Вольны вецер напеў вольных песень табе,
Бор зялёны ўзняў дружным гоманам,
Сонца полымем вызвала к слаўнай сяўбе,
Зоры веру ўлілі сілам зломаным.
І ў час буры, нягод і вялікіх надзей
Зацвіла, расцвіла даўгажданая,
І крыніцай жывой над айчызнай сваей
Паплыла, пацякла неспыняная.
Паплыла, пацякла з светлай казкай жыцця
Полем, лесам, гарой і далінаю…
З свойскіх кветак-пралесак – карона твая,
Ўся сама – ясната лебядзіная.
Зіxаціш і гуслярскаю песняй звініш,
Узнімаеш мінуўшчыну даўную;
Час сягонняшні ўперад ісці не пыніш
І глядзіш смела ў будучнасць тайную.
Смела ў сонцы ідзеш, як жывы агняцвет,
Сееш ласкава сны залацістыя;
Не пужае сумежны дакучны сусед,
Не пужае пуціна цярністая.
Ад мяжы да мяжы, ад капца да капца
Абнаўлення павевы расходзяцца,
Абнімае душу без граніц, без канца
Маці-радасць, што лепшы дзень родзіцца.
Ўжо не так тапары ў зялёным бары
Хвойкі валяць зімой маразянаю.
Ўжо не так касары ад зары да зары
Летам звоняць касой адкляпанаю.
Значан гарт у руках, чутна песня без слёз,
Грудзі славы надзеяй калышуцца,
Ў кнігі новы закон ёмка пёрамі з кос
Наўсяды людзьмі новымі пішацца.
Расцвітай жа, ўзнімай на арліных крылах
Душы, сэрцы і думы заспаныя,
Вызывай, выклікай на вялікі прасцяг
Сілу, ведзьмай-пятлёй не чапаную.
Высылай, рассылай на край свет пасланцоў,
Як з гнязда сакалінага сокалаў,
Хай лятуць, далятуць да байцоў-удальцоў,
Хай грымяць весткай добраю ўвокала.
Годзе ў полі, ў лясах ты, старонка, і так
Сіратой начавала забытаю,
Годзе выпіў крыві з сэрца крыўды чарвяк,
Косці вецер тачыў непакрытыя.
Падымайся з нізін, сакаліна сям’я,
Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі!..
1906-1912