Ядвігін Ш. — Хлеб

Ядвігін Ш

(З народнага апавядання)

Стаў ганяць стараста Пранука ажно ў павятовы горад адбываць там нейкія павіннасці. «Ах, каб з вас духі павыганяла!» – замармытаў пад нос Пранук, але ткі, хоцькі-няхоцькі, закінуўшы на плечы торбу з хлебам, пацягнуўся.
  Раніцай – халадком ісці было нішто, але пад паўдня стала прыпякаць, ногі пачалі млець, а тут яшчэ вяровачка ад торбы з хлебам муляе плечы Пранука. А ў дарозе, вядомая рэч, зразу зусім не чутно цяжару, а прайдзі толькі далей, дык і хунт пудам здаецца!
  Перакідваў Пранук торбачку а аднаго пляча на другое, перакідваў, дый так нічога: рэжа!
  – Вось каб цябе ліха! – стаў наракаць Пранук. – Сам чуць цягнуся, а тут яшчэ і хлеб нясі…
  – Не ты мяне нясеш, а я цябе нясу, – адзываецца хлеб з торбы.
  Забыўся Пранук і на дзіва, што хлеб загаварыў, толькі яшчэ горш узлаваўся:
  – Дык ты гэтак?! Мала таго, што на плячах маіх ляжыш, яшчэ агрызацца ўздумаў? Вось жа паглядзім, хто каго нясе! – дый бразь торбу з хлебам аб зямлю, а сам ажно ходу са злосці падбавіў.
  Ішоў Пранук, ішоў доўга; але штораз часцей садзіўся спачываць, штораз часцей уздыхаў, штораз часцей сплёвываў, і не прыждаўшы яшчэ вечара, вельмі ўсцешыўся, угледзеўшы здалёку на дарозе карчму.
  Зайшоў, дастаў капшук1, вытрас з яго апошнюю залатоўку2, што з дому ўзяў, каб было чым хлеб свой падкрасіць у дарозе, ды аддаў яе цяпер на хлеб і, ласа сухі яго грызучы, дагадаўся ўрэшце, хто каго нёс: ці ён – хлеб, ці хлеб – яго.

1. Капшук – мяшочак для тытуню, які сцягваецца шнурком; кісет.

2. Залатоўка – манета ў 15 капеек;

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений