Увага! Поўны змест
Вы, вядома, чулі гэтае імя. Пэўна, ведаеце чорную пантэру, прыяцельку Маўглі.
Але цяпер гутарка будзе ісці хоць і пра дальнюю сваячку, але ўсё ж такі не пра пантэру, а пра кошку. Звычайную кошку, толькі, вядома, чорную і, мусіць, не менш разумную, як тая Багіра.
Трапіла яна да нас самым незвычайным чынам. Раз у марозны веснавы вечар, досыць позна, вярталіся мы з дачкой дахаты. Жылі тады на ўскраіне горада. Людзей хадзіла мала. Свяціў месяц, хрумсталі падмерзлыя лужыны.
I вось тут прычапілася да нас чорная кошка, жаласна мяўкае, трэцца каля ног. А як толькі мы спынімся, яна, азіраючыся, ідзе назад. Пойдзем мы далей — яна зноў даганяе нас, крычыць, блытаецца між ног, забягае наперад, нібы не пускае ісці ў той бок. Справа ясная: яна хоча, каб мы пайшлі з ёю кудысьці назад. Нічога не зробіш: калі яна так выразна і настойліва патрабуе — трэба ісці.
Як толькі мы зрабілі пару крокаў назад, яна ўзрадавалася, шпарка паскакала ў той бок і знікла. Што яна: жартуе з намі? Мы сталі. Тады кошка зноў з’явілася і зноў пачала мяўкаць і церціся. Мы зноў пайшлі за ёю — і зноў яна пабегла наперад, мяўкаючы здалёк.
Тым часам на бліжэйшым двары забрахаў сабака і кінуўся ў наш бок. Але тут раздаўся такі сык, так люта накінулася на яго кошка, што бедны сабака з жаласным скавытаннем паляцеў як мага далей. А кошка выбегла на тратуар і хуценька скруцілася на зямлі.
Калі мы падышлі бліжэй, то ўбачылі, што яна абкруцілася вакол кацяняці. Адкуль яно ўзялося? Мы толькі што ішлі па гэтым самым месцы — і нічога на тратуары не мелася. Значыцца, кацянё спачатку было недзе схаванае, мусіць, за плотам. Калі кошка ўбачыла нас, то парашыла звярнуцца па дапамогу, спыніла нас, прымусіла павярнуць назад, а сама тым часам вынесла на дарогу сваё дзіця ды яшчэ паспела прагнаць сабаку. Разам з тым яна не забывалася, што кацянятка толькі што нарадзілася і не павінна было мерзнуць на холадзе… I вось кошка нават на тую хвілінку, пакуль мы падыходзілі, абкруцілася вакол свайго дзіцяці і сагравала яго. Можна было б пажадаць і кожнаму добраму чалавеку столькі спрыту і энергіі.
— Ну што ж, — сказаў я, — нічога не зробіш, хадзем ужо да нас.
— Не хочацца толькі браць у рукі гэтае мокрае кацянё, — сказала дачка.
Але кошка і не збіралася прасіць нас аб гэтым. Яна сама ўзяла сваё дзіця зубамі за карак і пайшла побач з намі. Так мы прыстойнай сямейкай і прыйшлі ў сваю хату.
У кухні пліта была яшчэ цёплая, і тут жа быў чалеснік1 рускай печкі. Кошка адразу знайшла сабе месца, дзе ёй будзе лепей за ўсё — у печцы, ля цёпленькай пліты.
— Ну і добра, — сказалі мы, — жыві сабе тут. Толькі, мусіць, павячэраць табе трэба даць.
Але не паспелі мы падрыхтаваць ёй вячэру, як яна выскачыла з печкі і пачала прасіцца за дзверы. Мы сталі ўгаворваць яе:
— Ды пачакай трохі. Куды ты?
Але яна і слухаць не хацела — усё крычала і драпала дзверы.
Тады мы сцямілі, што перашкаджаць ёй не трэба: яна, відаць, з прыстойнай сям’і, добра выхавана і хоча выйсці на двор на хвілінку.
Выпусцілі яе. Прайшло колькі хвілін, чуем — скрабецца яна ў дзверы. Адчынілі — і бачым: яна прынесла другое кацянё. I зараз жа з ім у печку.
Не скажу, каб мы былі надта ўжо рады, што сям’я наша так хутка павялічваецца, але кошку ўсё ж такі пахвалілі:
— Добрая маці. Маладзец, Багіра.
Тут мы ўсе заўважылі, што яна сапраўды нагадвае Багіру, і аднагалосна зацвердзілі гэтае імя.
Дачка зноў хацела даць ёй вячэраць — і зноў Багіра стала прасіцца за дзверы. Ці не хоча яна яшчэ прынесці нам дзіця? Дзякуем за ласку.
Але што з ёю рабіць? Не пускаць за дзверы, ці што? Прыйшлося зноў выпусціць. А праз некалькі мінут яна сапраўды прынесла трэцяе кацянё…
Такім чынам праз якія паўгадзіны сям’я наша адразу павялічылася на чатыры адзінкі. Сказаць, што мы былі рады, — ніяк нельга. Але да кошкі-маткі адчулі вялікую павагу. Якая яна была сур’ёзная, руплівая. Як ні павернецца, што ні зробіць — усё правільна, разумна, таксама як зрабіў бы кожны з нас. За гэты час яна ніводнай мінуты не патраціла дарэмна і не зрабіла нічога лішняга, не сунула свой нос, куды ёй не трэба, не пацікавілася нічым, апрача сваёй справы.
Мы гаворым, што ў жывёл не розум, як мы яго разумеем, а інстынкт, гэта значыць, прывычныя, але несвядомыя рухі і дзеянні, патрэбныя ім для жыцця. Пчала робіць сваю ячэйку, зусім не думаючы, што, як і дзеля чаго яна робіць. Мурашка цягне ў свой бок галінку, а яе зямляк падбяжыць дапамагаць і пачне цягнуць у другі бок — і яны абодва так і будуць тузацца, не ведаючы, што яны робяць. Мы самі, калі дакранаемся рукой да агню, то зараз жа інстынктыўна торгаем руку назад, а потым ужо сваім розумам цямім, у чым тут справа. Усё гэта — праявы інстынкту. Няўжо ж і наша кошка затрымлівала на вуліцы людзей, прасіла іх вярнуцца і памагчы яе дзіцяняці, сачыла, каб дзіця не замерзла, памятала пра іншых сваіх дзяцей і прыносіла іх у хату, адным словам, развіла шырокую дзейнасць, зусім не разумеючы, што і дзеля чаго яна робіць? Не, хай сабе вучоныя людзі гавораць, што хочуць, а мы не згодны з гэтым. Наша кошка, відаць, зусім разумная асоба, і з ёю жыць можна будзе. Нездарма яна нагадвае Багіру, а тая, калі верыць Кіплінгу, магла разважаць лепш за якога-небудзь не надта разумнага чалавека.
Але на другі ж дзень выявілася, што наша Багіра, можа, наогул і вельмі разумная, у арыфметыцы ўсё ж крыху адстала. Дзеці, гуляючы на суседнім двары, знайшлі там мёртвае маленькае кацянё. Відаць, яно замерзла ў гэтую ноч. Не было ніякага сумнення, што гэтае кацянятка — родны брат трох нашых. Кошка, прынёсшы да нас першага, ведала, што там у яе яшчэ ёсць дзеці. Ведала яна гэта і пасля другога. А пасля трэцяга ўжо не ведала. Выходзіць, што яна ўмела лічыць толькі да трох. Але няхай сабе і так. Усё роўна не ў кожным доме знойдзеш кошку, якая ўмее табе лічыць да трох.
Такім чынам зажылі мы ўсе разам дружнай сям’ёй. Наша Багіра карміла і песціла сваіх дзяцей, як лепей і быць не можа. I ў якой чысціні яна іх трымала! Лізала іх безупынна і ўсюды, не спыняючыся ні перад якім брудам. Затое ж і блішчалі яны ў яе, як цацкі. Ды яны для нас і сапраўды былі цацкамі.
Хто не ведае, якімі мілымі і пацешнымі бываюць малыя кацяняты! Асабліва калі разгуляюцца. Колькі смеху было нам, калі аднаго разу двое з іх пацалаваліся як мае быць: абнялі лапкамі адзін аднаго за шыю і тыцнуліся насамі. Не было такога чалавека, які мог бы прайсці міма іх, калі яны дурэюць. Затое іх маці трымала сябе аж занадта сур’ёзна: ні разу не скокнула, не пажартавала, нават ні разу не ўсміхнулася. Вельмі важная і разумная была Багіра. Як жа было яе не шанаваць!
А праз некаторы час яна паказала яшчэ, што мае і высакароднае сэрца. На наш двор аднекуль прыблудзіла чужое чорнае кацянё. Узросту яно было прыблізна такога, як і нашы, толькі надта брыдкае і няшчаснае: худое, аблезлае, пузатае, з хворымі вачыма і абарваным вухам. Дзеці яго гналі, штурхалі, а яно ледзь рухалася. Ішла раз міма яго Багіра: кацянё пасунулася было да яе, але кошка грэбліва ўхілілася ад яго. А праз дзень бачым — вядзе яго да нас у хату, корміць, ліжа.
Гэтага толькі не хапала. Поўная хата катоў, а тут яшчэ нейкага бруднага прымай. Але як было нам, добрым і разумным людзям, праганяць няшчаснае кацянё, калі нават жывёліна пашкадавала яго? Няўжо мы будзем горшымі за жывёлу? Тады нам сорамна будзе глянуць у вочы паважанай Багіры. Тады і яна і суседскія куры засмяюць нас. Ды і не мы будзем яго гадаваць. Хай сама Багіра і ставіць яго на ногі. Так яна і зрабіла.
Калі кацяняткі падраслі, мы сталі аддаваць іх у людзі. Цэлая чарга стварылася з нашых суседзяў па доме. Калі аддалі першую шэранькую кошачку ў кватэру сёмую, Багіра нібы не заўважыла яе адсутнасці. А вось калі аддалі другое кацянё, у кватэру чацвёртую, і ў нас засталося ўсяго два, тады маці адразу заўважыла, бо лічыць жа да трох умела. Крычыць, шукае па ўсіх кутках, не дае есці тым, што засталіся з ёю, імкнецца за дзверы. Так, галосячы, і з хаты пайшла.
Вярнулася спакойная. Глянула гаспадарскім вокам у адзін куток, у другі, пакарміла дзяцей, памыла іх — і зноў пайшла. Ніякага гора, ніякага крыку. Мала таго — нават начаваць не прыйшла дадому. Што гэта з ёю? Можа, так пакрыўдзілася, што зусім пакіне нас?
Але на другі дзень яна прыйшла. I нават мышку прынесла. Пагасцявала трохі, дагледзела дзяцей — і зноў пайшла гуляць. Вось табе і паважаная Багіра. Трымае сябе, як немаведама хто… А калі праз колькі дзён мы аддалі яшчэ адно кацянё, у кватэру шостую, і ў нас засталося ўсяго адно, то наша Багіра аднеслася да гэтага так, нібы такая справа яе зусім не датычылася. Толькі яшчэ радзей стала наведваць нас. Што такое з ёю здарылася? Але трэба сказаць праўду: дзіця яе ад гэтага ані трохі не цярпела. Усё ж такі некалькі разоў на дзень маці прыйдзе, накорміць, памые, нават паляжыць трохі з ім, — а потым зноў пойдзе.
Глядзім мы раз праз акно — нясе Багіра мышку свайму дзіцяці. Мы пайшлі адчыняць ёй дзверы, але яна… прайшла міма нас і панесла мышку ў кватэру шостую…
Дык вось у чым справа. Вось чаму наша Багіра не гаравала. Вось чаму яна дома не сядзела.
Яна даглядала сваіх дзяцей ва ўсіх кватэрах разам…
У кожнай кватэры лічылі, што кошка толькі і ведае, што іхняе кацянё: прыходзіць, корміць, мые, прыносіць мышэй, гуляе з дзіцём — нібы ў яе іншага клопату няма. А яна гэткім чынам працавала аж на чатыры кватэры. Вось чаму яна была такая заклапочаная, не траціла дарэмна часу, доўга не бавілася ў нашай хаце.
Цікава было яшчэ тое, што мышэй і пацукоў яна насіла па чарзе ва ўсе кватэры, нікога не крыўдзіла. Аднаго разу было так: скрабецца яна ў нашы дзверы, просіцца; яе сынок пачуў і падбег ужо да дзвярэй. Адчынілі мы, глядзім: прынесла Багіра мышку, якую наш каток зараз жа і схапіў. Маці тады завярнулася і пайшла сабе назад: прынесла, аддала — навошта ёй і ў хату ісці? I без таго работы многа: і ў чацвёртай кватэры чакаюць, і ў сёмай, і ў шостай — хоць ты разарвіся.
Можа, хто захоча спытацца: якім чынам Багіра магла абслугоўваць чатыры кватэры, калі сама ўмела лічыць толькі да трох? Нялёгка, вядома, адказаць на такое запытанне замест Багіры, але думаем, што яна сваю хату не лічыла — вось тады і застанецца тры.
Як бы там ні было на самай справе, а мы лішні раз пераканаліся, што наша Багіра — найлепшая кошка ў свеце. Мы нават гатовы былі прасіць у яе прабачэння за тое, што падумалі, нібы яна сапсавалася і загуляла.
Нарэшце прыйшоў час, калі Багіра зусім пакінула ўсіх сваіх дзяцей і забылася на іх. Мы ахвотна аддалі людзям і апошняга катка, каб жыць толькі з адной іхняй маткай. Ды і хто не хацеў бы жыць з такой разумнай асобай!
Але хутка ў нас з ёю пачаліся непаразуменні. Калі яна пазбавілася клопату аб дзецях і ёй больш не было чаго рабіць, яна пачала ўмешвацца ў нашы гаспадарчыя справы, ды так нахабна, што ніякай рады нельга было даць. Калі хоць трохі адвернешся, не даглядзіш — яна зараз жа нашкодзіць. Нічога ад яе не схаваеш — усюды дабярэцца. Калі збан малака накрыты сподкам — яна сподак скіне, калі завязаны — яна перакуліць. Калі буфет зачынены не зусім шчыльна — яна сама яго адчыніць. А раз ухітрылася выцягнуць з закрытай каструлі мяса — і каструля засталася закрытай. А ноччу часам адбываліся такія выбухі ад скінутых рэчаў, што, здавалася, самалёты робяць бамбёжку.
Ужо ж як мы яе ўгаворвалі, саромілі, выхоўвалі, дрэсіравалі — нічога не выйшла, ніяк не маглі з ёю дагаварыцца. Нічога яна не магла ці не хацела зразумець, хоць і ўмела лічыць да трох.
I цяпер мы шкадуем, што так яе расхвалілі на ўвесь свет.
1. Чалеснік — адтуліна за прыпечкам.