Якое раздолле ў зялёным бары летам! Колькі прастору тут для забавы, колькі дзіваў усякіх пабачыш!
Вунь на высокіх кучаравых хвоях і елках смела разгульваюць шустрыя жартаўлівыя вавёрачкі. Яны спрытна зрываюць сухія шышкі ды, спяшаючыся, нясуць у свае гнёзды. I якія працавітыя, руплівыя звяркі – гэтыя маленькія рыжыя вавёрачкі з доўгімі пушыстымі хвосцікамі! Праз усё лета заняты яны работай.
Даўгахвостыя дзятлы ў чорных вопратках з чырвонымі палоскамі заўзята барабаняць па дрэвах сваімі вострымі дзюбамі. Адны з іх заняты звычайнай работай: шукаюць у бары на абед казюлек, другія будуюць жыллё не толькі сабе, а і ўсім, каму яно з лясных жыхароў патрэбна.
Розныя дробныя птушкі пырхаюць між галля. Дружным хорам шчабечуць шпакі, весела пасвістваюць івалгі і дразды. А часта прылятаюць сюды з лісцёвых лясоў і шэрыя зязюлі-непаседы. I такая дзіўная музыка гучыць у бары!