Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Пад бацькавым ложкам стаіць чамадан у зялёным картовым чахле. Унутры на вечку прыколаты кнопкамі спіс рэчаў, што ляжаць у чамадане. Гэта чамадан, які бацька бярэ па трывозе. Міхаська называе яго трывожным чамаданам.
Аднойчы, застаўшыся дома адзін, Міхаська адчыніў чамадан і пачаў разглядаць, што ў ім знаходзіцца.
У чамадане было ўсё, што трэба для далёкай дарогі. Пара чыстай бялізны, шкарпэткі, шчоткі, мыла, іголкі з ніткамі, насоўкі. Быў там і ліхтарык-жучок: націскаеш яго – ён гудзе, як жук, і свеціць. Былі ў чамадане лыжка, відэлец, новыя боты і белыя падкаўнерыкі…
Калі прыбягаў уночы пасыльны і крычаў за дзвярыма: «Таварыш маёр, трывога!», бацька хуценька адзяваўся, хапаў чамадан і спяшаўся ў часць.
Дадому бацька вяртаўся часцей за ўсё ў той дзень або назаўтра. Але іншы раз яго не было дома і тыдзень, а то і больш. Гэта значыла, бацька паехаў у далёкую дарогу. Ён ляцеў са сваімі салдатамі на самалёце або ехаў на поездзе ці на машыне, і трывожны чамадан быў з ім. Начаваў дзесьці ў лесе – і чамадан з ім. Бо вельмі патрэбны гэты чамадан. Адарваўся, скажам, гузік – калі ласка, даставай з чамадана іголку і ніткі і прышывай. Прывёз кухар абед – кацялок і лыжка ў чамадане. Пагаліцца трэба – на дне чамадана брытва і люстэрка.
Неспакойная, трывожная служба ў Міхаськавага бацькі. I калі ён доўга не вяртаецца дадому, Міхаська сумуе, па некалькі разоў на дзень бегае да прахадной часці, пытаецца, ці прыехаў бацька.
Міхаська выклаў з чамадана ўсе рэчы. Насоўкі і падкаўнерыкі пашыла маці. Карабок рознакаляровых алоўкаў аддаў бацьку Юра, старэйшы Міхаськаў брат. I машынка алоўкі вастрыць – Юркава. Толькі Міхаськавага не было нічога ў чамадане. I Міхаська пачаў думаць, што б сваё пакласці ў трывожны чамадан. Ножык? У бацькі ёсць сцізорык са штопарам і шылам. Запалкі? Ёсць у чамадане ажно тры карабкі. I нарэшце хлопчык надумаў: канверты – пісьмы пісаць.
Са сшытка ў клетачку Міхаська зрабіў пяць канвертаў, на адным напісаў дамашні адрас, сваё прозвішча і імя. А на лістку паперы старанна вывеў:
«Дарагі тата! Калі паедзеш па трывозе надоўга, прышлі нам пісьмо, бо мне сумна без цябе. Напішы, калі вернешся дадому. Я цябе сустрэну».
Потым усе рэчы, канверты і запіску палажыў у чамадан.
Неяк раз уночы прыбег салдат, пастукаў у дзверы, крыкнуў: «Таварыш маёр, трывога!»
Бацька ціхенька адзеўся, схапіў свой трывожны чамадан і выйшаў. Ні Міхаська, ні Юрка нічога не чулі, бо вельмі моцна спалі. Аб тым, што бацька паехаў, яны даведаліся толькі раніцай, калі ўбачылі, што трывожнага чамадана няма на сваім месцы.
Мінуў адзін дзень, другі. Зноў, як раней, бегаў Міхаська да прахадной часці, пытаўся пра бацьку і зноў сумаваў.
На трэці дзень, у нядзелю, Міхаська прачнуўся пазней, чым звычайна. Падняў галаву і ўбачыў пад падушкаю пісьмо. Канверт знаёмы – з паперы ў клетачку, той, што сам рабіў. Міхаська хуценька разарваў канверт і прачытаў пісьмо.
«Дарагі мой сын, – пісаў бацька. – Дзякуй табе за канверты. Яны мне вельмі спатрэбіліся. Нават не хапіла. Знаходжуся ад дому далёка. Але ты не сумуй, мой родны. Я хутка прыеду. Прывязу табе падарунак. Будзь здароў, мой будучы салдат. Тата».
Міхаська прачытаў пісьмо і ўзрадаваўся. Узрадаваўся, што тату спатрэбіліся яго канверты, што ён хутка прыедзе і прывязе падарунак.
I яшчэ падумаў Міхаська, што пісьмо гэта тата, мабыць, пісаў на трывожным чамадане. I падарунак ён прывязе ў гэтым чамадане.