Любімось, мае суседзі!
Кіньма сваркі, звадкі;
Жыйма, як родныя дзеці
Адной нашай маткі!
Што ты маеш з сваёй звадкі,
З дзікай ненавісці?
Людзі толькі насмяюцца,
I ўсёй той карысці.
Людзі толькі насмяюцца,
Ўрагі скарыстаюць,
Над душой чорт запануе,
Унукі цябе злаюць.
А пачнема жыці ў згодзе
Ў пачцівай, харошай, –
Знойдзем долю, знойдзем волю,
На зваротак – грошы.
Ўрагам нашым прыступіцца
Трудна тады будзе,
Ды ў суседзяў ласку маюць
Згодлівыя людзі.
Дык любімася, суседзі!
Кіньма сваркі, звадкі;
Жыйма, як родныя дзеці
Адной нашай маткі!
1905-1907