Руская балада. XVII стагоддзе
Ратай ідзе паціху за сахою,
Што так спаволыш сунецца ў зямлі,
I часта ўсё спыняецца – цягло
Стамілася: ў пярэдыхах маленькіх
Чуваць, як цяжка хакаюць траіх.
Але іх не падгоніш, «Но!» не крыкнеш,
Не свіснеш ёмка пугаю-звіванкай,
Якую ўзяў з сабой ратай на звычцы
I круціць сарамяжліва ў руках…
Тут пуга не патрэбна – сошку цягнуць
Сівая маці з прыгажуняй жонкай,
А каля іх, нібыта жарабятка,
Шчыруе прыпражны сынуля-жэўжык –
Ён напінаецца, здаецца, больш за ўсіх.
Ратай ласкава так глядзіць на сына
I просіць:
– Ты цішэй цягні, Івашка,
А то не паспяваю за табой я, –
Саха ляціць, нібы за жарабком…
I раптам да ратая незаўважна
Пад’ехала людзей на конях процьма,
А іх галоўны (мусіць, пан вялікі:
Зялёныя саф’янавыя боты,
Кафтан на ім, – ды гэткі ўжо шыкоўны,
На галаве – з чырвоным верхам шапка…)
Знячэўку крыкнуў:
– Што ты робіш, кат!
Як ты пасмеў араць зямлю на людзях?!
Ратай збялеў і пану – бух! – у ногі:
– А што ж рабіць мне, беднаму, паночак:
Каня няма – забралі за падаткі.
– Эх ты, мужчына! – пан злуе
і злазіць
З каня свайго і аксамітны повад
У чорныя парэпаныя рукі,
Якія ўсё яшчэ дрыжаць ад страху,
Ён аддае:
– Бяры майго – ары,
А я твайго у пана забяру…
I сам пайшоў.
I коннікі за ім
Паехалі паволі.
А ратай
Стаяў з канём і ўсё, як ашалелы,
Сябе шчыпаў, каб неяк апрачнуцца,
Калі ўсё гэта сон.
А потым
Шчыпаць каня пачаў.
О, радасць! –
Конь селяніна раптам убрыкнуў!
Ратай стаіць з рассечанай губою,
Размазвае па твары кроў, смяецца
I радасна крычыць:
– Івашка!
Дык конь жа, брат, сапраўдашні, не прывід
Зірні, як моцна б’ецца капытом!
А сын глядзіць на пыльную дарогу,
Дзе ўперадзе вялізазнага войска
Пайшоў багаты пан той
пехатою
(На галаве – з чырвоным верхам шапка,
Кафтан на ім – ды гэтакі шыкоўны,
Зялёныя запыленыя боты…)
Па іхняга каня да багацеяў
Пайшоў незразумелы гэты пан –
Сцапан Разін.
Крыніца: Сіпакоў Я. Веча славянскіх балад. – 2-е выданне. – Мн.: Маст. літ., 1988. – 263 с.