Удзячная ласіха і дзіўнае ласяня

Пераказы і дыктанты

  Асабліва шмат ласёў водзіцца на Палессі. Бяскрайнія лясы, балоты, куды рэдка ступае нага чалавека, былі сапраўдным раздоллем для гэтых жывёл. Яны любяць і густыя лясы, забалочаныя ўчасткі, парослыя сасной і вербалозам. Восенню лася можна сустрэць у ціхім бярэзніку ці асінніку.
 У той год на Палессі летам і восенню ішлі доўгія і буйныя дажджы. Разгулялася паводка, асабліва ў Пінскім раёне, дзе многа рэк, у тым ліку і самая буйная – Прыпяць. Вада шырока разлілася па пойме, і невялікія ўзгоркі ператварыліся ў астраўкі. На жаль, не ўсе жывёлы своечасова адчулі небяспеку, некаторыя засталіся на гэтых хілых узгорачках, дзе нават і схавацца няма дзе. Вада не спадала.
 Аднойчы даяркі ўбачылі, як па рацэ плылі два звяры, адзін з іх усё больш і больш адставаў. Праз нейкі час першы выбраўся на бераг. «Ласіха, – вызначылі даяркі, – бо без рагоў. А малое – ласяня».
 Ласіха атрэслася ад вады і стаяла на беразе. Была яна вельмі вялікай, з цёмна-бурай поўсцю на спіне, шэрай па баках. Паводзіла ласіха сябе вельмі неспакойна: у рацэ ж спрабавала выплысці яе дзіцяня. Ласяня, было відаць, зусім выбілася з сіл. Хоць тут не вельмі і глыбока, але было ясна, што да берага яно не даплыве.
 I тады загадчыца фермы цётка Ева першай рашуча ўвайшла ў ваду, а за ёй яшчэ тры даяркі. Жанчыны падабраліся да ласяняці, паднялі яго галаву над вадой і агульнымі намаганнямі штурхалі наперад. Ласяня не супраціўлялася: відаць, разумела, што гэтыя добрыя людзі яму дапамагаюць.
 Амаль на руках вынеслі жанчыны беднае ласяня на бераг. На нагах яно ледзь трымалася, усё аж калацілася ад холаду: ведама ж, позняя восень, вада ледзь не ледзяная. Ласяняці было месяцаў пяць. На яго левай пярэдняй назе крывавіла глыбокая рваная рана. Таму даяркі, паклікаўшы на дапамогу стоража дзеда Антона, неяк дацягнулі ласяня да фермы, што стаяла непадалёку ад ракі. Ласіха ж спакойна назірала за тым, што адбывалася, і калі пераканалася, што яе дзіцяці не пагражае небяспека, павольна пайшла да бліжэйшых лесапасадак.
 Даяркі, вядома ж, даглядалі ласяня, але ў іх і сваёй працы хапала. Таму хутка яго забраў на канюшню дзед Антон. Абсталяваў ён там ласяняці ўтульны закуток, і жыў той, як гаворыцца, і гора не ведаў. Дзед два разы на дзень прыносіў яму з фермы сырадой, лячыў рознымі травамі рану, перавязваючы яе чысты| мі мяккімі анучамі. Паступова ласяня ажывала. А ласіха часта | выходзіла на край лесапасадкі і ўсё глядзела ў бок канюшні, чуючы, што там яе малое. Аднойчы яна нават выбралася з лясочка, падышла да самага будынка, насцярожана прыглядваючыся і прыслухоўваючыся да ўсяго.
 А ласяня дужэла, набіралася сіл, рана яго паціху зажывала. Аднойчы дзед Антон, наліўшы, як звычайна, у ванначку малака, адлучыўся паглядзець на каня, але забыўся паставіць на | месца верхнюю жэрдку загарадкі. Глянуў назад – на яго грозна і наступае ласяня. Дзед у куток, а ласяня за ім. Яго від і яўныя намеры нічога добрага не абяцалі. Добра, што ў гэты час выйшлі з кароўніка дзве даяркі і адбаранілі дзеда. А ласяня, пачуўшы волю, ірванула на прастор, дзе каля лесасекі яго чакала ласіха. Абое, маці з дзіцем, накіраваліся ў бок лесу. Ласіха ішла не спяшаючыся, некалькі разоў азірнулася назад, паглядзела на канюшню, каля якой стаяў дзед Антон і даяркі. Быццам дзякавала за выратаванне яе дзіцяці.
 Дзед Антон вельмі любіў успамінаць гэту гісторыю, ахвотна расказваў яе гасцям і звычайна гаварыў, што вось як атрымалася, ласіха-то аказалася ўдзячнай, а ласяня зусім несвядомае, дзіўнае нейкае, бо за дабрыню ледзь не затаптала.
(552 словы)

Паводле М. Шыманскага.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений