Васіль Хомчанка — Мама

Васіль Хомчанка

  Сяргейку прывезлі ў вёску. Там ён пабег на лужок, дзе хадзіла карова Рагуля з маленькім гарэзлівым бычком.
 – Здароў, белалобы, – павітаўся Сяргейка.
 А той узбычыў лабастую галаву і пайшоў на хлопчыка.
 – Букацца хочаш? – спытаў Сяргейка і, нагнуўшыся, выставіў наперад сваю галаву. – Давай.
 Белалобы пабаяўся букацца, павярнуўся і пабег ад Сяргейкі. Сяргейка – за ім. Але не дагнаў і схаваўся за кусцік. Бычок туды-сюды, а Сяргейкі няма.
 – Не знайшоў! Не знайшоў! – закрычаў Сяргейка і выскачыў з-за куста. – Цяпер ты хавайся.
 Ён закрыў рукамі вочы, а бычок – бягом у хмызняк. Сяргейка знайшоў яго адразу і застукаў:
 – Бачу, вылазь!
 А белалобы не можа выбрацца з хмызняку – забраўся аж у самы гушчар.
 – Му-му! – паклікаў ён маці. Рагуля нават не павярнулася на гэты кліч. Скубе сабе траву і скубе.
 – Му-му-му! – яшчэ мацней загаласіў бычок.
 Тады Сяргейка яму сказаў:
 – Ты не так завеш: не му-му, а ма-ма.
 – Му-му!
 – Мама, – зноў паправіў Сяргейка і з усяе сілы крыкнуў: – Мама!
 Гэты кліч пачулі адразу абедзве мамы – Сяргейкава і белалобага. Сяргейкава маці абняла цяля за шыю, а Рагуля штурхнула яго пад бок пысай. I вывелі белалобага на лужок.
 – Вось бачыш, – зарадаваўся Сяргейка, – паклікалі як трэба, мамы і прыйшлі.

Сказать спасибо
( 7 оценок, среднее 3.43 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений