Як Валерка на Месяц ляцеў

Пераказы і дыктанты

  Недалёка ад лесу, у новай хацінцы на зялёным узгорку, жылі два брацікі – Юрка і Валерка. Юрка вучыўся ў пятым класе, а Валерка яшчэ зусім не хадзіў у школу. Ён цэлымі днямі бегаў па вуліцы, пускаў на ваду маленькія караблікі або гуляў з мячыкам на двары.
 Часам Валерка выбягаў далёка за вароты сустракаць Юрку, які ішоў са школы. Аднаго разу ён спаткаў яго з сябрамі. Юрка гучна расказваў пра нейкую ракету. Ён увесь час паказваў пальцам на маленечкі бледны маладзічок, які ўжо з’явіўся на небе.
 Усе прыселі на зялёнай траўцы каля варот і доўга слухалі, што прачытаў нядаўна Юрка ў часопісе пра палёт на Месяц. Ён расказаў, што ў міжпланетнай прасторы лятае безліч метэарытаў і што ёсць такія касмічныя прамяні, якія небяспечныя для жыцця.
 Валерка слухаў іх размову і думаў сам сабе: «А калі нацягнуць мяшок на галаву? Можа б, яны не прайшлі, тыя прамяні?»
 А Юрка расказваў, як яны зробяць добрую мадэль ракеты даўжынёю адзін метр і потым занясуць яе ў авіямадэльны гурток.
 На другі дзень, у нядзелю, як толькі чырвонае сонейка выглянула з-за высокіх гор і птушкі зашчабяталі на кусце бэзу, Валерка прачнуўся і адразу ж выбег на двор. Каля паветкі ён убачыў Юрку і яго сяброў. Славік рэзаў фанеру, другія прыбівалі яе да тоненькіх планак, а Юрка алоўкам штосьці размячаў на вялікім лісце. Побач з ім сядзеў яшчэ адзін вастраносы хлапчук і старанна выстругваў ножыкам-складанчыкам нейкую дошчачку.
 Праз нейкі час ракета была ўжо гатова. Яна здавалася Валерку падобнай да вялікага агурка з маленькімі крыльцамі ззаду. Ракету пафарбавалі ў блакітны колер і паставілі на пляцоўку, якую загадзя збудавалі на высокіх слупах.
 Сябры корпаліся каля сваёй ракеты, не звяртаючы на малога ніякай увагі.
 «Добра, будуйце, – падумаў сам сабе Валерка, – вы збудуеце, а я палячу на Месяц».
 Хлопцы вырашылі зрабіць у ракеце розныя прылады, каб яна была падобна да сапраўднай. Спачатку Юрка прыбіў невялічкі шчыток, да яго прымацаваў нейкія прабіркі, штосьці круглае, падобнае да манометра, з чырвонай стрэлкай, а ў самым цэнтры – вялікая кнопка. На кнопку, як сказаў Юрка, трэба націснуць, каб запусціць ракету.
 Раніцай Юрка пайшоў у школу, а Валерка застаўся адзін. Ён вырашыў, пакуль мама і Юрка вернуцца дадому, махнуць аж на Месяц.
 Валерка паглядзеў на неба і задумаўся. Каб не замерзнуць там, апрануў мамін кажух і невялікі мяшок нацягнуў на галаву – ад шкодных прамянёў. Узабраўся на пляцоўку, яшчэ раз зірнуў на неба праз дзірачку і падумаў, што калі на Месяц заляціць, а назад не вернецца, то пападзе яму тады ад мамы за кажух.
 Ён нейкую хвіліну вагаўся, потым махнуў рукой і ўжо хацеў садзіцца ў кабіну, як раптам адна дошка на пляцоўцы трэснула. Валерка разам з ракетаю кудысьці паляцеў.
 «Няўжо гэта я ўжо на Месяцы?» – падумаў Валерка, не скідаючы мяшка з галавы. Але зазірнуў у дзірачку і ўбачыў, што сядзіць на зямлі, а побач валяецца ракета. Уся яна сплюшчылася пад цяжкай дошкай.
 – Ох і дасць мне цяпер Юрка! – усклікнуў ён і скінуў мяшок.
 Амаль цэлую гадзіну Валерка з падрапаным тварам завіхаўся каля разбітай ракеты, хацеў адрамантаваць яе, але скончылася тым, што паламаў зусім.
 А калі ўбачыў, што ўсё прапала, асцярожна сабраў блакітныя абломкі фанеры, занёс іх у паветку і прыкрыў саломай, а потым венікам падмёў каля пляцоўкі, каб і следу не засталося.
 Якраз у гэты час у школе скончыліся ўрокі. Юрка сабраў сваіх сяброў і ўсіх членаў авіягуртка, каб паказаць ім ракету. Але не паспелі яны падысці да варот, як насустрач з двара выбег заплаканы Валерка. Яго чорныя вачаняты хітра забегалі.
 – Я не ведаў. Я націснуў кнопку на шчытку. А ракета ваша як загудзе – і паляцела на Месяц. Вы не злуйцеся, можа, яна яшчэ вернецца.
(592 словы)

Паводле П. Высікана.

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 3 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений