Аповесць Якуба Коласа «Дрыгва» заснавана на рэальных падзеях. Галоўная яго тэма – супраціўленне белапольскай акупацыі на Беларусі ў 1920 г. Вобраз дзеда Талаша крыху наіўны. Дзед Талаш – паляшук, рыбалоў і паляўнічы. За знешнім спакоем хавалася натура, здольная да нечаканых рашэнняў і ўчынкаў. Дзед Талаш добра ведае лясы і балоты, гэта дапамагае яму праявіць і камандзірскія здольнасці. Але на першым плане клопаты аб людзях і аб агульнай справе.
Сюжэт аповесці «Дрыгва» насычаны прыгодніцкімі элементамі. Гэта і пераапрананне герояў (пераапранаецца «маладзіцай» узводны Букрэй, ідучы на сустрэчу з польскім салдатам; пад выглядам жабрака трапляе да пана Крулеўскага партызанскі разведчык Марка Балук; у воўчай скуры ходзіць сам дзед Талаш). Часта выкарыстоўваюцца ў творы таемныя сітуацыі і таемнасць паводзін саміх герояў (дзейнасць Нявіднага, першая сустрэча дзеда Талаша і Мартына Рыля). Сюжэт аповесці займальны, ён трымае ў напружанні і прымушае перажываць за лёс герояў.