Янка Сіпакоў — Мячык

Янка Сіпакоў

Польская балада. XX стагоддзе

Скача мячык, скача мячык, —
Паспрабуй ты дагані!
За калючым дротам мячык
Скача весела ў гульні.

Ах, які харошы дзядзька,
Хоць і немец:
Пагуляць даў мяч-прысядзьку,
Мяч-шаленец.
Дзядзька ж доктар.
Ну, а дзеці
Добра знаюць,
Дактароў благіх на свеце
Не бывае.
Дактары заўжды вясёлыя
Прыходзяць
I хваробы ўсе уколамі
Выводзяць…

Скача мячык, скача мячык, —
Паспрабуй тут дагані,
Калі ў роце, апроч плачу,
Ні халоднай, ні гарачай
Ежы не было ані.

Ах, які харошы доктар
Немец гэты —
Абяцае місу ўкоптар
Бульбы грэтай…
Падагрэтай — пасля ўколаў
Абяцае.
Ну ці скора тыя уколы?!
Бо іх голад, бо іх голад
Так чакае…

Ну, а доктар кіпяціць, напэўна,
Шпрыцы,
Каб пры ўколах ім, малым,
Не заразіцца…

Скача мячык, скача мячык,
Скача весела ў гульні.
Бульба ж варыцца — няйначай…
Пахне, мусіць, бульба смачна…
— Гэй, гані яго, гані!

Колькі радасці наўкола —
Як чакаюць дзеці ўколаў!
Бегаць вучацца нанова
На нагах — сцяблінках кволых,
I смяяцца (зноў — нанова),
Як у садзіках вясёлых
Ці на перапынку ў школах.

Ажывілі дзетак гульбы.
Скача мячык… Пахне бульба…
Мячык… бульба…
Бульба… мячык…
Скачуць…

.  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  . 

А ты, хлапчанятка,
Чаму не смяешся з усімі
I не спрабуеш дагнаць
Развяселены мячык?
Чаму ты глядзіш на гульню тужліва,
Вачыма такімі —
Як плачаш.
Ідзі,
Дзядзя доктар табе вунь махае рукою…
Усё ўжо гатова —
Ад лякарства ўгінаецца столік…
— Я ведаю, вы забойца.
Мяне вы заб’еце.
I толькі за тое,
Што я поляк.
Вы — фашыст.
Вы ніякі не доктар.
Я ведаю добра таксама,
Што не лякарства,
А смерць гэтак доўга вы нам рыхтавалі.
Мама!
Пракляні гэты мячык, мама,
Які нам фашысты далі!
I выгукнуў смела хлопчык, —
Адкуль ён сабраў столькі сілы!
— Верш, што калісьці ў школе

хорам вучылі:

«Хто ты естэсь?
Поляк малы!
Які знак твуй?
Ожэл бялы!..»

Скача мячык, скача мячык…
А дзяцей той крык спыніў.
За калючым дротам мячык
Скача сумна, не ў гульні,
Мячык, што гульні дзіцячай
Так бязлітасна зманіў…

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений