Самы плённы перыяд у жыцці кампазітара, дзяржаўнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага звязаны з Залессем, што на Смаргоншчыне.
Шырокая дарога ў абсадзе старых ліп вядзе ў колішнюю сядзібу Агінскіх. За палацам знаходзіцца атуленая старымі вербамі сажалка. Яшчэ не так даўно, чвэрць стагоддзя назад, на яе запрудзе працавіта грукатала млынавое кола, мелючы збажыну з усёй шырокай залескай ваколіцы. Увосень тут уражвае буянне барваў угары і на долах, на цёмна-зялёнай траве, задумлівае маўчанне векавечных дрэў ды ціхамірнае журчанне рэчкі.
Гаспадар Залесся стварыў англійскі парк, заклаў вялікі батанічны сад з рэдкімі раслінамі, звярынец. Рэчкі Бабрынку і Рудзічу, што агіналі сядзібу з поўдня, запыніў запрудай. Рытмічны рух млынавога кола цешыў музычны слых гаспадара, а галоўнае, забяспечваў патрэбу ў муцэ. Дзверы сваёй залескай гасподы Агінскі трымаў адчыненымі. Вучоныя людзі, літаратары, музыканты, палітыкі наязджалі ў Залессе з Вільні, Пецярбурга, Варшавы, тыднямі гасцявалі тут. Шмат ніцей лучыла Міхала Агінскага з шырокім светам.
(145 слоў)
Паводле А. Ліса.