Бабуля Настачка напхала поўны мех травы і прысела адпачыць. Стомленыя рукі ляжалі на каленях, прыжмураныя вочы глядзелі ў зямлю. Васілёк прысеў побач. Малы не зводзіў вачэй з Гарадзішчанскай гары, зарослай кустоўем.
Неспадзявана хлопчык пачуў спачатку тоненькія гукі, а пасля басавіты гул. Васілёк насцярожыўся, ускочыў, прыслухаўся, але так і не зразумеў, з якога боку вецер прынёс песню званоў. I раптам сэрца яго замлела ад здагадкі: звон ідзе з Гарадзішчанскай гары!
Седзячы на мяху з травой, бабуля спала, сагрэтая цёплым сонцам. Васілёк не стаў яе будзіць, пайшоў туды, дзе жаўцела пясчаная гара. Ідучы, хлопчык раз-пораз падскокваў, каб убачыць гару. Каласы, што хіліліся над дарогай, пяшчотна казыталі твар і пахлі, як свежы бохан хлеба. Неўзабаве Васілька абступіла вельмі высокае жыта, і цяпер ён нічога вакол не мог убачыць. Раптам да яго даляцеў стук колаў. Праз некалькі хвілін малы ўбачыў над жытам конскую гнядую галаву. Мяккі ляскат колаў і тупат капытоў узмацніўся. Дзядзька, што сядзеў на калёсах, звесіўшы босыя ногі, сказаў:
– Сядай,падвязу.
На калёсах Васільку сядзелася мякка, утульна. Хлопчык бачыў сяло з касцёлам, на даху якога ў гняздзе стаяў бусел, густы лес, вербы і бярозы на могілках, школу. Дзядзька цягнуў нейкую песеньку. I раптам пачуўся ціхенькі звон. Васільку здалося, што варухнулася гара. Дзядзька спыніў каня, паглядзеў на верх гары, прыслухаўся, а потым расказаў цікавую гісторыю.
Даўным-даўно жылі на гэтай гары людзі. На яе вяршыні стаяла белая цэркаўка з сярэбранымі званамі і залатымі крыжамі. Званы так прыгожа звінелі, што ўсё вакол замірала, слухаючы іх. Аднойчы ў гэты край уварваліся орды чужынцаў. Убачыў іх хан Гарадзішчанскую цэркаўку і ажно закалаціўся ад зайздрасці, што ў яго ханстве не было такой прыгажосці. Загадаў ён гарадзішчанцаў у палон пабраць, а царкву перавезці ў сваё ханства. Дзень і ноч біліся мясцовыя жыхары з чужакамі. А калі не вытрымалі земляныя валы і запалалі дубовыя сцены, гарадзішчанцы схаваліся ў царкву. Падступіўся люты хан да царквы, а ўзяць не можа. Тады загадаў ён спаліць царкву разам з людзьмі. Абклалі яе голлем, саломай і падпалілі. I тут адбыўся цуд: цэркаўка разам з людзьмі пачала асядаць у зямлю. А калі зусім апусцілася, сышлася над ёй зямля, нібы і не было тут царквы. З той пары і звіняць званы пад зямлёю.
Дзядзька пагладзіў Васілька па льняной галаве, узлез на калёсы і тузануў за лейцы. А малы паваліўся на зямлю, прыціснуўся да яе вухам. Чуліся розныя гукі: і свіст, і ціліканне, і стракаценне, і мяккае шастанне каласоў, і плёскат вады. Раптам трывожны ўдар звона ўладарна заглушыў усе шумы, пасля затрапяталі маленькія званочкі. Рэха іх доўга цякло і раставала. Цяпер Васілёк верыў, што звон сапраўды ішоў з-пад зямлі. Званілі тыя людзі, якія праваліліся разам з царквою, пасылаючы ўверх свае боль, і трывогу, і радасць за тых, хто жыве на белым свеце…
Прачнуўшыся, бабуля Настачка па сонцы вызначыла, што праспала добрую гадзіну. Пачала азірацца вакол, каб пабачыць сінюю кашульку Васілька. Калі прыбегла да гары, убачыла, што яе ўнук выграбае з ямкі пясок і ссыпае ўніз.
– Бабуля! – крыкнуў ён. – Рыдлёўку нясі! Тут жывыя людзі закапаны! Яны з царквою праваліліся і ў званы звоняць.
Бабуля пачала прасіць Васілька ісці дамоў, падала яму руку і дапамагла вылезці з ямкі. Малому было хораша. Хлопчык вырашыў раскапаць Гарадзішчанскую гару, калі падрасце. Тады ён абавязкова падорыць тым людзям волю, а сабе – прыгожую залатую цэркаўку.
(533 словы)
Паводле В. Хомчанкі.