Непрыветна цераз вокны
Ночка пазірае.
Ціха ў хаце. Ўся сямейка
Спіць, адпачывае.
Натрудзіўшы добра рукі,
Натаміўшы плечы,
Толькі маці з вераценцам
Туліцца пры печы
Ды прадзе, прадзе кудзельку.
Скача вераценца,
А за ім густыя цені
Бегаюць па сценцы.
* * *
На камінку гарыць корчык,
Злотам іскры скачуць.
За аконцам вецер ходзіць,
Глуха вербы плачуць.
Зябнуць вербы на марозе,
Тулячыся к стрэсе.
Снегам вецер сыпле ў дзверы,
Ходзіць шум па лесе…
I пад гэты шум трывожны
Думае старая,
А ўслед думкам неспакойна
Вецер падпявае.
* * *
I ўсё ўстала прад вачыма
Беднае кабеты:
Маладыя дні дзяціны,
Дзявочыя леты,
Радасць жыцця і нягоды,
Сваркі, трасяніна –
Ўсё, чым жыцце напаткае
Ў цяжкую часіну.
Ўсё прыпомнілася беднай, –
Горка, цяжка стала,
Галаву набок схіліла,
Прасці перастала.
* * *
Вось і муж усплыў на думу –
Рана смерць скасіла!
Добрых дзетак ён пакінуў –
Без пары магіла!
Жыў ён бедна. Спадзяваўся
Свой прыдбаць куточак,
Хату вывезці, зямелькі
Прыкупіць шматочак,
Бо агоркнуў хлеб батрацкі,
Жыцце пад’ярэмна…
Ды не выйшаў з-пад няволі,
Біўся век дарэмна!
* * *
Гасне корчык на камінку,
Пацямнела ў хаце,
Поўнач пеўні пракрычалі,
Але не спіць маці.
Цягне нітку. Вераценца,
З рук упаўшы, грукне,
Ды нясмела, як убогі,
У дзверы вецер стукне.
Думкі думку падганяюць,
Не даюць спакою,
Ўсё лятаюць над кабетай
Нуднай чарадою.
* * *
Уздыхнула цяжка маці,
Аб сынку гадае,
Што ў астрозе, ў паняверцы
Кару адбывае.
I за што? У толк не возьме
Бедная кабета
Ні законаў гэтых мудрых,
Ні парадкаў свету.
Вецер вые за вугламі,
Ў коміне галосіць.
Куды толькі думка тая
Матку не заносіць!
Зябнуць вербы на марозе,
Глуха лес гамоніць.
Думка думку выклікае,
Думка думку гоніць.
1908
Аналіз верша:
Трагедыя працоўнага чалавека, асуджанага на пакуты, раскрываецца ў вершы Якуба Коласа «Маці». Перад намі змрочны пейзаж зімовай ночы, і на гэтым фоне вобраз маці-працаўніцы – добрай, шчырай, спагадлівай жанчыны-пакутніцы. У ціхім смутку сядзіць яна, адзінокая, паглыбленая ў свае думы, і «прадзе кудзельку». У яе памяці ўсплывае мінулае: дзяцінства, дзявочыя леты. У думках-успамінах маці яшчэ раз перажывае сваё жыццё, далучаецца да сваіх родных. Колькі гора спазнала яна і як мала бачыла радасці! Заўчасная смерць мужа-батрака, пакуты сына-астрожніка – усе нягоды яе ўласнага лёсу і лёсу блізкіх, родных ёй людзей зліваюцца ў адну суцэльную карціну бязрадаснага сялянскага жыцця. Алавяданне вядзецца ў спакойным эпічным тоне, але яно сагрэта аўтарскай думкай, глыбокім пачуццём замілавання да гераіні, яе высокай чалавечнасці і самаахвярнасці. Прырода сугучна душэўнаму настрою маці, яе пачуццям («вецер вые за вугламі, ў коміне галосіць», «у след думкам неспакойна падпявае», «…вербы плачуць», «зябнуць на марозе», «глуха лес гамоніць»). Пейзажныя вобразы дапамагаюць глыбей адчуць гора маці, сілу яе цярпення і спачування аўтара, яго боль.
Верш «Маці» – эпічны па свайму стылю. Ён адносіцца да апавядальнай лірыкі Якуба Коласа, дзе, апрача аўтара-апавядальніка, героем выступае лірычны персанаж.