Янка Сіпакоў — Шахматы

Янка Сіпакоў

Руская балада. XIX стагоддзе

«Палац князёў» — астрожная вязніца.
I ўдзень тут свечка хліпкая гарыць,
I полымя пудліва мітусіцца,
Як сполахі няздзейсненай зары.

Прыціхла вёсачка малая пад гарою
З вялікай назвай навырост — Чыта.
Ад свету адгароджаная мроя
Завостранымі мачтамі плата.

— Ваш ход. Вы не забыліся, прабачце?
— Я? Што вы — помню. Ход і праўда мой…
— Хадзіць так нельга…

— Нельга? Хто там плача?

Што за дзіця ў турме?!

Хутчэй адпраў дамой!

На яго месцы закруціўся б кожны,
Як трэска на узвіраным плыву,
Каб катаржнікаў шаць яснавяльможных
Звалілася вось так на галаву.

Хаця астрожнікі адзеты не па модзе,
Ды князь — ёсць квязь:

памылішся здаля.

І камендант, здараецца, заходзіць
У шахматы з князямі пагуляць.

— Ваш ход, — кажу. — Чакаю зноў, васпане.
Ратуйце караля хутчэй свайго…
Звініць зланцужаны астрожнік у кайданні,
I камендант сапе каля яго.

Князя, князі… Не вопраткай — абліччам.
Дый камендант — не прыстаў станавы:
Як катаржнікаў, ён на «ты» іх кліча,
А як князёў — з пашанаю, на «вы».

А што ты зробіш!

Сувязі — то ж мара.

Уся сталіца ў іх руках амаль.
I родзічы шыкоўныя і зараз
З’язджаюцца хутчэй за ўсё на баль.

А што нам баль! I той вунь абадранец
На балях гэтакіх яшчэ нядаўна ззяў,
А зараз вуліцу мяце — таксама танец! —
I смецце носіць на падводу. Звяў.

Але ж, але ж… Нягледзячы на гэта,
Нягледзячы на снежаньскі зімовы гром,
Блішчаць на сваяках іх эпалеты.
А сем’і іх знаёмыя з царом.

Таму да дзекабрыстаў пасля працы
Заходзіць пагуляць як да сяброў,
Хоць ведае: гідліва атрасацца
Ён будзе потым доўга ад клапоў.

Клапы, клапы… Як церпяць іх князёўны,
Што на спатканні ходзяць у астрог,
Стамлёныя абразаю вандроўнай,
Пасля такіх даўгіх, як лёс, дарог?!

Ужо і дзеці ў цэлях, бач, галосяць —
Ахвяры неабдуманай любві.
Яны — адрынутыя. I ніхто не ўпросіць
Вярнуць яснавяльможнасць іх крыві.

I ўсё ж ён астанецца ў іх даверы —
Нашто яму вяртацца на раллю…
— Хадзіце. Пагражаюць афіцэры
Вашаму, зірніце, каралю.

Што гэта — дзёрзкасць?

Ці якія змены?

Ён жа адказвае за кожны іхні крок…
Няма акон — у цэлях толькі сцены,
Няма святла — між сценаў толькі змрок.

Што, далажыць аб дзёрзкасці начальству? —
Вам шах! Не дапаможа пешак раць.
Не, лепей з князем,

мусіць, не змагацца,

Не, лепей князю ўсё-такі прайграць.

Здаецца камендант.

I мару, нібы промнік,

Хавае ад сібірскіх лютых бур:
А можа, і князі яго успомняць,
Як вернуцца — хто знае? — ў Пецярбург.

«Палац князёў» — астрожная вязніца.
I ўдзень тут свечка хліпае, гарыць,
I полымя пудліва мітусіцца,
Як водбліскі няздзейсненай зары.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 1 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений