Яўгенія Янішчыц — Зорная паэма

Яўгенія Янішчыц

  «Зорная паэма» – твор лірычны і падзейнага сюжэта не мае. Гэта трывожны роздум паэткі пра сучаснасць, пра будучыню планеты, чалавечай цывілізацыі, чалавека. Свой, блізкі, вясковы і гарадскі свет (лірычная гераіня нарадзілася і вырасла ў вёсцы, а жыве ў горадзе) цесна звязаны з агульным чалавечым домам. Пытанне «Што там сягоння ў сусвеце і свеце?» турбуе жанчыну ўвесь час.
 Сродкі лірычнага роду далі магчымасць аўтару ў невялікай паэме сказаць пра многія праблемы і трывогі нашага веку. Напачатку яны тычацца запаветнага «белабярозавага кута», куды «збалелае сэрца… вецер на крылах нясе». У ім

Шчодра ў барозны насыпаны зёрны.
Вечнасць пульсуе быстрой.

…Вокнаў ліштва і варотцаў узоры, –
Край на ўмельцаў багат.
Свецяць на хатах фанерныя зоры –
Душы Айчынных салдат.

 Памяць нагадвае пра нядаўняе мінулае, пра вайну, і «душа скаланецца ад болю: / Жыта на мінах дагэтуль расце!»
 Не спраўджваецца спадзяванне лірычнай гераіні, што «ў гэтай зямной і зялёнай купелі» не нагадаюць пра сябе «хіжасць і дэмагогія спрытных дзялкоў». Вёска знешне змянілася, адбудавалася, пабагацела, але раз’ехаліся, рассыпаліся па свеце яе дзеці – узгадаванае пасля вайны маладое пакаленне.

Хто нам пасведчанні жывёлаводаў
Выдаў за клас выпускны?
Ах, як разбегліся ўсе адмыслова
Як найхутчэй з-пад бацькоўскіх апек!
Любім на словах. Бунтуем на словах.
I славасловім праграмны наш век … –

гэты папрок Яўгенія Янішчыц адрасуе равеснікам, не выключаючы з іх шэрагу і сябе («Грэшна вініць мне кагосьці старонняга, / Бо і сама без выгод не жыву»). А ў вёсцы не хапае рабочых рук, не хапае людзей, якія любяць зямлю, сялянскую працу.
 Абдзеленае вайной старэйшае пакаленне, як і раней, звыкла і цярпліва нясе сваю жыццёвую ношку, сапраўднай падмогі і змены яно не дачакалася. Але сёння ўжо не толькі людзі, сама зямля «прагне …пляча абароннага, / Просіць за бульбу, за лён і за хлеб». Эксперыменты «па паляпшэнню» парушылі раўнавагу ў прыродзе: то дажджы як з вядра, то невядомая ў балотным краі ніколі раней засуха. «Высах калодзеж, хоць жыта насып»,– бядуе маці. «Бусел – ці чулі? палюе на зайца!» – здзіўляецца сусед.
 Усхвалявана Я. Янішчыц даводзіць у паэме, што даўно счакалася вёска Гаспадара, што дзяржава не надае патрэбнай увагі селяніну, што праца на зямлі нарэшце павінна стаць прэстыжнай.
 У другой частцы «Зорнай паэмы» думка аўтара абдымае ўвесь сусвет:

Змоўклым гадзіннікам свет нас лякае,
Збоем апошніх світальных мінут.
Кроўю планета ужо набракае,
Але паўзе тэрмаядзерны спрут.
…Стрэлкі шукаюць на цыферблаце
Міру, лагоды, братэрства, любві.
Людзі. Анёлы і д’яблы. Міране.
Плыць альбо не дабрыні караблю…
Што табе, сэрца, сыграць на кургане,
Як не малітву за маці-зямлю!

 Яўгенія Янішчыц гаворыць пра пагоню за дабрабытам, пра знікненне спагадлівасці, адкрытасці, душэўнасці, пра адзіноту і раз’яднанасць людзей. Але
 

Покуль да сонца расчынены дзверы
З вераю у сонечны розум людзей, –
Быць! – Я гукаю праз гром і хімеры,
Тулячы сына свайго да грудзей.

 Свой гадзіннік Я. Янішчыц настройвала на пяшчоту, лагоду, любоў, разуменне. Яна не хацела верыць, што чалавецтва дойдзе да той мяжы, за якой нікога і нічога няма:

…Не ў міфічную цягнецца Мекку
Шлях, пазбаўлены літанняў і лек.
…Чуе ў бядзе чалавек чалавека.
Да Чалавека ідзе Чалавек!

 Такімі радкамі заканчваецца паэма, напісаная на хвалі грамадскага ачышчэння сярэдзіны 80-х гадоў.

Сказать спасибо
( 3 оценки, среднее 4.67 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений