Звярніце ўвагу! Поўны змест.
У маім двары расце куст дзядоўніку. Яго яшчэ называюць лопухам, калючнікам.
Летам, калі дзядоўнік зялёны і цвіце малінавымі кветкамі, да яго не падступішся – уколе.
– Пакуль расту і цвіту, не чапайце мяне! – строга папярэджвае ён усіх, натапырыўшы калючкі.
Увосень дзядоўнік робіцца шэрым, непрыгожым. I куды дзяюцца яго сіла і адвага! На ім выраслі і паспелі калючыя шарыкі-дзяды. I цяпер дзядоўнік ужо сам просіць, каб за яго чапляліся:
– Калі ласка, не абмінайце мяне.
I хто не абміне, таму дзядоўнік свае шэрыя шарыкі-дзяды дорыць.
Сабака прабяжыць, зачэпіцца – і ўвесь бок у дзядах. Свіння ў куст залезе – таксама начапляе на сябе дзядоў.
Сам я не раз чапляўся за дзядоўнік, калоўся, выскрабаў калючкі з адзення. Збіраўся нават выкапаць той куст. Навошта яму, нікому не патрэбнаму пустазеллю, расці тут, у двары!
Аднойчы ранняй зімой, калі багата наваліла снегу, я выйшаў на двор і ўбачыў, што куст дзядоўніку стаў нейкі рухліва-стракаты, нібыта расцвіў яркімі кветкамі, пераважна чырвонымі. Толькі тыя кветкі былі жывыя, пырхалі і шчабяталі.
Гэта шчыглы і снегіры абляпілі куст. Карміліся семечкамі дзядоўніку, вылушчвалі з тых калючых шарыкаў.
Карміцеся, шчыглы і снегіры: для птушак цяжкая пара наступіла – доўгая зіма. А мой дзядоўнік няхай вас хоць трохі ды выручыць.