму баёў, франтавых перамог або няўдач, ён пісаў пра тое, што назіраў, адчуваў, бачыў, жывучы сярод мірных людзей, якім трэба было вытрымліваць неймаверныя выпрабаванні, апынуўшыся сярод двух агнёў. Ён разумеў, якія пакуты пераносіць жанчына – маці, салдатка, суцяшаў і абнадзейваў іх, пераконваў, што сын, муж вернуцца з вайны, «усміхнецца вам ласкава доля» (вершы «Маці», «Салдатка»). Цнатлівай, прывабнай паўстае жанчына, каханая ў нешматлікіх інтымных вершах. Сэрца чароўнай жанчыны «таямнічае, як сіні туман», «пагляд васілёчкавых воч», «сінь вазёрная вачэй» радуе душу. Каханая сагравае яго, як «сонца сагравае прастор залаты», тады забываецца, што на свеце ёсць боль, страты, вайна: «Я забуду аб долі самотнай, // Як адчую кахання цяпло». Каханне згадваецца як радасны ўспамін спатканняў з любай дзяўчынай, якой паэт гатоў падараваць «нізанку зорак». Вершы Золака пра каханне, напісаныя і ў традыцыйнай форме, і ў форме фальклорнай, як песні-плачы дзяўчыны («Дзяўчыне», «Мілы жыта сеяў», «Гнула, гнула вішаньку»), вылучаюцца шчырасцю пачуццяў, душэўнай цеплынёй, даверлівасцю тону, незвычайнай сціпласцю і тактоўнасцю ў выказванні пачуццяў («Не суцяшай», «Успамін», «Як зірну ў бяздонныя вочы», «Не пытай», «Ты прыйдзі, як засвецяцца зоры», «Не кажы мне, што сэрца астыла», «Ты параніла сэрца»).
 Наследаванне нацыянальным традыцыям выразна адчуваецца як у інтымнай, настраёвай, так і ў пейзажнай лірыцы Золака. Вядома, пісаць пра Беларусь эмацыйна, захапляцца прыгажосцю яе людзей, прыроды ў перадваеннай савецкай літаратуры лічылася адступленнем ад «прынцыпаў пралетарскага інтэрнацыяналізму». Золак, як і многія іншыя паэты, добра разумеў абмежанавасць гэтых установак і ў сваёй творчасці плённа працягваў купалаўскую традыцыю ў вырашэнні патрыятычнай тэмы. Я. Купала наогул быў для Золака, па ягоным уласным прызнанні, богам у літаратуры. Пейзажная лірыка Золака выявіла глыбока эмацыйнае паняцце Радзімы, мела вялікую духоўную перспектыву для будучай творчасці паэта. Прыгожыя малюнкі беларускіх краявідаў – белыя бярозы, лебядзіны пух зімы, спеў салаўя ў вясновым садзе ці жаўрука ў небе, жыта буйное калоссе і «васілёчкі – неба роднага скрылёчкі», срэбны смех ручая – усё гэта, дарагое аўтару і чытачу, паўстае ў пейзажных вершах «Да бярозы», «Жніўным вечарам», «Прылятае з вясной легкакрылай», «Жаўрук», «У садзе», «Вясенні дзень», «Вечар» ды інш.
 У ваенны час незвычайна абвастраліся нацыянальныя пачуцці людзей, бясконца дарагім і важным стала ўсё, што складала змест і сэнс паняцця Радзіма – народ і гісторыя, родная мова, вобраз маці, усе нацыянальныя, духоўна-маральныя багацці – традыцыі, звычаі, сямейны ўклад, паданні, легенды Бацькаўшчыны. Усё гэта паэт панясе з сабой у выгнанне. У 1944 годзе, прадчуваючы расстанне з радзімай, паэт напісаў два вызначальныя вершы: «Мой адказ» і «Матулі», у якіх сцвердзіў сваё паэтычнае і сыноўняе, чалавечае крэда. Верш «Мой адказ» уяўляе дыялог паэта з «добразычліўцамі-ілжэпрарокамі», якія прадракалі яму, калі прыдуць «нашы», турму, расстрэл, забыццё людзей («ты не заслужыш гучнай славы», не ўбачыш, «як спее шчасцем даль-прасцяг»…). Але для паэта важная не слава і не «страшная смерць», а галоўнае, каб народ зноў не трапіў «пад юдаў бот», не апынуўся пад новай акупацыяй. У вершы «Матулі» – гэтым своеасаблівым развітальным слове-клятве паэт, пакідаючы Бацькаўшчыну, просіць у Маці-радзімы багаславення на змаганне за яе незалежнасць, «лепшую долю».
 Перыяд знаходжання ў Нямеччыне (1944-1951) быў даволі плённым для паэта: ён напісаў столькі ж вершаў, як і ў ваенныя гады на Бацькаўшчыне (больш за 80). Да ранейшай праблематыкі дадаліся настальгічныя матывы, адчуванні выгнанца з яго бяздомнасцю, адзінотай, бясконцымі думкамі, успамінамі пра родных, блізкіх людзей («Сум па радзіме»).
 Амаль у кожнага пісьменніка-эмігранта ёсць вершы на адну і тую ж настальгічную тэму. Яны маюць нават аднолькавыя назвы, як у Н. Арсенневай, А. Салаўя, У. Дудзіцкага, так і ў Я. Золака: «Малітва», «Званы Святой Сафіі», «Неадасланыя лісты», «Хрыстос васкрос», «Дваццаць пяты дзень Сакавіка», вершы-ўспаміны пра далёкі дом («Бацькаўшчыне», «Сум па радзіме», «Сустрэча»), маці («Ода маці» ды інш.). Вершаваныя творы розных паэтаў пачатковага перыяду эміграцыі мелі шмат агульнага таксама ў характары адчуванняў і думак, у жанрава-стылёвых адзнаках. Натуральным было выказванне аднолькава-ўсхваляваных, глыбокіх пачуццяў, прызнанняў у бязмежнай любові да пакінутай радзімы. Паэзія эмігрантаў мела шмат падобнага, але не аднастайнага. У кожнага аўтара быў свой накірунак эмоцый, характар вобразнасці, свая паэтычная мова, што ні ў якім разе не зніжала іх мастацкай вартасці. Наадварот, сцвярджала сапраўдныя пачуцці любові і прыхільнасці да роднага кутка зямлі. Шматкроць паўтораныя, яны, аднак, кожны раз успрымаліся чытачом з новай вялікай сілай суперажывання і спагады кожнаму пісьменніцкаму лёсу. Золак ніколі перад людзьмі не выстаўляў напаказ свае перажыванні, аднак адкрываў душу ў вершах. Яго простыя, не гучныя словы казалі пра шчырасць і чысціню пачуццяў да Бацькаўшчыны, да маці і каханай жанчыны («І я пішу. Няхай не гладка, // А так, як хочу і ўмею, / / Бо для сябе, а не для кніжак…»). Паэт, выказваючы разнастайныя пачуцці лірычнага героя, у многіх вершах імкнецца данесці да родных, да Бацькаўшчыны цяжар становішча выгнанца, ягоныя сны, мары, спадзяванні на сустрэчу («Неадасланы ліст»).
 У чужой старане паэту ў перазвоне царкоўных званоў чуецца мілая сэрцу мелодыя Полацкай Сафіі, якая нясе надзею, як і васілёк на палявых дарогах, што самотна пытаецца: «А ці ж вернемся ў Край свой назад?» Сэрца паэта «згарае для роднага Краю», «імкне на Радзіму» («Над роднай Краінай / / Вітае няспынна / / Крылатае сэрца маё…»). Эмацыйная настраёвасць творчасці Золака эмігранцкага перыяду выяўлялася не ў пафасна-публіцыстычным накірунку, а ў лірычна-пранікнёным, асабіста-камерным плане. Аўтарскае «я» цесна судачынялася з індывідуальна-непаўторным вобразам лірычнага героя. Непасрэднасць, інтымнасць, метафарычная вобразнасць спрыялі раскрыццю глыбінных зрухаў душы героя і самога паэта, які паставіў за мэту ў сваіх вершах славіць родны край, несці ў свет «роднай мовы чароўныя гукі». Паэт згадваў гераічныя моманты беларускай гісторыі – ад паўстання Кастуся Каліноўскага, які «люду свайму і Радзіме / / здабыць хацеў шчасця пару» (верш «1863») да слаўнага 25 Сакавіка, калі рака народнага гневу разарвала путы няволі («Дваццаць пяты дзень Сакавіка»), і да Слуцкага антыбальшавіцкага паўстання («На прасторах Случчыны», «Каля рэчкі Лані»). У вершы «На прасторах Случчыны» трагічныя дні Слуцкага паўстання раскрываюцца аўтарам праз вызначальна-асабістыя эмоцыі, апісанні смелай кагорты случакоў, якія, працягваючы справу К. Каліноўскага, сталі пад бел-чырвона-белы сцяг «край свой бараніць». Фальклорная форма верша «Каля рэчкі Лані», плачы-звароты маладой случанкі да сіл прыроды – да сонца, ветру, восені, маці-зямліцы, рэчкі Лані – сцвярджаюць незгасальную народную памяць пра змагароў за волю.
 Раскрываючы на прасторы народнай свядомасці адну са сваіх асноўных тэмаў – тэму нацыянальнага вызвалення і звязаныя з ёю вехі беларускай гісторыі, паэт вядзе дыялог з мінулымі і будучымі пакаленнямі, выступаючы носьбітам праўды і веры. Гэтая вера выказваецца ў многіх вершах, дзе часта хоць і чуюцца «скаргі душы», аднак сам аўтар не стамляецца паўтараць: «Мне заўсёды будуць падабацца / / Песні веры, радасці й надзей…»
 У творах другой паловы 40-х гадоў, напісаных у Нямеччыне («Спадзяванні і мары», «Да волі», «Хрыстос васкрос» ды інш.), Золак выказвае непахісную веру: «Як Божы Сын – Ісус Хрыстос, / / І ты ўваскрэснеш, Краю…» Такія спадзяванні і мары былі неабходныя, каб выжыць на чужыне, захаваць гонар і годнасць беларуса. І вядома ж, Золак, як і іншыя паэты-эмігранты, звяртаецца да Бога з малітвамі за Беларусь («Бога прашу я», «Божа Усяўладны», пакладзеныя на музыку беларускім кампазітарам М. Равенскім).
 Гэтыя вершы-малітвы папярэднічалі непасрэднаму звароту Золака да тэкстаў Бібліі. Наогул звароты да Бога, Святога Пісьма, распрацоўка ці паэтычны пераклад біблейскіх сюжэтаў – адна з характэрных, агульназначных тэмаў літаратуры беларускага замежжа. Калі паэма У. Дудзіцкага «Зьвер двухногі» заснаваная на адным з адкрыццяў (Апакаліпсісе) Святога апостала Яна Багаслова, Рыгор Крушына стварыў выдатны паэтычны пераклад «Песні Песняў Саламона», то Золак звярнуўся да Псалтыра, зрабіў «вольны пераспеў» псальмаў, якія друкаваліся першапачаткова ў часопісах «Божым шляхам» і «Шыпшына».
 Са 150 псальмаў паэт выбраў тыя (119-133 Псальмы), што найбольш адпавядалі яго душэўнаму стану, бо яны – заклік да міласэрнасці Божай, песні надзеяў на Бога, малітвы пра збавенне. Паэт у гэтых духоўных вершах-пераспевах моліць Бога даць яму сілы, умацаваць веру ў тое, што яго народ стане шчаслівым, а Край – вольным.
 Захапляла Золака і паэзія індывідуальнага перажывання, лірыка інтымнай настраёвасці, закаханасці. Паэт напісаў нямала вершаў пра каханне, але мелі яны адмыслова адрасны характар у адрозненне ад інтымнай лірыкі ранняга перыяду.
 Увесну 1946 года адбылося знаёмства Золака з Лідзіяй Каліноўскай, маладой жанчынай, таленавітай мастачкай (скончыла Варшаўскую акадэмію мастацтва), якая пасля расстрэлу партызанамі мужа ў 1942 годзе, што служыў святаром у вёсцы Валеўка (блізу Свіцязі), вымушана была таксама разам з трыма малымі дзецьмі пайсці ў выгнанне. Як перарастала знаёмства ў духоўную лучнасць, шчырую прыхільнасць – усё гэта адлюстравана ў вершах Янкі Золака, прысвечаных каханай жанчыне («Ваша прыязьнь ка мне, чалавечнасць / / Закранулі глыбока душу…» «Вы прасілі»). Тут якраз той выпадак, калі нават па датах, прастаўленых пад вершамі, можна прасачыць нараджэнне светлага пачуцця, якое назаўсёды звязала лёс гэтых духоўна прыгожых людзей.
 Інтымная лірыка Золака ўражвае стрыманасцю Слова, далікатнасцю, цнатлівасцю перадачы пачуццяў, за якімі адчуваецца сапраўднае глыбокае каханне. Не адзін верш і акраверш падарыў пазней паэт сваёй Беатрычэ, Мадонне, з абавязковым прысвячэннем («Люблю я», «Васількі», «Тры гады» ды многія іншыя), гэтым абессмяроціўшы імя каханай жанчыны.
 На вялікі жаль, нядоўга цягнулася сямейнае шчасце: Лідзія Каліноўская памерла ў 1963 годзе, ужо калі сям’я Даніловічаў жыла ў Амерыцы. Засталіся яе дзеці, якім Золак быў клапатлівым бацькам і якім таксама прысвячаў вершы, засталося роднае беларускае слова – адзіная падтрымка ў жыцці самотнага паэта.
 У гэтай адзіноце, на чужыне, Янку Золака сапраўды выратоўвалі вершы, у якія ён укладваў душу, спадзяванні і мары. У моманты, калі да паэта вярталася натхненне, ён пісаў філасофскія вершы, напоўненыя роздумам над праблемамі быцця, лёсам Бацькаўшчыны, уласным жыццём («Дарога», «Жыццё – вар’яцтва», «Цяжка сёння», «Чорны морак», «Бацькаўшчыне», «Новым ворагам беларушчыны», «Сумежнікам», «Да волі», «У дзень нарадзінаў», «Вобмацкам»). У аўтабіяграфічнай паэме «Мінаючы прыстань» (1947) Золак, быццам абагульняючы сказанае ў гэтых вершах, асэнсоўвае ў шасці невялікіх раздзелах лёс выгнанца, усе мары, сны, думкі якога толькі аб радзіме. У творы ўзнікаюць матывы бясконцай дарогі, бессэнсоўнага жыцця, бо на чужыне, якая «не галубіць, не песціць», няма прыпынкаў, і дзе б выгнанец ні знайшоў сабе прыстань – усё адно гэта будзе не дом, бо разбіта душа, спачын якой толькі на родных палетках. Мноства падобных думак занатавана аўтарам у афарыстычных чатырохрадкоўях, напісаных у такі складаны перыяд душэўнага болю і надлому («Б’ецца, трапечацца бедная рыбка, / / Трапіўшы ў сець рыбака. / / Гэтак жа б’ешся і ты, чалавеча, / / Злоўлены ў нерат жыцця…»). Глыбокім сумам па радзіме перапоўненыя вершы Золака першых гадоў выгнання, калі сапраўды адчувалася нейкая часовасць, тужлівая непрадказальнасць жыцця, побытавага і душэўнага. Аднак паэт, аптыміст па натуры, не ўпадаў у роспач, знаходзіў сілы пераадольваць беды і няўдачы, спадзяваўся на Бога, верыў у лёс, пра што гаварылі яго афарызмы:

 

Калі суворы лёс табе дасьць аплявуху,
Суцеш сябе, што быць магло б і горш,
Пакуль жывеш, ня траць надзеі, веры,
Што прыйдзе да цябе прамудрасьць і любоў.
(Калі суворы лёс)

Ляцяць гады, як спуджаныя коні…
Юнацтва час хаваецца ў туман…
Дары жыцьцю, што можаш даць, сягоньня;
Адкінь спадзевы – заўтрашняга зман!
(Ляцяць гады)

 Для індывідуальна-творчай манеры Золака характэрная не толькі лірычная плынь, але і гумарыстычныя адценні. Ён пісаў байкі («Лыска», «Два казлы», «Зязюля і певень»), эпіграмы (на сяброў-пісьменнікаў Л. Случаніна, Ю. Віцьбіча, С. Хмару, Мізася Кавыля, А. Змагара, У. Дудзіцкага, Я. Юхнаўца, на самога сябе), эпітафіі, акравершы. Спрабаваў сілы ў класічных формах верша, складаў трыялеты («Чорны смутак», «Юнацкія годы», «Мой дух», «Папацёмку»), рандэлі, танкі, газэлі («Цвет вішні», «Газэла», «Танкі»). Перакладаў на беларускую мову вершы А. Пушкіна («Вязень», «Пташка»), Тараса Шаўчэнкі («На чужыне», «Запавет»), Лесі Украінкі («Надзея»), раздзелы з агульнаславянскага помніка «Слова пра паход Ігаравы» («Плач Яраслаўны»).
 З часам пашыраецца жанравы дыяпазон творчасці пісьменніка. Ён спрабуе свае сілы ў прозе. Ужо ў 1958 г. ва ўласным выдавецтве «Адгук» Золак надрукаваў кнігу празаічных гумарэсак «За чужы грэх» (новыя гумарэскі публікаваліся ў раздзеле «Асот» часопіса «Беларуская думка», газеце «Беларус» 70-80-х гг.), хоць раней, яшчэ ў Нямеччыне, часопіс «Шыпшына» (1946) змясціў яго апавяданне «Бывай, незваротная!». Гэты празаічны абразок папярэднічаў невялікай аповесці «Т.Д.Ч.», апублікаванай у часопісе «Напагатове», паводле вызначэння самога Я. Золака, «нешта накшталт аповесці А. Гайдара «Цімур і яго каманда». Для дзяцей таксама напісаў казку «Бабок».
 У 80-х гадах Янка Золак піша значныя празаічныя творы – фантастычную аповесць «Віталія» (Віталія – зямля, якая знаходзіцца ў чацвёртым вымярэнні, па-за абсягамі нашых ведаў. Туды трапляе зямлянін і ўпершыню пазнае жыццё, звычаі дзіўных віталійцаў – людзей зусім іншай, вышэйшай цывілізацыі), апавяданне «Пацук у пастцы» і аповесць «Ціхі Стаў», якія друкаваліся ў «Беларускай думцы» (1987-1992). Сюжэтна гэтыя творы звязаныя пасляваеннымі падзеямі ў Заходняй Беларусі, дзе актыўна дзейнічае падпольная «нацдэмаўская» арганізацыя «Чорныя Каты», за якой палююць супрацоўнікі савецкіх органаў бяспекі.
 Ціхі Стаў – назва вёскі на Гродзеншчыне, блізу літоўскай мяжы, куды прыязджае настаўнічаць камсамолка Зося (Соф’я Пятроўна, бацькі якой жывуць на Случчыне).
 Падзеі аповесці «Ціхі Стаў» набываюць дэтэктыўны накірунак, аўтар выкарыстоўвае прыём ліставання дзеля апісання ўражанняў галоўнай гераіні ад вёскі, школы, вясковых людзей. Завязваецца цікавая, інтрыгуючая фабула, уводзіцца шырокае кола дзейных асобаў, характарыстыка якіх вызначаецца іх стаўленнем да «нацдэмаў» і той барацьбы, якая распачынаецца паміж дзвюма непрымірымымі сіламі.
 Пісаў Янка Золак успаміны («Мая сустрэча з Якубам Коласам у 30-я гады», апублікаваныя ў газеце «Беларус» у 1982 г.), крытычныя артыкулы пра творчасць Масея Сяднёва, Міхася Кавыля, Уладзіміра Клішэвіча, цікавае даследаванне «На 500-годдзе з дня нараджэння Міколы Гусоўскага», якія друкаваліся ў часопісе «Беларуская думка».
 Аднак, што б ні пісаў, чым бы ні займаўся Янка Золак, у ім найперш жыў паэт і паэтычная творчасць была галоўным прызваннем яго жыцця. За паўстагоддзе актыўнага грамадскага і творчага жыцця ў Амерыцы, якая дала матэрыяльны дабрабыт, паэт напісаў шмат вершаў, якія можна аб’яднаць у некалькі адпаведных цыклаў па тэматычна-філасофскім накірунку: духоўнае жыццё паэта і атмасфера, якая яго атачала, роздум над пражытым і перажытым (50-60-я гады), гісторыя, родная мова, Бацькаўшчына (70-80-я гады), асэнсаванне таго, што ўбачыў на Беларусі пасля прыезду на радзіму праз паўвека (90-я гады).
 Паступова сціхаў цяжкі сум па Бацькаўшчыне, хоць вылечыцца зусім ад яго было немагчыма. Паэт добра ўсведамляў сваё становішча («Нарадзіўся я, мабыць, не ў пору, / / Таму й мучыцца ў целе душа. / / На радзіме – нявольнік чужынца, // На чужыне – нявольнік граша…»), разумеў, што вяртання назад няма. У многіх вершах, хоць і чуваць адгалоскі настальгічных, нават роспачных матываў («Мне часам здаецца: не дам сабе рады…», «І хочацца выць, скавытаць тады з болю, / / І хочацца свечку жьшця патушыць…»), аднак асноўная іх танальнасць – у прымірэнні з лёсам, становішчам выгнанніка («І ў душы самотнай, набалелай / / Хвалі ціхай злагады плылі…»).
 На хвалі гэтай «ціхай злагады» напісаны вершы «Мая вялікасць», «Не суджана мне знаць», «Гадаваў, спяліў я спадзяванні-мары», «Просьба», «Ляцяць гады», «Што было ўчора», «Доля бязчубая» ды іншыя, дзе аўтар раскрывае сваё светаўспрыманне, а таксама вызначаецца ў часе і прасторы чужой краіны, у стаўленні да сваіх землякоў, разам з якімі падзяляў лёс эмігранта. Вершу «Мая вялікасць» папярэднічае эпіграф з М. Сяднёва «Я сам сабе адзін вялікі». Золак, сцвярджаючы сваё «я» («Не быў для іншых я вялікім / / І быць вялікім не хачу…»), тым не менш выяўляе тыя агульнахрысціянскія, агульна-чалавечыя рысы «вялікасці», якія адпавядалі яго ўласным уяўленням пра гонар і годнасць мастака-творцы. Гэта своеасаблівы кодэкс сумлення і паводзінаў, якімі павінны кіравацца кожны чалавек: быць адданым радзіме, быць самім сабой, не скакаць пад чужую дудку, не слухаць абразы і звягі, шукаць сярод людзей чалавека, найперш бачыць у ім добрае, боскае. Такога чалавека паэт бачыць у вобразе Маці («Ода Маці» – маме Ганне) і прысвячае ёй, жанчыне-Маці, узнёслыя, прачулыя радкі.
 З гадамі паэт, узбагачаны жыццёвым і творчым вопытам, мог з поўным правам сказаць пра сябе – чалавека і мастака: «Мой дух, узьвіўшыся ў прасторы, / / Да сонца, зораў і планет, / / Глядзіць з вышынь на Божы свет…» А свет і чалавек у ім, «каваль жыцця і дойлід гора», паўстаюць у рэальных абставінах мінулага, сённяшняга і будучага. Для паэта ўсе гэтыя часавыя вымярэнні пазначаны пуцявінамі ўласнага лёсу, непарыўна звязанага з лёсам Бацькаўшчыны. А што гэта так – сведчыць муза паэта. Натхненне яе толькі з роднай мовай і Бацькаўшчынай («Вятрыска з радзімай Краіны»).
  Як і многія іншыя паэты, Янка Золак не мог натхняцца сваёй новай радзімай, ніякіх рэалій амерыканскага жыцця не сустракаецца ў яго творчасці, хіба толькі словы ўдзячнасці ў чатырохрадковым вершы «У чужыне» (амаль паводле М. Багдановіча):

 

У чужой краіне я лёгка дышу,
Жыву спакойна, нібы ў зацішшу.
Я ганаруся: у сваёй спіжарні
Я кнігі маю з мае друкарні.
(У чужыне)

 Нічога Золак не пісаў па-англійску, услаўляў родную мову, знаходзячы прыгожыя паэтычныя тропы дзеля апісання яе красы і мілагучнасці («Наша мова»).
 Такія ж прыгожыя словы знаходзіў паэт і дзеля ўслаўлення Бацькаўшчыны, якую не бачыў амаль паўвека. У вершах «Мая Беларусь», «Белая, светлая, чыстая», «Даўно не бачыўся з табою», «Голас народнага гневу» раскрываюцца высокія сыноўнія пачуцці любові і павагі да радзімы, яе гісторыі, славутых герояў, дарагіх, блізкіх людзей, «братоў і сёстраў сінявокіх», зноў і зноў выказваецца вера ў лепшую долю, уваскрэсенне краю, у тое, што «ён жыў, і жыве, й будзе жыць!»
 На пачатку 90-х гадоў, калі ў сувязі з распадам савецкай імперыі ўзніклі спадзяванні адведаць Бацькаўшчыну, калі «паслабелі ланцугі», у прадчуванні сустрэчы Янка Золак напісаў вершы «Родным», «На чужыне» («Тут доля мая дагарае, / / І сэрца не мае спачыну. // Ці ўбачу цябе, дарагая, // Каханая змалку Айчына?»), «Прачнулася мая радзіма», «Я ў госці прыехаў да роднага Краю».
 Усе гэтыя гады ён жыў нашымі праблемамі. Пабываўшы на Бацькаўшчыне, ён многае зразумеў, на многія праблемы паглядзеў іначай, чым яны бачыліся яму з-за акіянскага далёка. У вершах «Кляшчы», «Новым ворагам беларушчыны», «У грудзях – пачуццяў бура» паэт звяртаецца і да народа, і да тых, хто служыць Мамоне, выношвае планы зусім знішчыць Беларусь. Ён выказвае засцярогі, трывогу – няўжо не суджана лёсам утрымаць незалежнасць, бо зноў «прыйшлі к нам хваляй зваротнай чужакі», зноў зневажаюць імя Беларусі.
 У творчасці Золака, пазначанай выразным антыбальшавіцкім накірункам, знайшлі сваё адлюстраванне і палітычныя лозунгі сучаснай яму эпохі, і заклікі да беларуса змагацца за сваё чалавечае права, абвешчанае яшчэ Каліноўскім, і грамадзянска-патрыятычная лірыка, нацыянальна-вызвольныя ідэі, і фальклорныя матывы. Так вызначалася неабсяжная прастора беларушчыны, якая заўсёды жыла ў душы паэта-эмігранта: Бацькаўшчына, яе гісторыя, мова, народ, час, сам паэт, яго багатае духоўнае жыццё. І ў далёкім, уладкаваным амерыканскім доме беларускаму паэту заставалася адно – маліцца за лёс Бацькаўшчыны і за сваю веру ў яе, каб «ручайкі залатых лятуценняў» не «перасохлі ад сьпёкі жыцця».

 

Крыніца: Пакліканыя: Літаратура беларускага замежжа / Савік Л. С. – Мінск: Тэхналогія. – 2001. – 479 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений