Як прыемна глядзець на веснавы разліў! Стаіш, бывала, над абрывам і не можаш вачэй адвесці ад воднай прасторы. А вада бурліць унізе, гамоніць, несучы вялізныя сосны і алешыны, вырваныя дзесьці з карэннем. Здараецца, плыве іншы раз дрэва, а на ім – заяц-шарак. Сядзіць, калоціцца ўсім целам, але цярпліва чакае, пакуль дрэва падплыве да берага так блізка, каб можна было скочыць, абсушыцца на сонечнай палянцы. А то, бывае, вужы з лугоў плывуць цэлай чарадою, да высокага берага спяшаюцца, каб у карчэўі ды кустах перачакаць напасце.
Далёка разліваецца Бяроза-рака ўвесну. Яна затапляе лугі на цэлыя кіламетры, і не пазнаць тады яе, не ўгадаць, дзе схавала вада нізкія берагі. Імклівая плынь толькі плешчацца хвалямі, віруе.
А пачне спадаць вада – яшчэ цікавей на рацэ. Тады нізка-нізка над ёю цяжкімі снарадамі пралятаюць дзікія качкі, выглядаючы між залатога лазняку месца для будучага гнязда. I ў такой непралазнай гушчэчы пакладуць яйкі, што ні звер іх не дастане, ні чалавек не забярэцца.
Загудуць, заціўкаюць паплавы на розныя галасы, абудзяцца бусліным клёкатам. Хараство!
(168 слоў)
Паводле М. Ваданосава.