Ці цвітуць елкі, ды яшчэ белымі кветкамі? Скажаце – не? А я такую елку бачыў у дзяцінстве…
Было гэта вельмі даўно. Я жыў у маленькім гарадку – іх тады называлі мястэчкамі. Надыходзіў Новы год. Елкі ў нас не прадаваліся, як у вялікіх гарадах. Кожны здабываў сабе яе сам.
Узяў і я сякеру і падаўся ў лес.
Выбраў сабе елачку і пачаў разграбаць валёнкамі пад ёю снег. Елачка была прысадзістая, стройная, купчастая. Я прыўзняў угору ніжнія галінкі, замахнуўся сякерай – і ўтрымаўся, не секануў. Мне здалося, што елачка ад страху не то ўсхліпнула, не то рыпнула. Елачка хацела жыць…
З самых малых год я шкадаваў усё жывое: птушак, звяроў, дрэвы, траву. Ніколі без патрэбы не ламаў голле дрэў, не рваў кветак проста так, як некаторыя: сарве, панюхае і кіне.
Але гэту елачку хоць шкадаваў, а ўсё ж ссек. Ударыў сякерай па камлі, дрэўца пачало хіліцца, чапляцца лапкамі за сваіх сясцёр-елачак. Яшчэ раз секануў, яна калыхнула вяршынькай, храбуснула валокнамі і замерла на снезе.
Елачцы абрадаваліся сястра, брацікі. Мы паставілі яе ў крыжавіну, упрыгожылі цацкамі і выразанкамі з каляровых паперак. Прыгожая атрымалася ёлка. Каля яе мы скакалі, спявалі песенькі, вадзілі карагод, гулялі ў Дзеда Мароза і Снягурачку. I я гуляў і быў рады, што выбраў у лесе такую цудоўную елачку.
Назаўтра, ужо на Новы год, да мяне завітаў мой сябар Славік, які жыў на другім канцы гарадка. Я адразу ж пачаў хваліцца сваёй ёлкай.
Славік абыякава сказаў:
– Звычайная ёлка. Дні праз два ты яе выкінеш на сметнік.
Ён паглядзеў на мяне так, што я зразумеў: Славік зараз паведаміць мне нешта асаблівае.
I ён сказаў:
– На нашай вуліцы ёсць навагодняя ёлка… з белымі кветкамі.
– Ты што, якія на ёлцы кветкі?
– Такая ёлка ў Івана Сяргеевіча. Хочаш пабачыць яе?
Іван Сяргеевіч – наш местачковы доктар. У яго надзіва багаты сад з рознымі рэдкімі раслінамі.
Мы пайшлі да Івана Сяргеевіча. Дарогай да нас далучылася цэлая гурма дзяцей, бо ўжо многія пачулі пра незвычайную ёлку.
У дом доктара Славік зайшоў спачатку адзін, каб спытаць дазволу прывесці сяброў. Праз некалькі хвілін паклікаў і нас.
Я пераступіў парог першы і ад здзіўлення застыў на месцы. Каля акна ў кадушцы… цвіла вішня. Уся яна была ў белай квецені, быццам у маі, калі ўсё цвіце. Маленькія свечачкі, якія доктар запаліў на вішні, асвяцілі яе зіхатлівым жоўтым святлом. Мы і пах вішні адчулі – тонкі, ледзь улоўны. «Як малаком аблітыя, стаяць сады вішнёвыя…» – міжволі прыйшло на памяць.
Усе маўчалі, уражаныя такім дзівам. Так ціха было ў доме, што мы нават чулі патрэскванне свечак.
– Падабаецца? – спытаў Іван Сяргеевіч. Ён быў вельмі задаволены, што яго навагодняя «ёлка» так нас уразіла. Зняў з вішні цукеркі і пачаставаў нас. А потым павесіў новыя, для іншых дзяцей, якія, вядома ж, прыйдуць таксама падзівіцца на гэтую «ёлку».
– Як жа яна зацвіла? – спыталі мы. Іван Сяргеевіч спачатку расказаў нам вось што:
– Калісьці нашы продкі – славяне – вельмі любілі вішні. У іх быў нават бог вішань – Керніс. I было ў іх так заведзена: вішні вырошчвалі ў кадушках, а зімою, пад Новы год, прымушалі іх цвісці. За акном сумёты да стрэх, завіруха гудзе, а на покуці вішня ў квецені, аздобленая стужкамі ды свечкамі. Прыгожа і святочна. I так сустракалі кожны Новы год.
А потым хтосьці палічыў (нейкі, відаць, гультаяваты чалавек), што вельмі клапатліва – вырошчваць, а потым сустракаць Новы год з такімі вішнямі, і замяніў іх елкай. Пайшоў у лес, ссек, прынёс і паставіў. Проста і лёгка.
– А як жа вішню прымусіць зацвісці менавіта пад Новы год? – спытаў я.
– Трэба толькі захацець. Не вельмі ўжо і складана. У мяне да самага снежня вішанька гэта стаяла на холадзе. А потым яе ў пакой перанёс. Да светлага акна паставіў. Паліваў цёплай вадой, падкормліваў. Дрэўца і пайшло ў рост, зацвіло. У наступны Новы год у мяне зацвіце бэз. Прыходзьце паглядзець.
Вярнуўся я дамоў, зірнуў на сваю ёлку – вельмі шкада мне стала яе. Навошта я загубіў дрэўца? Няхай бы расло ў лесе, калыхала птушак, шапталася з ветрам…
Праз некалькі дзён елка амаль уся асыпалася, і я выкінуў яе на двор. Там ляжала ўжо шмат такіх елак.
I вось з таго далёкага часу я не прыношу перад Новым годам елкі ў хату… Праўда, цяпер можна замяніць жывую елку штучнай – капронавай, купіць у магазіне – на ўсё жыццё хопіць. У мяне ж, як калісьці ў Івана Сяргеевіча, на Новы год зацвітае якое-небудзь дрэўца: вішня, чарэшня, бэз, чаромха. Або ўскіпіць ружаватай пенай яблыневая галінка. Прыходзяць да мяне людзі, дзівяцца з незвычайнай «ёлкі».
Гадоў сорак я сустракаю Новы год з такой ёлкай. Колькі збярог дрэў за гэты час? Цэлы гай!