Захапіла навальніцаю
неаглядны ўвесь прастор.
Захінулі хмары ніцыя
ад зямлі вяночкі зор.
Лемантуе вецер кнігаўкай
і віхрыцца па страсе,
ў аканіцы б’е і скрыгае,
каб не спалі людзі ўсе.
Выбухаюць гукі пошчакам
і знікаюць, нібы дым.
Бліскавіца палкім росчыркам
выпякае ўсе сляды.
Загрымеў пярун над грэбляю,
у ракітах, над вадой.
А мы ўсё ідзём са стрэльбамі
пераможнаю хадой.
Нашы зоры ясна свецяцца,
цераз хмары зіхацяць.
Не ад сонца, не ад месяца —
іх праменне ад жыцця.
Навальніца плача стомлена,
сціхнуць, змоўкнуць галасы.
Нас вітаюць ветлым гоманам
прыдарожныя лясы…
1922