Алена Васілевіч — Партызанка Кніга

Алена Васілевіч

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Так звалі маладую гнядую кабылу. Кніга — таму што на лбе ў яе была белая плямка, якраз як разгорнутая кніга. Ну, а чаму партызанка — пра гэта вы, мусіць, ужо самі здагадаліся.
 Трапіла яна ў партызаны пры наступных акалічнасцях. Яшчэ ў першыя месяцы вайны Кнігу параніла ў нагу асколкам гранаты. Рана была цяжкая, але гаспадар Кнігі, малады кавалерыст, пашкадаваў прыстрэліць кабылу і пакінуў яе на догляд старому селяніну з вёскі, за якую ішоў бой з фашыстамі.
 — Не магу, рука не паднімаецца… Яна ж у мяне ўсё роўна як чалавек, разумее кожнае слова…— журботна гаварыў салдат селяніну, гладзячы панура апушчаную галаву Кнігі. — Даглядай яе, дзядзька. Можа, і паправіцца. Тады яна яшчэ паслужыць…
 Кніга слухала свайго гаспадара, пяшчотна церлася аб яго руку мяккай аксамітнай пысай, і ў яе разумных, бліскучых, як каштан, вачах чарнеў невыказны сум.
 — Будзь жывы і здаровы сам, сынок. А за кабылу но турбуйся. Дагледжу, — абнадзеіў кавалерыста селянін.
 — Дзякуй, бацька, — моцна паціснуў яму руку салдат і пабег даганяць таварышаў.
 З таго дня Кніга засталася ў новага гаспадара. I трэба сказаць, ёй пашанцавала. Быў той селянін чалавек добры і спагадлівы, лячыў і даглядаў параненую Кнігу па шчырасці. Кніга неўзабаве акрыяла, паправілася — толькі заднюю правую нагу ўсё падцягвала. Але і гэта прайшло да восені.
 А ўвосень, неяк глухой дажджлівай ноччу, у акно да яе новага гаспадара пастукалі партызаны. Аднаму з іх трэба было як найхутчэй дабрацца да суседняй вёскі — такое ён меў заданне. Вось тады той чалавек і вывеў з хлява Кнігу… Кніга тонка заржала, ударыла капытом зямлю, але, адчуўшы, што повад трымае цвёрдая рука конніка, паслухмяна рушыла з двара.
 З тае ночы Кніга і стала баявой партызанкай. Была яна кабыла надзвычай разумная, аднак і нораў мела! Не ўпадабае седака — і тады хоць ты забі яе: злосна ржэ і грызе цуглі, становіцца на дыбкі і толькі круціцца ў млынка на задніх нагах. А то часам, калі ў паходзе трэба пераходзіць брод, — возьме ды раптам ляжа ў ваду…
 Некаторыя гарачыя хлопцы не любілі Кнігу, і ёй не раз ад іх даставалася. Але Кніга не жадала скарыцца. Яна толькі раздзімала ноздры і біла капытом зямлю.
 Затое якой рахманай і паслухмянай рабілася Кніга ў руках таго, хто ўмеў прылашчыць яе. Так, невядома па якіх прыкметах, вызначала Кніга з усяго атрада партызанскую сувязную Таню. У Тані была тоўстая, да каленяў, цёмная каса (у гэтую касу не раз закручвала яна гранаты-«лімонкі» і так праносіла іх праз нямецкія і паліцэйскія пасты) і вясёлыя шэрыя вочы. Калі Таня смяялася, дык смех яе гучаў, нібы сярэбраны званочак. Кніга, калі яна была ў гэты час дзе паблізу, натапырвала свае кароткія вострыя вушы і прыслухоўвалася. А потым сама тоненька ржала: мусіць, выказвала сваё задавальненне.
 Сябравалі яны шчыра і самааддана. Кніга ўмела, калі трэба было замаскіравацца, легчы па зямлю і ляжаць нерухома да таго часу, пакуль ёй не дазвалялі ўстаць. Яна ўмела ступаць, як кот, зусім нячутна, і бег яе быў лёгкі і імклівы. Не адзін раз выносіла Кніга бясстрашную партызанку з-пад варожых куль. Затое і сама Таня не раз аддавала сваёй баявой сяброўцы апошнюю лусту хлеба…
 Вось што здарылася з імі аднойчы.
 Лясной дарогай Таня вярталася верхам на Кнізе з баявога задання. Стомленая бяссоннай ноччу, яна непрыкметна задрамала. Да лагера заставалася яшчэ некалькі кіламетраў, але разумная Кніга ведала ўсе партызанскія сцяжынкі, і можна было не баяцца, што яна не знойдзе дарогі… Таня прачнулася ад таго, што Кніга раптам спынілася і застыла на месцы як укопаная. Таня кранула кабылу стрэмем — у адказ Кніга толькі павяла натапыранымі вушамі. Таня пацягнула за повад — Кніга зноў не кранулася з месца, нават галавы не павярнула, толькі нецярпліва пераступіла з нагі на нагу, нібы папрасіла: «Не перашкаджай…»
 «Нешта не так»,— насцярожанае хваляванне Кнігі перадалося і Тані. Яна перагнулася з сядла і пяшчотна пагладзіла морду кабылы.
 Кніга зноў нервова ўздрыгнула, зноў застрыгла вушамі, да нечага пільна прыслухоўваючыся. Тады Таня саскочыла з сядла на зямлю і падалася ў бок кустоў, куды, не адрываючыся, глядзела Кніга. Кабыла таксама зрабіла некалькі крокаў услед за ёю. Рассоўваючы кусты, Таня пайшла далей. Кніга не адставала ад яе. Хваляванне Тані ўсё расло. Сон як рукою зняло. Цяпер і яна ўжо чула нейкі змешаны востры пах: пах гарэлай тканіны, бензіну і яшчэ чагосьці.
 Намацаўшы ў кішэні ватоўкі наган, Таня асцярожна рассоўвала кусты і падавалася ўсё далей і далей ад дарогі. Ступаючы гэтак жа бясшумна, як і Таня, Кніга не адставала ад яе ні на крок. Раптам да Тані даляцеў слабы чалавечы стогн. Ад нечаканасці яна падалася назад. Стогн паўтарыўся. Слоў разабраць было нельга. Відаць, чалавек вельмі аслабеў. Можа, ён клікаў на дапамогу, можа, паміраў і прасіў піць…
 Авалодаўшы сабой, Таня шэптам загадала кабыле:
 — Кніга, стаяць!
 А сама, узяўшы ў правую руку наган, асцярожна рушыла ў той бок, адкуль чуліся стогны.
 Яшчэ куст кашлатай вербалозіны, яшчэ куст — і Таня замерла на месцы. На невялічкай, з хату велічынёй, палянцы дыміліся абломкі самалёта. I сярод гэтых абломкаў ляжаў чалавек — лётчык… Разважаць не было калі, і Таня кінулася да яго. Гэта быў наш, савецкі лётчык.
 Адзежа на лётчыку сатлела. Ад апёкаў і страшэннага болю ён страціў прытомнасць. Таня паспрабавала падняць яго і пасадзіць, але ён толькі працягла застагнаў і зноў, як нежывы, асунуўся на зямлю. Трэба было нешта рабіць, трэба было як мага хутчэй ратаваць яго…
 I Таня ўспомніла пра сваю верную Кнігу. Разумная жывёліна, пачуўшы голас гаспадыні, у момант апынулася ля яе.
 — Кніжачка, родная, дапамагай!..
 Кабыла прыслухоўвалася да трывожнага Танінага голасу і паслухмяна рабіла ўсё, што ёй загадвала Таня.
 Вось яна асцярожна апусцілася на зямлю. Асцярожна павярнулася спіной да лётчыка, прыўзняла галаву — каб Таня магла прывязаць да яе шыі рукі лётчыка… Потым Кніга асцярожна паднялася з зямлі і пачакала, пакуль сядзе на яе сама дзяўчына. Потым гэтак жа асцярожна яны рушылі ў атрад.
 З партызанскага атрада лётчыка адправілі на лячэнне ў шпіталь, на Вялікую зямлю.
 …Пасля вайны лётчык выпадкова сустрэўся з Таняй на Тушынскім аэрадроме ў Маскве. Ён павінен быў весці самалёт, на якім Таня вярталася дадому з канферэнцыі прыхільнікаў міру. Лётчык пазнаў Таню, вельмі ўзрадаваўся і павёў яе знаёміцца са сваімі таварышамі.
 — Гэта партызанка Тацяна… Таня. Яна выратавала мяне ад смерці, — расказваў ён лётчыкам.
 — Не зусім я. Хутчэй выратавала вас Кніга. Гэта яна пачула…
 — Праўда, праўда, і Кніга! Дзе яна цяпер — не ведаеце?
 — Як жа. Ведаю. Адразу пасля злучэння з Чырвонай Арміяй мы аддалі яе калгаснікам. I цяпер яна добрасумленна працуе ў калгасе…
 Такая вось гісторыя партызанкі Кнігі.

1962

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений