Індыйская казка
1
На беразе ракі індыйскай, Джамны,
жылі даўней прыгожыя тры дамы.
У кожнай муж быў, так сказаць, вяльможа,
затым пра хлеб іх клопат не трывожыў.
Не мелі клопату і пра уборы,
ім не хапала толькі з неба зораў.
Ніхто не прымушаў іх турбавацца
наконт якой бы ні было там працы.
Паспаўшы ўдосыць і на мяккім ложку,
яны і пачыналі дзень патрошку.
Спачатку падавалі ім сняданне,
пасля былі з суседкамі спатканні.
Яшчэ пасля — ішлі яны на Джамну,
вось гэтыя прыгожыя тры дамы.
2
З усмешкай на сваіх цудоўных тварах
яны з сябе свае здымалі сары.
Пасля залазілі ў ваду па пояс,
а над вадой імклівіў звонкі голас.
Як пырскі, узлятаў іх смех вясёлы,
каб хто увагі больш звярнуў на голых.
Яны сябе лічылі цудам свету,
і ўсе былі павінны ведаць гэта.
Гармідар той прыгожы і прыемны
даходзіў нават і да шахт падземных,
дзе людзі голыя крышылі камень
сваімі збітымі у кроў рукамі,
каб збудаваць цяжкой падземнай працай
надземным дамам добрыя палацы…
3
На беразе ракі індыйскай, Джамны,
не сумавалі гэтыя тры дамы.
Пра тое-сёе крыху размаўлялі,
а гутаркі і час плылі на хвалях.
Але дайшлі да рук сваіх урэшце.
Тут згода кончылася, хоць іх рэжце!
— Мае, — адна сказала, — цуда свету,
і вы павінны ўсе згадзіцца з гэтым!
— Ніякай згоды, — кажа ёй другая, —
мае такія рукі, добра знаю!
Такое самае пачулі і ад трэцяй:
— Мае найпрыгажэйшыя на свеце!
Няма ў іх згоды, бо яны і суддзі:
гарачых спрэчак і вада не студзіць.
4
Якраз на тое каля іх кульгае
бабуля нейкая — галодная, старая.
Спынілася і прывітала голых
у простых задушэўных словах.
Пасля сказала:
— Трэці дзень не ем я.
Гарачыня спустошыла нам землі…
А можа, хоць скарыначку дасцё вы? —
Бабуліны іх не кранулі словы.
Галодных сыты зразумець не можа,
пакуль самога лёс не патрывожыць.
Да гэтых дам, над Джамнаю індыйскай,
наконт скарынкі не хадзі і блізка.
А ўсё ж ткі трэба скарыстаць старую!
Адна яе пытаннем і частуе.
— Дапамажы нам скончыць нашы мукі:
ў якой з нас лепшыя красою рукі?
— Чакайце крыху, — кажа ім старая, —
прыйду, як толькі ежы адшукаю…
I пакульгала прэч ад іх з кіёчкам
па чыста вымытым вадой пясочку…
5
Праз гоні двое, ля ракі таксама,
жанчына простая сядзела пад кустамі.
Усё жыццё яна працуе ў полі,
сваім гарбом сваю стварае долю.
Вятрамі біта і дажджамі мыта,
яна нічым ад сонца не закрыта.
Ад сонца яснага яна ўся чорна
і лёсу горкаму яна пакорна.
Прыйшла, каб смагу ўтаймаваць вадою,
перадыхнуць хоць крыху над ракою.
6
З кійком старая да яе кульгае,
сардэчным словам і яе вітае.
— Даруй, дачушка, за маё пытанне:
ці засталася крошка ад снядання?
Сказала у адказ ёй маладзіца:
— Сядай, бабуля, ў засень, на травіцы.
Няхай збіраюць крошкі ліхадзеі!
З табой сняданне папалам падзелім,
каб падужэла ты ў сваёй дарозе,
каб весялей было табе, нябозе…
Паснедалі яны тады абедзве,
хоць сонца і стаяла на абедзе.
Старой была вялікая падмога.
Падзякавала. Стала зноў на ногі.
Пасля ўзяла яе руку сваёю
і павяла ля Джамны, над ракою.
7
Прыйшлі да дам. Яны былі ля рэчкі,
свае ніяк не паканчалі спрэчкі.
Сказала ім старая, гэным дамам:
— Цяпер адказ на запытанне дам вам.
На рукі гэтай маладзіцы гляньце:
яны і чорныя, яны аж з глянцам.
Яны парэпаны, яны пабіты,
яны салёным потам перамыты.
Яны мяне, якую лёс знясіліў,
запрацаваным хлебам накармілі.
Няма на свеце ім красою роўных,
а прыгажэй над вашы — безумоўна!
Бо хараство усё ідзе ад працы,
пабудавала праца і палацы.
Хоць беленькія вашы, як лілеі,
дабра не твораць і тварыць не ўмелі
8
Сказала так і адышла старая.
Пайшла ў свой бок і маладзіца тая.
На беразе ракі індыйскай, Джамны,
пазналі ўсё ж ткі сорам тыя дамы.