Яўгенія Янішчыц — Маналог вавёркі

Яўгенія Янішчыц

Вось і мяне, як іншых, прыручылі…
А я ж сама ірвалася штосілы
З зялёнага свайго кутка ляснога,
Шукала іншы, болей прыгажэйшы,
Мяняючы пры гэтым процьму дрэў…
I вось знайшла… адно навекі кола,
Дзе ў ім кручуся звыкла і нястомна
I дзень, і ноч; і ноч яшчэ, і дзень…
Дарэмна ж думаць, што апладысменты
Ўжо заглушылі гром лясны ці буру,
Ці кукаванне мілае суседкі.
Ці крык сляпой прыяцелькі-савы…
Калі кручу капронавае кола
I разам з ім сама ж у ім кручуся –
Я ўспамінаю па-над лесам зоры
I, нібы ў зорах, гнуткую ляшчыну,
З якой скаціўся спелы ўжо арэх…
Грэх на душы, калі ў імшастых травах
Апроч мяне не знойдуцца нікому
Крамяныя мае баравікі…
О, мой наіў – далёкі і няспраўдны!
А прыпамінак – пройдзе ці не пройдзе –
Бяды такой!..

Бо нехта ж ладзіў кола

Не для зязюлі, мілае суседкі,
Не для савы, прыяцелькі маўклівай,
А для мяне – і толькі для мяне!!!

Сказать спасибо
( 4 оценки, среднее 3 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений