Прамерыць гоні шмат разоў араты,
пакуль даручыць зерне пухкай глебе;
не раз вачыма павартуе ў небе
збытэчнай хмары для засмаглай шаты.
Загоны ў часе пільна будуць зжаты:
ў тарпу не трапіць зелле-непатрэб’е.
Спажытак, схованы жыццём у хлебе,
для клёку атрымаем незакляты.
Кіруючыся вечнаю умовай,
і ты, паэта, уладар над мовай,
рыхтуй уважна грунт і працавіта.
Ў люд паспаліты перлам неўмірушчым
яна зайльсніцца, змірсцямі спавіта,
калі ад слова шумавінне злушчым.