Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Захарка сеў рыхтаваць урокі. Трэба было выканаць практыкаванне: перапісаць сказы і паставіць, дзе трэба, коскі. А рабіць Захарку нічога не хацелася. Ён падпёр далонямі галаву і задумаўся. Захарка толькі што прачытаў кніжку пра прыгоды капітана карабля.
Цікавае, гераічнае жыццё ў марскіх капітанаў. Не тое, што ў яго, Захаркі. Вучы граматыку. Захарка ўздыхнуў і сказаў уголас:
– Навыдумлялі ўсялякіх прадметаў. I ўсе іх вучы. Коскі там розныя, пытальнікі…
Пачуў гэта старэйшы брат Янка і спытаў:
– А ты б што хацеў вучыць?
– Хай бы адразу вучылі на касманаўтаў, капітанаў, шафёраў. А то вучаць, дзе коскі ставіць. Хіба без іх нельга жыць?
Янка даўно ведаў, што Захарка марыць стаць капітанам далёкага плавання. Ён трохі падумаў, хітра ўсміхнуўся і сказаў:
– Кажаш, і без косак можна пражыць? Мы зараз праверым. Бяры аловак і пішы.
– Што пісаць?
– Будзем лічыць, што ты ўжо капітан карабля. Табе трэба даць пісьмовы загад сваім матросам.
– Гэта я змагу, – абрадаваўся Захарка. Такі занятак усё ж цікавей, чым урокі рабіць. – Які загад, кажы!
– Ты хворы ці паранены ў бойцы з піратамі. Ляжыш у бальніцы.
– Нічога ты не разумееш у марской справе, – паправіў Янку Захарка. – Піратаў даўно ўжо няма.
– Добра, згодзен. Ты захварэў, ляжыш у бальніцы, а карабель стаіць у гавані. У моры шторм. Я твой памочнік, чакаю ад цябе пісьмовага загаду. Ты кажаш: плыві.
– Ну і плыві.
– Не, ты напішыі мне загад, – патрабаваў Янка.
Захарка рашуча падсунуў аркуш паперы, узяў аловак.
– Пісаць?
– Пішы, пішы.
I Захарка пад дыктоўку Янкі напісаў: «Плысці не дазваляю стаяць у гавані».
Прачытаў Янка і паціснуў плячыма:
– Нічога не разумею.
– Усё ясна, – сказаў упэўнена Захарка. – Я загадваю плысці.
– Не, не ясна. Ці плысці не дазваляеш і трэба стаяць, ці трэба плысці і стаяць не дазваляецца ў гавані. Не хапае коскі.
Захарка зморшчыў лоб і пачаў думаць, дзе б гэту самую коску паставіць. I паставіў пасля слоў «не дазваляю».
– Ну вось, значыць, трэба стаяць, – засмяяўся Янка.
– Я плысці дазволіў, – разгубіўся Захарка.
– Тадыі коска не тут павінна стаяць.
Янка закрэсліў Захаркаву коску і паставіў сваю пасля слова «плысці».
Захарка пачухаў патыліцу і падумаў, што сапраўды гэтыя коскі маюць значэнне нават і для марскіх капітанаў. Ён уздыхнуў, узяў падручнік па граматыцы, разгарнуў сшытак і пачаў пісаць практыкаванне.