Увага! Поўны змест
Горача, душна. У вёсцы пуста. Усе калгаснікі ў полі на рабоце. Там у Толіка і мамка, і татка, і брат Зміцер, і сястра Люба. А яго, Толю, пакінулі дома з бабуляй. Бо ён, кажуць, малы. А які ён малы, калі яму ўжо мінула шэсць гадоў. Вось Петрык, што жыве насупраць, дык той сапраўды малы: яму толькі чатыры гады, і ён нічога не разумее. А калі што і разумее, то зусім па-дзіцячаму. Проста смешна слухаць, як гэты Петрык пачне хваліцца, што ўсіх фашыстаў пазабівае, увесь свет забярэ або каменьчыкам самалёт саб’е. Адразу відаць, што зусім яшчэ малое і дурное дзіця. А Толя так не скажа. Толя разумее, што не толькі Петрык, але і сам ён нічога фашыстам не зробіць і самалёта каменьчыкам збіць нельга. Гэта могуць зрабіць толькі чырвонаармейцы, бо ў іх ёсць і шлемы на галовах і стрэльбы ў руках. I коні ў іх ёсць добрыя. Не горшыя за Толевага каня, хоць той і з бярозавага пугаўя зроблены.
Нямала паездзіў па свеце Толя на сваім кані. Захоча пабываць ля школы, на другім канцы вёскі,— і конь мігам даставіць яго туды. Захоча пакупацца ў рэчцы за сялом, сядзе верхам на свайго каня — і сам не заўважыць, як апынецца ля рэчкі. А зусім нядаўна ён нават прымаў удзел у паходзе з сапраўднымі чырвонаармейцамі на сапраўдных конях. Толя доўгі час ехаў побач з імі на сваім кані, так што нарэшце камандзір не сцярпеў і пахваліў яго:
— Малайчына, кавалерыст!
Гэтая пахвала абрадавала не толькі Толю, але і яго каня. Як падскокне ён ды як панясе — ледзь Толю не скінуў. Але Толя з ім хутка справіўся. Затое камандзір зноў пахваліў яго, і чырвонаармейцы цешыліся і смяяліся.
Не дзіва пасля таго, што Толя любіў чырвонаармейцаў не менш, як татку, мамку, брата Зміцера і сястру Любу. I дзе б толькі не ўбачыў ён чырвоных байцоў, як зараз жа ляцеў туды на сваім кані. А выпадкі такія трапляліся досыць часта, бо за кіламетраў дзесяць ад іх стаяла аж два палкі кавалерыі. Апрача таго, непадалёк ад вёскі скрыжоўвалася некалькі дарог, і тут досыць часта праязджалі не толькі коннікі, але і танкі, і гарматы. Усё гэта давала Толю пэўнае права лічыць сябе звязаным з Чырвонай Арміяй. I ён гэта паказаў на справе.
Спякота. Цішыня ў вёсцы. Нават ветрык змарыўся і заціх. Пыл, узняты Толевым канём, доўга стаіць у паветры, нібы раздумвае, апусціцца яму на зямлю ці не. А далёка на дарозе ўзняліся слупы пылу, нібы хмары. Толя адразу сцяміў, што калі такі пыл, то там, пэўна, рухаецца войска. А калі войска, то ён абавязкова павінен быць з ім. Толя сцебануў свайго каня і памчаўся па дарозе.
Насустрач сапраўды рухалася войска — атрад з дваццаці або болей коннікаў. Ехалі яны рыссю, і Толя на сваім бярозавым кані хутка адстаў ад іх і згубіўся ў пыле. А найбольш крыўдна было тое, што ніхто з чырвонаармейцаў не звярнуў на яго аніякай увагі. Нібы таго чалавека з яго канём зусім і на свеце не было. Мажліва, што заднія байцы не бачылі Толю праз пыл, але камандзір ехаў наперадзе і павінен быў бачыць. Толя ж так глядзеў яму ў вочы і ў рот, чакаючы пахвалы, што толькі сляпы мог гэтага не заўважыць. I вось жа ён не звярнуў увагі. Крыўдна, вельмі крыўдна. Каб Толя не быў мужчынам і байцом, ён, пэўна, заплакаў бы.
Раз’езд абмінуў вёску, спусціўся да ракі, к мосту, і спыніўся. Чырвонаармейцы злезлі з коней, завялі іх у кусты, а самі размясціліся на траве сярод алешніку і чагосьці чакалі. I глядзелі ў той бок, адкуль ехаў Толя. Напэўна, яны чакаюць яго. А калі ён пад’ехаў да іх блізка, то адразу пачуў:
— Здароў, чырвоны кавалерыст!
— Давай мяняцца коньмі!
— Дай жа адпачыць свайму каню!
I яшчэ ўсялякія такія словы казалі Толю байцы.
Ад такой увагі не толькі ў шасцігадовага Толі павінна была закружыцца галава, але яна закружылася б нават у дзесяцігадовага Мішы, які так задзірае нос перад Толем. Толя пачаў паказваць перад чырвонаармейцамі ўсё сваё майстэрства верхавой язды. Ён гнаў свайго каня на ўвесь дух і спыняў яго ў адзін міг. Ён рабіў на сваім кані такія завароты — і ўправа, і ўлева, і ва ўсе бакі,— што чырвонаармейцы аж клаліся ад захаплення. А калі Толеў конь занаравіўся ды стаў на дыбкі, ды пайшоў задам, то тады і сам камандзір пахваліў:
— Малайчына, джыгіт!
Што такое «джыгіт», Толя не ведаў, але быў*упэўнены, што гэта нешта добрае, бо камандзір вельмі ласкава ўсміхаўся. Ды і ўсе чырвонаармейцы цяпер былі зусім не такія, якімі ён сустрэў іх на дарозе. Здавалася, што ўсе яны былі вельмі рады, што пабачылі Толю, што яны толькі таго і чакалі, можа, нават і ехалі сюды дзеля таго, каб з ім сустрэцца.
Адзін баец падхапіў Толю разам з яго канём, пасадзіў на свайго каня і, трымаючы адной рукой хлопчыка, другой пачаў вадзіць каня. У Толі аж дух заняло ад шчасця. Ці мог ён спадзявацца, што яму калі-небудзь давядзецца ехаць на сапраўдным сядле? А сядло рыпае ды пахне так прыемна. Эх, каб убачылі цяпер яго Петрык, Міша! I бабуля, і дзед Даніла, і дзядзька Рыгор. I татка, і мамка, і брат Зміцер, і сястра Люба…
Раптам зноў закурыўся пыл на дарозе. Як птах, прыляцеў конны чырвонаармеец і пачаў нешта гаварыць камандзіру. Той закамандаваў, і ўсе чырвонаармейцы замітусіліся, як мурашкі ва ўстрывожаным мурашніку. А Толю сказалі:
— Бяжы, браток, дахаты, бо тут зараз будзе вайна.
— Вайна? З фашыстамі? — затаіўшы дыханне, спытаўся Толя.
— А то з кім жа? — засмяяўся чырвонаармеец.— Вядома, з фашыстамі.
— I я таксама хачу ваяваць!
Дружным і ласкавым смехам сустрэлі байцы такую заяву, але прапановы не прынялі.
— Пачакай, потым,— сказалі яны.— Паспееш яшчэ. А цяпер хавайся з дарогі, бо коні растопчуць.
Устрывожаны хлопчык ціха пайшоў па краі дарогі, увесь час азіраючыся назад, на сваіх прыяцеляў. А тыя раптам зніклі, нібы скрозь зямлю праваліліся. Зніклі разам з усімі сваімі коньмі.
«Добра схаваліся,— з палёгкай уздыхнуў Толя.— Нізавошта фашысты не знойдуць».
У Толі цяпер застаўся толькі адзін клопат — пра татку, пра мамку, пра брата Зміцера і сястру Любу. Ці міне іх фашысцкае войска? Ці будзе іх шукаць у полі, ці так пакіне? Ды і сама вёска разам з бабуляй таксама ў небяспецы. Можа, фашысты спаляць яе, а ўсіх жыхароў пазабіваюць? Нарэшце, і сам Толя таксама можа напаткаць фашыстаў. Што будзе? Што будзе?.. Калі іх яшчэ не так многа, то схаваныя чырвонаармейцы справяцца з імі. А калі іх будзе вялікае войска, што тады рабіць?.. Ніколі не думаў Толя, што пападзе ў такі пераплёт, трапіць у самую сярэдзіну вайны.
Зноў задыміў пыл на дарозе… Цяпер ужо Толева сэрца моцна-моцна застукала. Гэта ж фашысцкае войска ідзе!.. Два коннікі ляцяць наперадзе. Спыніліся, азіраюцца па баках. Якія яны хітрыя! Убраліся, нібы чырвонаармейцы.
Раптам яны ўбачылі Толю і… накіраваліся проста да яго! Толя і сам не заўважыў, як у яго вырваўся крык:
— Мама!..
I ён заплакаў, забыўшыся, што ён мужчына.
Гэта былі такія шчырыя слёзы, што нават ворагі памякчэлі. Адзін з іх саскочыў з каня, падьішоў да Толі і пачаў гаварыць ласкавым голасам:
— Ну, чаго ты спалохаўся, хлопчык? Хіба ніколі не бачыў чырвонаармейцаў? Ну, супакойся. Мы нічога дрэннага табе не зробім.
«Выдаюць сябе за чырвонаармейцаў»,—падумаў Толя. Але ён не такі малы і не такі дурны, каб гэтаму даць веры. I выгляд іх зусім не такі, як у сапраўдных чырвонаармейцаў. Тыя добрыя, вясёлыя, ласкавыя, а ў гэтых выгляд злосны. Але пакуль што яны яму нічога дрэннага не робяць. Можа, ён выкруціцца як-небудзь з іхніх лап.
— Ты не бачыў, хлопчык, тут чырвонаармейцаў?
Толя адразу сцяміў, чаго хочуць ворагі, і паспяшыў адказаць:
— Не!
— Яны павінны былі тут праязджаць. Ты не бачыў, у які бок яны паехалі?
— Туды,— паказаў Толя сваім канём зусім у процілеглы бок.
Разведчыкі пакінулі Толю і разлучыліся: адзін паскакаў назад, а другі — у той бок, куды паказаў Толя.
Радасць незвычайная ахапіла хлопчыка.
«Ашукаў фашыстаў! Ашукаў фашыстаў!» — стаў ён паўтараць сам сабе і пабег да чырвонаармейцаў, каб пахваліцца перад імі сваёй выдумкай.
Нельга сказаць, каб камандзір чырвоных быў надта задаволены, што падружыўся з гэтым хлапчуком… Манеўры — справа сур’ёзная, а тут прычапіўся гэткі «коннік».
«Блытаецца каля ног дзіцяня, перашкаджае. Яшчэ бяды можа нарабіць…» — думаў камандзір.
Але яму важна было ведаць, аб чым гаварылі разведчыкі сініх з гэтым хлапчуком. Камандзір выйшаў з алешніку, пераняў Толю і зноў схаваўся з ім у кустах.
— Ну, аб чым яны пыталіся цябе? — сказаў камандзір.
— А я ашукаў фашыстаў! — весела залапатаў Толя.— Я іх ашукаў. Яны пыталіся, дзе вы, а я паказаў, што паехалі туды. Ага, я іх ашукаў!.. . .
— А які ж ты малайчына! — з захапленнем сказаў камандзір.— У такім разе сядзі ўжо тут і будзем разам ваяваць.
Зноў заварушыліся чырвонаармейцы, размясціліся інакш і замерлі. Толя сядзеў ля камандзіра. Побач — чырвонаармеец з кулямётам.
На ўзгорку паказаўся вялікі атрад. Большасць паехала ў той бок, куды паказаў Толя, астатнія пачалі спускацца на мост, пільна азіраючыся навакол. Асабліва ўглядаліся яны ў тое месца, дзе сядзеў Толя. Ці не бачаць яны яго? Яны, мусіць, ведаюць ужо, што Толя іх ашукаў, і шукаюць яго. Эх, каб Толю ды стрэльбу, тады ён нікога не баяўся б! А без стрэльбы на вайне нічога не зробіш. Трэба хоць схавацца лепей. I Толя пасунуўся глыбей у куст.
— Не варушыся! — строга прашаптаў камандзір, не зводзячы вачэй з дарогі.
Толя замёр.
А фашысты тым часам мінулі мост і павольна набліжаліся да таго месца, дзе ляжалі чырвонаармейцы. «Чаму нашы не страляюць?»—з трывогай думаў Толя. Каб у яго была стрэльба, ён зараз іх усіх пастраляў бы. А нашы чакаюць немаведама чаго.
Так і ёсць. Фашысты спыніліся і пачалі злазіць з коней. На кані застаўся толькі адзін камандзір. Ён нешта сказаў сваім салдатам, і двое з іх накіраваліся да кустоў. Зараз яны знойдуць і Толю, і чырвонаармейцаў… А нашы маўчаць…
— Страляйце, страляйце! — закрычаў тады Толя на ўвесь голас.
I адразу навакол загрукатала, затрашчала, загуло. З крыкам «ура» нашы кінуліся на дарогу, усе перамяшаліся… А потым усё сціхла — вайна скончылася, усіх фашыстаў пазабіралі ў палон.
Кулямётчык падхапіў Толю на рукі і вынес на дарогу. Яго сустрэлі весела не толькі свае, але і палонныя «фашысты». Усе смяяліся з Толевай «каманды», але наш камандзір быў заклапочаны.
— Уляціць нам за гэта, — сказаў ён сур’ёзна. — У сапраўднай аперацыі так рабіць нельга.
— Але ж ён нам дапамог, — сказаў кулямётчык. —Хіба мы не маем права карыстацца дапамогай насельніцтва?
— Можна карыстацца звесткамі, — адказаў палонны камандзір, — а вы яго ўцягнулі ў самую аперацыю.
— А можа, у сапраўднай вайне так і будзе, — заўважыў нехта з байцоў.
— Усё гэта разбяром на разглядзе нашых сённяшніх дзеянняў,— сказаў камандзір і скамандаваў: — Па конях!
У адзін міг усе апынуліся на конях.
— Вось табе за храбрасць, герой! — крыкнуў кулямётчык і кінуў Толю два пустыя патроны.
Толя падняў іх і задумліва стаў глядзець услед коннікам, што ад’язджалі. Усё добра, але чаму гэтыя «злыя фашысты» зусім такія самыя, як нашы, і чаму нашы з імі дружаць?..
Прыбеглі Міколка і Сцёпка. Яны з зайздрасцю глядзелі на Толікавы патроны і распытвалі, што ён тут рабіў з чырвонаармейцамі. А калі Толя сказаў, што ён разам з імі ваяваў супраць фашыстаў, то яго паднялі на смех…
Вечарам Толя расказваў сваім ужо не пра вайну і фашыстаў, а пра тое, як ён сёння на манеўрах дапамог чырвоным і як яны далі яму два патроны.
1938 г