Ледзь прыкметна гусцее блакіт неба, і не так балюча слепіць вочы бялюткі снег. Але ён яшчэ не такі, як вечарам, калі схаваецца за небакраем напружана-чырвонае сонца і там, дзе яно зайшло, вісіць вузкая марозна-шэрая палоска, а над ёй – спачатку чырвань, а потым светлая празрыстасць, якая будзе доўга, нават пасля таго, як патухнуць вясковыя вокны і высвеціць тоўсты лупаты месяц.
У лесе так жа ціха, як і ў полі, толькі зрэдку цінькне сініца і чуваць, як з галінак, па якіх скача неспакойная птушка, сыплецца лёгенькі снегавы пыл. Стромкія сосны нібы ўслухоўваюцца і ўглядаюцца ў высокае неба. Насцярожаныя нечаканаю ласкаю, баяцца падману. Падзьме вецер – заківаюць вершалінамі, зашумяць і будуць варушыць шырокімі плячыма, абтрасаць ліпкі цяжкі снег, пакуль не знясіляцца, не скорацца прыгнутыя снегам галіны. I будуць нявесела стаяць сосны, засмучаныя і ціхія. А ўжо потым, як прыгрэе сапраўднае веснавое сонца, саслізне па ігліцы снег. Нібы па ўсім лесе пойдуць затоеныя ўздыхі палёгкі.
(153 слова)
Паводле М. Стральцова.