Веснаход на Палаце

Пераказы і дыктанты

  На берагі Палаты ўжо каторы дзень прыбягалі хлапчукі і тычкамі адганялі ад берага пасінелыя льдзіны, прыспешваючы вясну, а льдзіны, хістаючыся і глуха пастукваючы, выбіраліся на больш хуткую плынь, імчалі далей, пакуль на паваротцы зноў не натыкаліся на бераг.
 Выцвілыя за зіму лазнякі, прыбярэжныя вольхі ды вербы пазіралі на ўсё гэта з нецярпеннем: хутчэй вызваліцца Палата – хутчэй прыйдзе на яе бераг вясна. А сёлетнюю вясну яны ой як зачакаліся. Здавалася, яшчэ адно намаганне – і дрэвы расхінуць пабурэлыя плашчыкі ды пакажуць кволенькія лісточкі. Але рызыкаваць не хацелася нават лазнякам, бо рана яшчэ: надыдзе ноч – па беразе пакоціцца марозік і сапсуе гэтую прыгажосць.
 А Палата ўсё гнала і гнала ў Дзвіну асколкі свайго лядовага панцыра. Часам з гадзіну ішла карычневая, як крута завараны чай, вада. Потым зноў сонна пагойдваліся льдзіны, а пасля яны зніклі, шырокім рэчышчам кацілася толькі вада. Рэчышча не ўмяшчала яе, і яна выходзіла з берагоў, залівала лугі і поймы.
(152 словы)

Паводле Я. Пархуты.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений