Янка Маўр — Шчасце

Янка Маўр

Увага! Поўны змест

(Эцюд)

 

  Быў адзін з тых летніх дзён, якія бываюць, мусіць, толькі на Беларусі. Сонца пячэ як мага, а гарачыні няма: лішак яе паглынаюць і рака, і зараснікі аеру ды чароту, і густыя паплавы, і непралазны алешнік ды лазняк, і бярозы, і хвоі, і ўсялякая зеляніна, што жыве навакол, дыхае, шамаціць і запаўняе не толькі прыроду, але і душу чалавека. Не відаць людзей, не чуваць, але гоману досыць і без іх: адны конікі сваім цырканнем могуць заглушыць усіх людзей, а тут яшчэ кукуюць жаўтабрухія жабы, заліваюцца мітуслівыя птушкі ды гудуць мясістыя чмялі.
  Усім радасна ў такі дзень. Радасна і мне. Радасна і вунь таму хлапчуку год васьмі, што спускаецца з гары, падскакваючы на адной назе ды махаючы белым дубцом.
  Мы сустракаемся з ім на мосце. Ён прыпыняецца і глядзіць на мяне так, нібы хоча нешта сказаць. Радасць, шчасце так і пырскаюць з яго блакітных вачэй. Я разумею яго. Калі і я гатоў усіх абняць у гэты жыватворны дзень, дык што ж павінна адбывацца ў яго маленькім чыстым сэрцы?   Я лагодна ўсміхаюся яму, ківаю галавой і кажу:
  — Добра жыць на свеце, браток, га?
  Тварык хлопчыка засвяціўся яшчэ больш, але ён нічога не сказаў. Ды і што ён мог сказаць? Мы і без слоў разумелі адзін аднаго.
  Я паціху ішоў міма, а хлопчык, нібы той сланечнік, паварочваў следам за мной свой круглы тварык. I з выразу вачэй яго таксама пырскала шчасце, і таксама здавалася, што ён вось-вось нешта скажа. Скажа, што надта прыемна ў такі дзень басанож скакаць па мосце ды махаць свежым дубцом, што ў грудзях яго цяпер вельмі цесна і адтуль нешта выпірае, што ўвесь свет вельмі прыгожы, што дзядзька, якога ён сустрэў на мосце, таксама прыгожы і добры, ды і наогул усе дзядзькі і цёткі прыгожыя і добрыя… Ён нічога не казаў толькі таму, што не ўмеў выказаць такіх думак і пачуццяў. Ды яно і не трэба было — я і так усё разумеў. Хіба я сам калісьці не быў такім, як ён? Хіба я сам не адчуваў радасці жыцця? Асабліва ў такі цудоўны дзень.
  Я яго разумеў. Але ён, відаць, гэтага не ведаў, бо ўсё глядзеў мне ў вочы, нібы чагосьці чакаючы ад мяне. Ён заліваў мяне сваім шчасцем, а я ў адказ нічога не мог яму даць. Для яго маёй шчырай і ветлівай усмешкі было мала. Мне трэба яму нешта сказаць. Але што? Што яму сказаць, каб перадаць усю тую цеплыню, якую я да яго адчуваю? А мне засталося ступіць толькі адзін крок — і мы размінёмся. Размінёмся, можа, навекі.
  — Як цябе зваць? — сказаў я нарэшце, каб толькі не маўчаць.
  Сказаў — і зараз жа пачырванеў ад сораму: хлопчык нічога мне не адказаў. Сваім дзіцячым інстынктам ён, відаць, зразумеў, што словы гэтыя сказаны так сабе, абы сказаць. Мала таго: твар яго перастаў свяціцца, нават неяк балюча скрывіўся. А потым… потым з грудзей яго вырваўся крык!..
  Не адзін год прайшоў з таго часу, а голас хлопчыка і цяпер гучыць у маіх вушах.
  Гэта быў шчыры, мімавольны крык дзіцячай душы. У ім былі і крыўда, і расчараванне, і надзея, і горкі папрок да нас, дарослых і разумных людзей.
  Два словы толькі было ў гэтым крыку:
  — Дзядзька! Шапка!..
  Але гэтага было досыць, каб зразумець, хоць і са спазненнем, усю тую трагедыю, якая адбылася тут, на мосце, у гэты радасны летні дзень.
  У хлопчыка на галаве была новая шапка, якую ён надзеў, відаць, першы раз. Добрая шапка, шэрая, каляная. Яна ахапіла не толькі галаву хлопчыка, але ўсё цела і душу. Гэта ж праз яе сёння такі цудоўны дзень, а я гэтага не ведаў. I сонца так шчодра свеціць толькі дзеля таго, каб усе здалёк маглі бачыць шапку, а я не заўважыў яе і зблізку. Адзін: усяго толькі адзін крок заставалася зрабіць — і ўся сустрэча пайшла б прахам. Ці магла чулая дзіцячая душа сцярпець такую несправядлівасць, такое халоднае бяздушша?
I яна не сцярпела…
  Я адчуў сябе вельмі вінаватым і кінуўся выпраўляць сваю віну.
  — Ах, якая цудоўная ў цябе шапка! — крыкнуў я. — Пакажы, пакажы!
  Вочы хлопчыка зноў засвяціліся радасцю.
  Я зняў з яго галавы шапку. Яна сапраўды хрусцела, як бляшаная.
  Хлопчык глядзеў на мяне ўдзячнымі вачыма, бы на свайго збаўцу.
  — Які казырок! I шнурок! I гузікі два! — стараўся я. — А падкладка якая цудоўная! Хто купіў?
  — Мамка! — з гордасцю адказаў хлопчык. Несправядлівасць была выпраўлена.
  I мы абодва, зноў шчаслівыя, разышліся кожны сваім шляхам.

 

1947 г.

Сказать спасибо
( 6 оценок, среднее 2.5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений