Адметнасць, выключная глыбіня і непаўторнасць паэтычнага таленту Алеся Разанава прызнаны не толькі ў Беларусі. Без гэтага імені сёння нельга ўявіць сабе еўрапейскую паэзію ўвогуле: яго творы выдаюцца і атрымалі прызнанне ў Расіі, Германіі, Літве, Латвіі, Балгарыі і ўсіх славянскіх краінах. Нездарма нямецкі даследчык Хорст Ролінг сказаў, што з Алесем Разанавым беларуская літаратура дасягае еўрапейскага маштабу. Калі можна пра асобу сказаць: "чалавек сусвету", то Алесь Разанаў – паэт сусвету, і не па фармальных прыкметах папулярнасці, а па сучаснасці і глабальным маштабе мыслення, па незвычайнай для любога іншага мастака культурнай і, у прыватнасці, філалагічнай эрудыцыі, па здольнасці адшукваць і пераствараць глыбінны сэнс слова ў агульначалавечым філасофскім і культуралагічным кантэксце. З самага пачатку творчай дзейнасці імя Алеся Разанава было сінонімам наватарства, адметнасці і абсалютнай унікальнасці паэтычнага голасу. І ў спробе спасцігнуць яго непаўторнасць трэба ставіць адметную задачу: калі ў гаворцы пра паэтаў мы імкнуліся вызначыць, чым творчасць аднаго аўтара адрозніваецца ад іншых, то ў дадзеным выпадку будзем імкнуцца зразумець і адчуць душою нязнанае, нязвыклае, таемнае, далучыцца да высокага палёту думкі і "ўпісаць" паэзію Алеся Разанава ў вядомую нам беларускую нацыянальную літаратурную традыцыю.
Аляксандр Сцяпанавіч Разанаў нарадзіўся 5 снежня 1947 года ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Маці, Надзея Іванаўна, усё жыццё займалася самай высакароднай з прафесій – была фельчарам-акушэркай. Ёй прысвечана паэма Алеся Разанава "Упоцемках, з ліхтаром", святлом мацярынскай душы азораны жыццёвы шлях паэта. Бацька паэта, Сцяпан Іванавіч. у вайну быў партызанам, трапіў у канцэнтрацыйныя лагеры Заксенхаўзен і Маўтхаўзен, дзе, як ні дзіўна, ён пачаў пісаць вершы: відаць, нечалавечыя ўмовы існавання абудзілі роздум пра сэнс жыцця. неабходнасць споведзі і прагу прыгажосці. Паэтычны дар ад бацькі перадаўся Алесю, які ўжо з шостага класа актыўна выступаў з вершамі ў рэспубліканскіх дзіцячых часопісах і газетах.
Калі Алесь Разанаў быў яшчэ старшакласнікам вясковай школы, яго вершы былі надрукаваны ў штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва". Анатоль Вярцінскі, які тады быў рэдактарам гэтай газеты. успамінаў, што ўражанне ад гэтых твораў было такое, як ад сустрэчы з цудам.
Скончыўшы школу з медалём, Алесь Разанаў вучыўся на філалагічным факультэце спачатку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, затым у Брэсцкім педагагічным інстытуце. У 1970 годзе, калі Алесь Разанаў ужо працаваў настаўнікам у вясковай школе, выйшла яго першая кніга "Адраджэнне", наватарская па зместу і форме, у якой аўтар заявіў сваё творчае крэда:
Я маю права
ўсё закрэсліць
і потым
нанава пачаць.
З 1972 г. Алесь Разанаў прафесійна займаецца літаратурнай дзейнасцю: працуе ў рэдакцыі газеты "Літаратура і мастацтва", выдавецтве "Мастацкая літаратура", часопісе "Крыніца", Скарынаўскім цэнтры.
Алесь Разанаў – аўтар кніг "Назаўжды" (1974), "Каардынаты быцця" (1976), "Шлях – 360" (1981), "Вастрыё стралы" (1988), "У горадзе валадарыць Рагвалод" (1992), "Паляванне ў райскай даліне", "Рэчаіснасць" (1998), "Танец з вужакамі" (1999, выбранае).
Актыўная ўласная паэтычная творчасць узаемадзейнічае з перакладчыцкай дзейнасцю і ўзбагачаецца праз яе: Алесь Разанаў многа перакладае з нямецкай, англійскай, польскай, чэшскай, балгарскай, латышскай, грузінскай і іншых моў Свету. Складае анталогіі замежнай паэзіі. Гэта спрыяе інтэлектуальнаму ўзбагачэнню асобы, робіць аўтара дасведчаным у сусветнай мастацкай культуры, дазваляе пераасэнсоўваць моўныя паралелі, заглыбляцца ў сэнс і гучанне слоў.
Алесь Разанаў – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1991 г.) за кнігу "Вастрыё стралы". З 2001 г. паэт жыве ў Германіі і займаецца творчай працай.
З першых кніг Алесь Разанаў выявіў непаўторную індывідуальнасць не столькі праз форму, колькі праз змест твораў, адзначаных гістарызмам мыслення, рамантычным пафасам пошуку гармоніі і справядлівасці, узнёсласцю пачуцця. Гэтым, а таксама трагедыйнасцю аўтарскага адчування нацыянальнай гісторыі, вершы Алеся Разанава "Радзіма", "Рагнеда", "Арышт Кастуся Каліноўскага" і яго балады лучацца з традыцыямі Купалы і Багдановіча.
Пачынаючы з кнігі "Назаўжды", кожны наступны зборнік твораў Алеся Разанава быў адметны не толькі асацыятыўнасцю мыслення, глыбінёй філасофскіх разваг, але і адкрыццём новых, нязвыклых для беларускай літаратуры вершаваных форм. У кнізе "Назаўжды" гэта пункціры – невялікія (часцей 5-6 радкоў) лірычныя мініяцюры, якія не малююць, а хутчэй пазначаюць абрысы, арыенціры вобраза, тонкай графічнай лініяй падкрэсліваюць адну думку, фіксуюць пачуццё. І тым самым выконваюць сваё прадназначэнне: адключаюць чытача да творчасці, даючы штуршок яго разважанням, чаму сказана менавіта так:
Не вернецца воін,
вандроўнік не вернецца,
вернецца сейбіт…
Заўсёды
вяртаецца сейбіт.
Крытыкі, якія часта цытуюць гэты верш, бачаць у яго аснове парадокс. Аднак тут хутчэй выяўленне заканамернасцей жыцця: доля воіна – забіваць ці быць забітым, вандроўніка – шукаць зменлівую мэту. І адно і другое нясе ў сабе пагрозу шляху ў нікуды, і толькі доля сейбіта прадугледжвае вяртанне, бо пра зерне ў глебе трэба клапаціцца ў надзеі на ўраджай. І толькі доля сейбіта шчаслівая, бо заключае ў сабе веру ў вечнасць (на гэтую выснову скіроўвае слова "заўсёды", вынесенае ў асобны радок). Пункцір воін-вандроўнік-сейбіт выклікае змястоўныя асацыятыўныя вобразы і філасофскія развагі пра сэнс чалавечага жыцця.
Многія пункціры і на самой справе грунтуюцца на парадоксах, аднак толькі знешніх, якія падштурхоўваюць чытача да выяўлення заканамернасцей:
Сцежка па-над абрывам:
па ёй прывабна ісці,
на ёй кожны крок
змястоўны.
Кожнаму чалавеку знаёмая парадаксальна прыцягальная сіла небяспечнай сітуацыі, таму канкрэтна-пачуццёвая аснова гэтага вобраза вельмі моцная, аднак з яе вырастае ўмоўна-асацыятыўны план: сцежка па-над абрывам – жыццёвы шлях чалавека, які не павінен баяцца рызыкі, калі мае перад сабой высокую мэту. Сцежка пад абрывам – гэта і шлях самога паэта-наватара, бунтара і змагара.
У лаканічных, гранічна сканцэнтраваных радках пункціраў амаль заўсёды ёсць паўторы ключавых слоў. У першым з працытаваных твораў чатыры разы паўтораны дзеяслоў "вяртацца" стварае адчуванне руху і акцэнтуе ідэю твора, у другім пункціры паўтор таксама падкрэслівае галоўны вобраз жыццёвага шляху. Абавязковае ў разанаўскіх пункцірах і вынясенне ключавых слоў ў асобны радок – гэта стварае графічнае ўражанне перарывістай лініі, што ўзмацняе ўздзеянне твора.
Наватарскай і нязвыклай для беларускай літаратуры была кніга паэм Алеся Разанава "Каардынаты быцця", якая дазволіла крытыкам папракаць аўтара за следаванне прынцыпам заходняга мадэрнізму. Аднак, даючы высокую ацэнку смеламу эксперыменту Алеся Разанава па стварэнні новага вобразу свету, даследчыца яго творчасці Г. Кісліцына адзначае, што агульнай з мадэрнісцкай канцэпцыяй быцця была "сама адмова ад прынцыпу адлюстравання і замена яго прынцыпам стварэння новай рэальнасці.
Запісаныя на вадзе,
на воблаках спадарожных,
на вольным дыме, на кветках,
гайдаюцца і жывуць
нашы метапытанні
і нашы метаадказы,
абняўшыя, быццам дужкі,
сабою ўсю рэчаіснасць,
якая заўсёды з намі,
што азначае – аднойчы… –
такім бачыцца паэту свет у "Паэме святла".
Прынцып стварэння свету сапраўды мадэрнісцкі, але каардынаты яго канкрэтныя і зразумелыя кожнаму: вобраз бацькі, фальклор ("Паэма рыбіны"), асоба і творчасць Максіма Багдановіча ("Паэма вяхі"), сусветная міфалогія ("Паэма калодзежа").
Кніга "Шлях-360", назву якой даследчыкі вызначалі як "шлях ад нараджэння да смерці, панараму быцця", "замкнёны круг вяртання да Я", пацвердзіла нязвыкласць разанаўскага глыбокага інтэлектуалізму і дала ўзор новага жанру паэзіі – квантэмы. Назва гэтай адкрытай А. Разанавым вершаванай формы – ад слоў "квант паэтычнай энергіі" (Я. Гарадніцкі). Гэта хутчэй не завершаны паэтычны твор, а імпульс да творчасці чытача.
сам-насам з незавершанасцю
што
пярэчыць перамогам
бездань ззаду.
Наўмысная фрагментарнасць твора, "вырванасць" яго з актыўнага інтэлектуальнага пошуку падкрэсліваецца тым, што пачынаецца ён з малой літары і не мае знакаў прыпынку (між іншым, гэтая распаўсюджаная ў сусветнай літаратуры традыцыя ідзе яшчэ ад французскага паэта Апалінэра). Даследчыца Г. Кісліцына адзначае, што рытмічная арганізацыя квантэмы "будуецца на ўліку колькасці часу, неабходнага для сэнсаакцэнтаванага вымаўлення слова ці групы слоў" і, заўважаючы сувязь такой формы вершаскладання з фальклорам, лічыць непатрэбнымі ў дадзеным выпадку знакі прыпынку, якія маглі б парушыць сувязь паміж словамі. Дададзім, што чытач, спасцігаючы сэнс верша, усё роўна вымушаны вызначыць яго інтанацыйную будову і, робячы гэта самастойна, становіцца сааўтарам паэта. Сапраўды, ключавое слова "што" можа ўяўляцца злучальным словам, а можа азначаць зададзенае сабе і свету пытанне. Такая шматзначнасць робіць глыбінным, бяздонным сэнс апошняга мікравобраза верша. Бездань ззаду – гэта пераадоленыя цяжкасці, трагедыі свету і асобы ці надзея на будучае, якая грунтуецца на невычэрпным вопыце мінулага? Незавершанасць і павінна пярэчыць перамогам, каб чалавек не спыняўся ў сваім шляху наперад. У тым ліку і незавершанасць квантэм, у "загадкавай цьмянасці" якіх, па словах У. Калесніка, "невычэрпнасць і паэтычнасць".
Кніга "Вастрыё стралы" была адметная найперш тым, што ў ёй дамінавала яшчэ адна надзвычай ёмістая для ўвасаблення філасофскага зместу форма – версэт. Трэба зазначыць, што версэт мае ў беларускай літаратуры даўнюю традыцыю, да яго звярталіся Якуб Колас, Максім Багдановіч, Ядвігін Ш., Максім Гарэцкі, сустракаецца ён і ў творчасці сучаснікаў (У.Арлоў, У.Някляеў і інш.).
Версэт – твор прытчавага, шматзначна-павучальнага характару, які па-філасофску пераасэнсоўвае свет звычайных рэчаў і паняццяў.
Версэт "Палёт стралы" цэнтральны ў кнізе, што падкрэсліваецца пераклічкай назваў. У гэтым версэце, як і ў большасці іншых, гаворка ідзе ад першай асобы. Аўтар асэнсоўвае ўнутраны змест прадметаў – лука і стралы, якія сімвалізуюць супрацьдзеянне, барацьбу і рух. Адначасова асэнсоўваецца лёс чалавека, які, як і страла ў луку, жыве ў паўкружжах дня, ночы, небакраю. Асацыятыўнымі сувязямі (паўкружжа і прамая) звязаны канкрэтныя і абстрактныя паняцці, развагі пра жыццё і смерць.
Версэт складаецца з пяці сінтаксічных перыядаў, якія ствараюць яго рытмічную карціну. Апошні з іх падагульняе разважанні і замацоўвае вывад: страла – чалавек, які ў няспешным палёце імкнецца, урэшце, да вышэйшых духоўных сфер.
У версэтах выразна выявілася індывідуальная асаблівасць стылю Алеся Разанава – ён не карыстаецца асобнымі метафарамі, эпітэтамі, параўнаннямі, метафара для яго – арганічны спосаб паэтычнага мыслення.
Кніга "У горадзе валадарыць Рагвалод" адметная з’яўленнем чарговай нечаканай формы верша, які набліжаецца ў ёй да свайго антыпода – прозы. Гэта вершаказы, у якіх няма лірычнага героя, звыклых вобразна-выяўленчых сродкаў, а рытмастваральнымі адзінкамі выступае чаргаванне сінтаксічных перыядаў, інверсіі, паўторы і аднолькавая (ці блізкая) будова фраз. Але вершаказ мае магутны ўласны сродак паэтычнай выразнасці: увагу да гучання і ўнутранага сэнсу слоў, марфем, складоў. Адшукваючы і асэнсоўваючы іх супадзенні ў розных словах (часам значымыя, часам, на першы погляд, выпадковыя), паэт стварае ўласную карціну свету.
У вершасказе "Вецер" у дванаццаці асобных сказах (лічба з часоў язычніцтва, вядома, магічная) увесь час перагукваюцца словы, збліжаючыся не толькі гучаннем, але і сэнсам (vоtr – водар, veter – ветразь, vіtr – вітрыны і вітраж, Wіnd – вентылятар і г.д.), што з’яўляецца дадатковым і вельмі дзейсным вобразна-выяўленчым сродкам. Паэт стварае своеасаблівыя пераканальныя нацыянальныя архетыпы, з якіх складаецца карціна свету.
Мова па сутнасці сваёй метафарычная, аднак толькі Алесю Разанаву даступны ў такой меры яе ўнутраныя, схаваныя часам багацці. Да таго ж паэт умее і мае права ствараць іх сам.
Непаўторнасць стылю Алеся Разанава відавочная. Аднак яго творчасць абапіраецца на традыцыі Купалы і Багдановіча, унутрана звязана з філасофскай глыбінёй і агульнакультурнай асновай паэзіі Максіма Танка, з паэтыкай танкаўскага верлібра, з прытчавасцю вершаў Анатоля Вярцінскага і яго ўвагай да ўнутраных моўных паралеляў і гучання слоў. Ды і да Алеся Разанава ідзе цэлае пакаленне, якое працягвае ўжо яго традыцыі: А. Сыс, А. Мінкін, А. Глобус, В. Слінко, Ю. Пацюпа, Ю. Гумянюк і інш.
Калі дазволіць сабе рызыкоўную справу пайсці следам за Алесем Разанавым у пераасэнсаванні гучання слоў, то і ў яго прозвішчы можна ўбачыць наканаванне. РАЗ – толькі аднойчы нараджаюцца асобы такога маштабу ў нашай паэзіі. Толькі Разанаву ўдаецца разразаць тканіну слова, не парушаючы яго жывога адзінства, і знаходзіць у глыбінях нечаканы, але абсалютна абгрунтаваны сэнс. Раз – яго эксперымент з вершам, энергічны, трагічны, як удар стралы, якая не можа спыніць, змяніць напрамак палёту і паўтарыць яго. АЛЕ – нездарма яго завуць Алесь. Ніякія спробы пераймання яго манеры не дадуць плёну, бо такая індывідуальнасць непаўторная. Адзінае, што належыць пераймаць, – імкненне да пошуку і творчай незалежнасці.