Цяжка знайсці чалавека ў Запаляр’і, які б не ведаў, што першым здзейсніў паветраны таран у небе лётчык Павел Кайкоў. Было гэта 29 лістапада 1941 года. Аднак архіўныя дакументы Міністэрства абароны сведчаць, што лейтэнант Місякоў Іван Цітавіч, ураджэнец вёскі Рудня Гомельскай вобласці, выключаны са спісаў афіцэрскага саставу па прычыне гібелі пры таране самалёта праціўніка. 27 чэрвеня 1941 года лётчык адбіваў налёт фашысцкіх самалётаў у раёне Мурманска. Такім чынам, першым таран у небе Запаляр’я здзейсніў лейтэнант Іван Місякоў.
У вёсцы Рудня, што на Гомельшчыне, Місяковых ведалі як працавітых людзей, заўсёды гатовых дапамагчы любому, падзяліцца ўсім, што ёсць. Тут, у вёсцы, упершыню ўбачыў Іван самалёт. А потым ён сніўся хлопцу амаль кожную ноч. Але наперадзе было яшчэ шмат гадоў да таго дня, калі Місякоў упершыню выруліць машыну на старт і пачуе дазвол на ўзлёт. I яшчэ больш было часу да апошняга рашэння – ісці на таран.
Пасля заканчэння вучобы працаваў Іван Місякоў слесарам на вагонарамонтным заводзе. Гэта быў час, калі здзяйсняў свае неверагодныя палёты пілот веку Валерый Чкалаў, калі ў нашай краіне хутка развівалася авіяцыя. Жаданне лятаць, рамантыка неба захапіла і Івана Місякова. Працуючы на заводзе, ён, як і многія яго аднагодкі, пайшоў вучыцца ў аэраклуб.
Па ўспамінах сястры героя вайны, Іван два гады працаваў на заводзе, стамляўся вельмі, але вучыўся ў аэраклубе. I ні разу не з’явілася ў яго нават думкі кінуць гэту справу. Тое, што ён стаў лётчыкам, сястра лічыць зусім натуральным, бо Іван, па-першае, добра вучыўся, па-другое, палымяна любіў самалёты.
У снежні 1937 года Іван Місякоў быў залічаны курсантам лётнай школы імя яго куміра – Валерыя Чкалава. Праз год ён скончыў школу і прыбыў малодшым лётчыкам у авіяцыйны полк. Ужо ў 1940 годзе быў узнагароджаны за ўзорнае выкананне баявых заданняў ордэнам Чырвонай Зоркі.
У сакавіку 1941 года Місякоў едзе ў Маскву атрымліваць баявую ўзнагароду, адтуль пашчасціла заехаць на адзін дзень дадому. Гэты дзень быў святам для яго маці, Алены Іванаўны. Іван смяяўся, жартаваў, абдымаў маці, радаваўся сустрэчы са старэйшым братам Мікалаем. Аказалася, што і Мікалай ваяваў там жа, дзе Іван, толькі на зямлі.
Гэта была апошняя сустрэча маці з сынам.
Хутка настаў чэрвень 1941 года. На Кольскім паўвостраве стаяў палярны дзень. Ні на хвіліну не заходзіла за гарызонт сонца. Круглыя суткі ішлі баі на зямлі і ў паветры. 27 чэрвеня, на пяты дзень вайны, лейтэнант Іван Місякоў прыняў свой апошні бой, адбіваючы налёт праціўніка ў небе пад Мурманскам.
Сведка таго бою расказвае: «Гляджу: нямецкі знішчальнік. Было добра відаць, як наш самалёт ішоў на таран. Зрэзаў хваставое апярэнне фашысту. Той – у зямлю, толькі дым пайшоў. А наш бярэ ўправа, каб дацягнуць да аэрадрома. За сопкамі дрэнна было відаць, як ён там садзіўся. Але пасля казалі, што не дацягнуў ён зусім мала да паласы. Разбіўся…»
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за ўзорнае выкананне баявых заданняў і праяўленыя пры гэтым доблесць і гераізм лейтэнант Місякоў узнагароджаны пасмяротна ордэнам Леніна.
Пахаваны лётчык на брацкіх могілках за пятнаццаць кіламетраў ад Мурманска. Адна з вуліц таго пасёлка носіць імя Івана Місякова.
(486 слоў)
Паводле Ю. Аляксандрава.