У час вайны ляснік Гацута быў правадніком і разведчыкам у партызанскім атрадзе. Аднойчы, прабіраючыся па пушчы ў далёкую вёску, ён натрапіў на фашысцкую засаду. Ратуючыся ад ворагаў, Гацута кінуўся ў пушчу і знік сярод заснежанага гушчару.
Дзень быў на сыходзе, і цяжка было арыентавацца ў лясной гушчэчы. Паранены і знясілены, ён паваліўся на гурбу снегу. З трывогай адчуў, што снег пад ім асядае, што ён правальваецца пад зямлю, і страціў прытомнасць.
Ачуняў Гацута ў цемры. Ён ляжаў пад зямлёй, на сухой траве і лісці. Востры звярыны пах ударыў яму ў нос. Маланкай мільганула здагадка ў свядомасці: «Бярлога! Гэта ж я ў мядзведжае логава ўваліўся!» Пасля сну сілы вярнуліся. Ён асцярожна мацаў вакол сябе, шукаючы выхад. Рука намацала тоўстае карэнне старога дрэва. Ляснік сабраўся з сіламі, абапёрся нагой на вузлаваты корань і вылез з бярлогі. Пад вечар ён быў у сваім атрадзе.
(143 словы)
Паводле А. Вольскага.