Паэма Язэпа Пушчы «Цень Консула» вельмі складаная і цяжкая для інтэрпрэтацыі. Твор гэты праецыруецца на даваенную рэчаіснасць перыяду пачатку сталінскіх рэпрэсій.
Сапраўды, пры ўсёй жорсткасці ўсіх акупацый, у тым ліку і нямецкай у першую імперыялістычную вайну, як сведчаць гістарычныя дакументы, не было масавага знішчэння насельніцтва, пагалоўнага тэрору. Тэма нямецкай акупацыі — толькі прыкрыццё палымянага асуджэння сталінскіх рэпрэсій. Паэт імкнецца намаляваць шырокі малюнак беззаконня, злачынных планаў вынішчэння ўсяго сумленнага ў народным жыцці.
Ужо ўступная частка паэмы дае амаль дакладную арыентацыю на праблемна-сэнсавае ўспрыняцце зместу паэмы. Гэта іранічная паэтызацыя палітыкі, якую сур’ёзна абагаўлялі бальшавікі:
Палітыка, кажуць, цудоўная рэч,
Цуднейшая нават за шашкі, шахматы;
Прад ёю пакорна схіляецца меч,
Прад ёю змаўкаюць гарматаў раскаты.
Ў азглелых руінах канвульсій гады;
Між імі Цень Консула нешта шукае,
Хіхікае ў кроках зладзейскай хады.
…Ступае нагой на магільны курган, —
На трон сваіх будучых консульскіх місій,
Сціскаючы ў лапе крывавы наган.
…Адцень ізуіта на вусны лягла;
Падведзены твар задуменна-суровы, —
На рысах злачынных настрояў імгла.
Падобны тып акупанта не быў патрэбен нямецкай адміністрацыі на Беларусі ў першую сусветную вайну. У яго не існавала падобнага тыпу. Тым больш што Консулу, самаму высокаму прадстаўніку вайсковай нямецкай адміністрацыі, не было патрэбы праводзіць нарады ў сакрэтнай комнаце, карыстацца судовай практыкай троек і наганам — гэта ўсё з рэпрэсіўнага набору сталінскага рэжыму. Ды і прозвішча, а таксама імя галоўнага прадстаўніка акупацыйных улад не нямецкае — Юлій Атэра. Юлій, Консул — гэта намёк на дзяржаўную практыку дэспатый Старажытнага Рыма. I не толькі намёк, але маюцца і адкрытыя паралелі:
Суровыя можаце кары ўжываць…
Калі ж непакорнымі будуць паэты,
Нат вены і то прымушайце ўскрываць
Як колісь у Рыме рабілі за гэта.
I яшчэ:
Святой інквізіцыі новы прыход
Сваё праспявае сягонне літанне.
Вядома, паэт вымушаны быў ужываць пэўны камуфляж. Юлій Атэра
У чорнай візітцы з разрэзам наўкос,
У модных бліскуча-рыпучых лякерах…
Аднак жа такога адзення і абутку не насілі прадстаўнікі акупацыйных улад. А вось штрых «А ногі уроскід на цэлы пракос» вельмі празрысты.
У паэме расказваецца пра намаганні Атэры пабудаваць турмы-падземкі, дзе можна было б расстрэльваць ахвяры так, каб ніхто не чуў пра ўстанаўленне ім жалезнай дыктатуры. Праецыруецца таксама змест і на даваенны літаратурны працэс, Пушча не збаяўся актыўна выступіць супроць палітычнай дыктатуры, прадажніцтва, якое ўзрастае на глебе абслугоўвання чыста ідэалагічных задач. У вусны калегі-апанента ён укладвае ў многім прарочыя, сугучныя і сённяшняму дню словы:
Нічога, што ў песні душою зманю,
I будзе яна слоў іржавых асколак, —
Затое, прыкмецяць асобу маю
Дзяржаўныя людзі, вышэйшыя колы.
Мне гэта сягоння за ўсё даражэй;
Мне хочацца славы, хоць дробнай, мізэрнай…
Вобраз руінаў, замчышча, паказ скокаў смерці — сімвалы гаротнага лёсу Беларусі:
Усплыў на прагаліну месяц-юнак,
Адсвет свой згубіўшы у хмарах ірваных, —
Ён гэтага ўцяміць не мог аніяк.
Руінаў штылі ў суматосе страшной;
На шчэбнях Цень Консула й Цень лейтэнанта;
Людское ж жыццё на іржавых ражнох.
Яшчэ і сёння гучыць перасцярога ад магчымых вынікаў дыктатарства. На поўны голас гучыць у ёй тэма нацыянальнай і сацыяльнай свабоды. У шэрагу іншых паэм 20-х гадоў яна — адзін з самых трагедыйных і прагнастычных твораў.
Крыніца: Мішчанчук М.І. Язэп Пушча // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. Мн., 1999. С. 550-575