Андрэю Васільевічу і Любові Захараўне выдзелілі ўчастак пад дачу. Людзі сталыя, яны радаваліся так, як ніколі ў маладосці. Былыя вяскоўцы, Андрэй Васільевіч і Любоў Захараўна доўгі час з цяжкасцю прывыкалі да горада, да пылу і пастаяннага шуму. Цяпер у іх з’явілася магчымасць пабудаваць свой невялікі дамок, дзе можна правесці лета сярод цішыні прыроды. Іх сябар са Стоўбцаў назваў вёску, дзе можна было купіць матэрыял на дачу.
Летнім ранкам муж з жонкай селі ў электрычку, што ішла ў Стоўбцы. За вокнамі мільгалі бярозы, у вагон залятаў лугавы вецер, бегла за цягніком сонца, высвечваючы залацістыя палі збажыны, гонкія сосны. Пахла смалой-жывіцай, водарам баравых траў. Андрэй Васільевіч і Любоў Захараўна сядзелі ля акна і, адчуваючы спакой прыроды, адпачывалі душою. Прыходзілі мары аб сваім дамку, перад якім будзе ружова-белы сад, поўны ўвосень сакаўных яблыкаў.
У Стоўбцы прыехалі праз дзве гадзіны. З электрычкі трэба было перасесці на прыгарадны аўтобус. У вёсцы апынуліся ў полудзень. Вёска спадабалася: акуратныя хаты, дрэвы ля сядзіб. Настрой, праўда, сапсаваўся, калі даведаліся, што патрэбных людзей сёння няма. Уздыхнулі, сабраліся назад.
У аўтобусе было шмат людзей. Любоў Захараўна апынулася ля жанчыны, побач з якой на сядзенні ля акна ляжала сумка. Любоў Захараўна здзівілася: сумка на сядзенні, а людзі стаяць? Адчуваючы стомленасць, ветліва папрасіла жанчыну крыху пасунуцца. Адарваная ад размовы з суседкай наперадзе, жанчына злосна зіркнула на Любоў Захараўну і рэзка адказала:
– Хочаш – сама там сядай, а я са свайго месца не крануся.
З цяжкасцю Любоў Захараўна прасунулася да акна. У шыбу свяціла сонца, сляпіла вочы. Вакол перагаворваліся жанчыны, у тым ліку яе няветлівая суседка Аніта (так яе называлі падчас размовы). Любоў Захараўна расшпіліла басаножкі, вызваліла стомленыя ад хадзьбы ногі, заплюшчыла вочы. У Стоўбцах усе хутка пачалі пакідаць аўтобус. Любоў Захараўна дачакалася, пакуль Аніта выйдзе, і тады пачала абувацца. Андрэй Васільевіч чакаў жонку каля аўтобуса. Любоў Захараўна зашпіліла басаножкі, паднялася з месца. Тут толькі заўважыла побач, дзе сядзела Аніта, маленькую касметычку. З жаночай цікавасцю адкрыла яе: касметычка была поўная грошай. Усхваляваная Любоў Захараўна паказала касметычку мужу.
– Бяры сабе, – сказаў Андрэй Васільевіч. – Я ўжо адной жанчыне аддаў грошы, якія знайшоў у сталовай. Увесь аддзел з мяне пацяшаўся.
Любоў Захараўна добра памятала тую гісторыю, пасля якой Андрэй Васільевіч тыдзень хадзіў пахмурны і называў сябе дурнем, бо людзі так аднесліся да гэтага ўчынку. I вось цяпер нібы паўтарэнне. Не дзіўна, што ён так адрэагаваў.
Узялі тую касметычку, пайшлі да станцыі. Аднак на душы было дрэнна.
Павярнулі назад. Калі падыходзілі да аўтобуса, адразу заўважылі Аніту. Яна ўляцела ў аўтобус, агледзела сядзенне, выскачыла. Вочы яе былі такімі, нібы яна з’ехала з глузду. Жанчына крычала, што ў Стоўбцах хату прадала, схавала ў касметычку грошы і вось згубіла.
Любоў Захараўна працягнула ёй касметычку. Аніта вырвала яе з рук, адкрыла, праверыла, ці ўсё на месцы. Нават не падзякаваўшы, пабегла да пакінутых на вакзале сумак.
Андрэй Васільевіч і Любоў Захараўна моўчкі ішлі да электрычкі. Калі заходзілі ў вагон, заўважылі, што іх даганяе тая жанчына. Дабегла і ўпала на калені, пачала цалаваць ім рукі.
– Мусіць, вы багатыя? – пыталася яна.
– Не, але ж гэта не нашы грошы. Чужое багацце шчасця не прыносіць.
Жанчына, відаць, не верыла, шукала нейкую скрытую прычыну. Праехала яна з імі некалькі прыпынкаў, плакала, цалавала рукі і ўсё ніяк не магла паверыць, што ёй вярнулі грошы.
(526 слоў)
Паводле М. Прохар.