Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Я прывёў Івана Рыціка на свой агарод і дазволіў яму рваць і есці ўсё, што хоча і колькі хоча. Іван нарваў рэпы, салодкай і сакаўной, самай лепшай у нашай вёсцы. За гэта Іван паабяцаў калі-небудзь накарміць мяне мёдам, бо ў іх былі свае пчолы.
I вось аднойчы настаў такі дзень. Усе дарослыя былі ў полі, а мы засталіся дома за гаспадароў. Іван гукнуў мне праз акно:
– Гэй, Лізун, хадзі мёд есці!
Праз хвіліну я быў у Івана на двары. Са мной прыйшоў Сашка Джам, якому я паспеў пахваліцца, што іду есці мёд, аж пакуль горка не стане.
Іван завёў мяне ў сенцы і сказаў:
– Вось кадушка, еш. Мёд – не рэпа, многа не з’ясі.
– Паглядзім, – усміхнуўся я. Я думаў тады, што магу з’есці мёду хоць паўпуда.
Кадушка была мне ледзь не па шыю, а мёду ў кадушцы толькі на самым дне.
Іван даў лыжку. Я перагнуўся цераз край кадушкі, зачарпнуў поўную лыжку духмянага мёду і праглынуў з вялікай асалодай.
– Не шкадуй, давай, – падахвочвалі мяне Іван і Сашка.
Другую лыжку я таксама з’еў усмак і з ахвотай. Пасля трэцяй папрасіў вады.
– Няма, брат, яшчэ не прынёс з крыніцы.
Іван корпаўся ў скрыні, бразгаў там нейкімі жалязякамі і не звяртаў на мяне ўвагі. Няшчасце здарылася, калі я палез у кадушку чацвёрты раз. Я задужа перагнуўся, левая рука, якой я трымаўся за верх кадушкі, сарвалася, і я плюхнуўся галавой у мёд. Я спрабаваў нешта крычаць, матляў нагамі…
Выручылі Іван і Сашка. Яны схапілі мяне за ногі і выцягнулі з кадушкі. Я нічога не чуў і не бачыў. Мёд быў у вушах, у роце, мёдам былі заліты вочы. Мёд цёк за каўнер.
– Вады! – прасіў я. – Вады!
Вада знайшлася. Іван выліў на мяне цэлае вядро, ды не разлічыў, абліў толькі спіну.
– Бяжым на рэчку! – крыкнуў ён.
Трымаючыся за яго руку, як сляпы, плёўся я за Іванам.
– Хутчэй! – цягнуў ён мяне.
Нарэшце я сяк-так разняў павекі і ўбачыў, што мы ідзём па садзе. А там стаялі вуллі. Сашка саскрабаў з мяне мёд і еў. Дармовы мёд! Такая магчымасць здараецца не часта. I тут мёд учулі пчолы…
– Уцякай! – закрычаў Іван, а сам упаў ніцма на траву і рукамі закрыў твар.
Я кінуўся да рэчкі. Ляцеў як куля. Сашка бег за мною. У мяне было адно жаданне – хутчэй боўтнуцца ў ваду. А Сашка не адставаў.
– Пачакай, не нырай! – крычаў ён. – Колькі мёду прападзе.
З разгону я скочыў у рэчку, даў нырца і сядзеў у вадзе, пакуль хапіла духу. Потым высунуў нос, дыхнуў і зноў нырнуў. Сядзеў у вадзе, пакуль не разляцеліся пчолы.
Так аднойчы я наеўся мёду. Сашка Джам лічыў, што гэта быў шчаслівы выпадак, калі, вядома, не зважаць на тое, што мы хадзілі некалькі дзён з апухлымі тварамі.
Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.