Нялёгка з пушчай вольнай разлучыцца
I апынуцца ў цеснакутай клетцы…
Кідаецца ва ўсе бакі ваўчыца
I на свабоду вырвацца імкнецца.
Ды сталь крышыць – замала ў яе сілы.
Яна прылегла ціхенька ў знямозе.
Прылегла… I, тужлівая, завыла
Па ваўчанятах родных, па бярлозе.
Кранаў за сэрца голас яе слабы,
Хоць ён і з пашчы воўчае выходзіў.
Яна ж праз краты высунула лапы –
Хай хоць яны пабудуць на свабодзе.