Васіль Хомчанка — Дождж

Васіль Хомчанка

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 Калі сыпануў дождж, Максім і Стась пабеглі па вуліцы і закрычалі: «Дожджык, дожджык, секані, мы паедзем на кані». Далей слоў гэтай просценькай песенькі яны не ведалі і пачалі прыдумваць самі: «Дожджык, дожджык, лупцані, усіх у хату загані». I дожджык сапраўды лупцануў, часты і буйны. Хлопчыкі заскочылі ў калгасную бібліятэку, каб перачакаць непагадзь, і заселі за шахматы. Згулялі партыю, другую, а канца дажджу не было відаць. Неба зацягнулі суцэльныя шэрыя хмары.
 Дождж, цяпер ужо халодны, дробны, замжыў па-асенняму надакучліва, мабыць, надоўга.
 У бібліятэцы, самотна падпёршы далоняй шчаку, сядзела адна Насця. У паштовай каморцы не было нікога. Паштальён цётка Ганна панесла газеты ў Выселю. Насця пасядзела трохі, замкнула бібліятэчныя шафы і пайшла дамоў.
 – Глядзіце мне тут, – пагразіла яна адыходзячы. Але шахматы пакінула, не забрала.
 Застаўшыся адны, хлопчыкі згулялі яшчэ адну партыю. I тут Стась прапанаваў:
 – Слухай, давай па тэлефоне пазвонім!
 – Куды?
 – Куды-небудзь. У раён на пошту…
 – Ну яго, яшчэ пападзе.
 – Пападзе-е, – перадражніў Стась. – Я спытаю, колькі гадзін.
 – Вунь на сцяне гадзіннік. Пятая гадзіна.
 Але Стась зайшоў у каморку. Там вісеў на сцяне тэлефон – адзін на ўсю вёску Пушчу, стаяў столік і вялікі, абабіты бляхай куфар, куды цётка Ганна складвала свае паштовыя справы. Стась падняў трубку, пакруціў ручку.
 – Ало! – Стась стараўся гаварыць басам. – Ало! Гэта пошта?
 «Што табе трэба, дзяўчынка? – спыталі з другога канца проваду. – Чаму маўчыш?» – «Я не дзяўчынка, – разгубіўся Стась. – Я – Стась Дзенісевіч». – «I што ты, хлопчык, хочаш?» – «Колькі ў вас часу?» – «Шаснаццаць гадзін, трыццаць адна хвіліна». – «Дзякуй». – Стась павесіў трубку.
 – Адгадала, што не дарослы звоніць. I басам жа гаварыў. Куды б яшчэ пазваніць?
 У гэты момант разануў вушы тэлефонны званок, доўгі, патрабавальны. Максім ажно адхіснуўся. Трубку зняў Стась.
 «Пушча! Хто слухае?» – захрыпела ў трубцы. «Вёска Пушча слухае», – адказаў Стась звычайным сваім голасам. «Гэта Ганна Гусь?» – «Цётка Ганна газеты панесла ў Выселкі. Я – Стась». – «Таварыш Стась, запішыце тэкст тэлеграмы».
 – Максім, падай аловак. Што стаіш, як пень! – закрычаў Стась.
 «Таварыш Стась, не абражайце, – пакрыўдзіліся ў трубцы. – Я не пень. Я паштовая служачая». – «Ды я не на вас, а на Максіма. Дыктуйце, калі ласка». – «Тэ-ле-гра-ма. Вёска Вітунь. Аляхновічу Сцяпану. А-лях-но-ві-чу. Кажу па літарах: Алесь, Лазар, Янка…» – «Не трэба Лазара, – сказаў Стась, – я разумею: Аляхновічу. Гаварыце далей». – «Прыеду пятніцу вечарам з Эдзікам. Сустракай, цалую, Надзя».
 Стась прачытаў, тэлеграфістка сказала, што запісана правільна, і павесіла трубку.
 – Гэта мінскім цягніком. У сем гадзін, – сказаў Максім.
 – У дзевятнаццаць, – паправіў Стась.
 – Прыйдзе цётка Ганна, занясе ў Вітунь тэлеграму, – сказаў Максім. – Давай пакуль што лепей у шахматы гуляць.
 Яны селі зноў гуляць у шахматы. Як заўсёды, у час гульні спрачаліся, крычалі. Максім вяртаў назад хады, а Стась даводзіў, што так гуляюць толькі ў дзіцячых яслях. I да таго ўваходзілі ў азарт, што сваімі ж фігурамі бралі свае пешкі, потым даказвалі адзін аднаму, што фігуры стаялі так, а не так. Нарэшце Максім раззлаваўся і згроб усе фігуры ў кучу.
 Пасядзелі, памаўчалі, надзьмуўшыся. Вокны плакалі, дождж сек па шыбах з мяккім шапатлівым шумам, хмары чарнелі. Куст бэзу за акном увесь варушыўся ад дажджу.
 – Слухай, – сказаў Стась. – Цётка Ганна сёння не вернецца. Пакуль дойдзе да Выселак ды назад, і вечар настане.
 – Ну дык сам у Вітунь збегай, – буркнуў Максім, усё яшчэ злуючыся за шахматы.
 – Можна б збегаць, ды позна. Да Вітуня пяць кіламетраў. А цягнік праз паўтары гадзіны.
 – Я пайду вячэраць, – падняўся Максім. – Чаго тут сядзець.
 Падняўся і Стась. Ступілі абодва некалькі крокаў да парога. Потым вярнуліся, сабралі шахматы, паклалі ў шуфляду стала.
 – Жанчына з дзіцем едзе, – сказаў Стась. – А дождж на дварэ. Сцямнее хутка.
 – Ад куль ты ведаеш, што з дзіцем?
 – Чытай: «Еду з Эдзікам». Будзе з ім сядзець усю ноч на платформе пад павеццю.
 – Ты хочаш дачакацца цётку Ганну? – спытаў Максім.
 – А дождж на цэлую ноч зарадзіў… Слухай, давай мы сустрэнем тую жанчыну? Прывядзём сюды. У Пушчы заначуе.
 – Да платформы чатыры кіламетры, – пачухаў патыліцу Максім. – Есці хочацца. –Падумаў, памаўчаў і згадзіўся.
 Праз некалькі хвілін яны крочылі да чыгункі. Абодва былі ў плашчах, у гумавых ботах. Стась прыхапіў вяроўку – можа, прыйдзецца несці чамаданы, а Максім – плашчык на запас, для жанчыны з малым.
 Церушыў дождж, дробны, халодны. Зямля набракла, боты чмякалі па гразі. Калі зайшлі ў лес, на галовы з дрэў пасыпаліся буйныя кроплі. Ствалы асін былі чорныя, быццам абпаленыя. На суку сядзела мокрая варона і, відаць, таксама праклінала гэты дождж. Максім запусціў у яе шышкай, але варона толькі скасавурыла вока і не варухнулася.
 – Не могуць на платформе вакзал зрабіць. Хоць бы маленькі, – сказаў Стась. – А то павець адна.
 – Стась, а калі ў яе чамаданы пуды на тры? Што будзем рабіць? Панясём?
 – Так ужо і на тры. Не бойся.
 Каб скараціць дарогу, хлопцы звярнулі на поле і пайшлі, шастаючы ботамі, па ржэўніку. Плашчы намоклі, грымелі, як замёрзлыя, і кожны дотык да плашча быў непрыемны. Дарога наўпрасткі аказалася не лягчэйшай і не карацейшай. Нізкі луг, на які яны трапілі, затапіла. Вада стаяла ў іншых месцах ледзь не па калена. Прыйшлося павярнуць убок і прадзірацца скрозь хмызняк. Голле альшэўніку хвастала па тварах. У адным месцы Стась праваліўся ў яму і набраў у бот вады… Калі нарэшце выбраліся да чыгункі, цягнік ужо запавольваў ход. Паравоз, чмыхнуўшы белай, як малако, парай, спыніўся якраз насупраць хлопчыкаў.
 З аднаго вагона сігануў хлопец у чорным бліскучым плашчы, з чырвонай торбай у руцэ. Потым за ім злезла мажная кабета ў такім жа бліскучым, але ружовым плашчы. Яна растапырыла над галавой парасон, узяла ў хлопца яго торбу, аддала яму свой невялікі чамаданчык, і абое падаліся пад павець. Паравоз рушыў. З вагонаў больш ніхто не выйшаў.
 – Можа, гэта яны давалі тэлеграму? – сказаў Максім.
 – Падыдзем спытаем.
 – Эдзік! – крыкнула жанчына. – Не спяшайся.
 – Яны.
 Жанчына была поўная, з ярка нафарбаванымі губамі. На вушах блішчалі завушніцы.
 – Пасядзім тут, павінны пад’ехаць, – сказала яна.
 – Валачыцца не хочацца, – згадзіўся Эдзік, сеў на лаўку, выцягнуў і заклаў адна за адну доўгія ногі. Стася і Максіма ён разглядваў, схіліўшы галаву набок і скрывіўшы верхнюю з чорным пушком губу.
 – Вы ў Вітунь едзеце? – спытаў Стась жанчыну.
 – У Вітунь. А што?
 – Тэлеграму вашу не атрымалі. Тут такое здарылася…
 – Як гэта не атрымалі? – Жанчына пагрозліва ступіла да Стася. – А ты адкуль ведаеш?
 – У Пушчу пазванілі, перадалі тэлеграму. А ў Вітунь не было каму занесці.
 – Як гэта не было каму? Што ў вас людзей няма?
 – Тэлеграма прыйшла позна, – сказаў Максім, на ўсякі выпадак адступіўшы на крок назад.
 – А вы што тут робіце?
 – Мы прыйшлі вас папярэдзіць. I памагчы, калі трэба. Хадземце ў Пушчу. Там заначуеце.
 – Спецыяльна для гэтага ішлі? – здзівілася жанчына. – Ажно чатыры вярсты.
 – Прыйшлі вось, – усміхнуўся Стась.
 – На поплаве ледзь не ўгразлі, – дадаў, пасмялеўшы, Максім.
 Жанчына паціснула плячыма. Яркі рот яе зрабіўся падобным на літару «О». А хлопец хмыкнуў, пагайдаў нагой і сказаў:
 – Зарабіць вырашылі. Падхалтурыць.
 – Як падхалтурыць? – спытаў Стась.
 – А так. Чамаданчык паднесці. За грошы, вядома. – Ён усміхнуўся і, як сваім, падміргнуў хлопчыкам. – Ведаю… Вунь і вяроўку прыхапілі.
 – Ах, вунь яно што! – зразумела свайго сына жанчына. – У нас, на жаль, няма чаго несці, дзеткі. Дарэмна стараліся. Мы і самі занясём.
 – Мы думалі, што вы з малым дзіцем, – хмура сказаў Максім.
 У Стася пабялелі шчокі. Ён заўсёды бялее, калі яго хто моцна пакрыўдзіць.
 – Няма ў нас чамаданаў, дзеткі. Не пашанцавала вам. Але я заплачу. Толькі да Пушчы давядзіце. – Жанчыны ляпнула Стася па плячы. – Пайшлі!
 I пайшлі. Стась крочыў наперадзе і ўсю дарогу не вымавіў ні слова. I не азірнуўся назад ні разу.
 А Максім некалькі разоў сказаў уголас, не баючыся, што пачуе жанчына, якая плялася ззаду. «Бізнесмены. Не разумеюць, што людзі і без грошай могуць памагаць».
 А апрыкралы дождж усё церушыў і церушыў. I хутка зусім сцямнела.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений