Шасцярых зняволеных са славутай сваімі жахамі мінскай турмы-"амерыканкі" вязе на расстрэл у Курапаты памочнік каменданта Косцікаў. Склад смяротнікаў разнашэрсны: селянін Аўтух Казёл, яго аднавясковец паэт Фелікс Гром, былы белагвардзеец Валяр’янаў, маскоўскі грабежнік Зайкоўскі, "партыец-бальшавік" Шастак, чэкіст Сурвіла.
Сітуацыя, апісаная ў творы, настолькі памежная, што не пакідае ахвярам аніякага выбару. І вось у такой сітуацыі ніхто з іх нават і не падумаў пра "апошнюю міласць, святую раскошу", дараваную самім жыццём, — застацца людзьмі, памерці дастойна. Усе настолькі раструшчаны маральна, што гатовы пакорліва выконваць любы загад: выбаўляць забуксаваную машыну, якая вязе іх на пагібель, капаць сабе яму. У кантэксце твора гэтыя дэталі набываюць сімвалічны сэнс. Нават у сітуацыі без выбару няшчасныя ўсё ж адшукалі магчымасць праціснуцца да шырокай брамы, што вядзе да пагібелі.
Здзіўляе анекдатычная дробязнасць іх клопатаў перад непазбежным. Так, Сурвіла больш за ўсё клапоціцца, каб не легчы ў адну яму з ворагамі народа. Ён жа чэкіст і працаваў "ударна" — за паўгода падвёў пад расстрэл ажно 127 чалавек, "ламаў косці — даваў дразда".
У апавяданні чуецца горка-балючая аўтарская іронія: да якой жа мізэрнасці зводзілася ў такой абсурднай сітуацыі тая праблема выбару, якой пісьменнік так шмат увагі аддаваў ва ўсіх сваіх творах пра вайну!