Анатоль Вярцінскі — Вечны сон, вечны звон

Анатоль Вярцінскі

Хатынскі трыпціх

1

Вы чулі, як у Хатыні
звоняць каміны?
Кроў у жылах стыне,
як слухаеш тыя званы.
Кроў у жылах стыне…
Слухаеш і маўчыш.
А наўкола – пустыня,
а наўкола – ціш.
толькі адны каміны,
толькі адны званы,
толькі адны яны…
 

2

Дзінь-дзінь,

дзінь-дзінь-дзінь…

Што гэта звініць, Хатынь?
тут звінелі сініцы і палазы,
і звінелі жаўранкі ў паднябессі.
тут звінелі дзіцячыя галасы,
тут звінелі дзявочыя песні.
тут звінела пчала, і звінела піла,
і звінела каса,

і звінела даёнка,

і звінелі, на радасць ўсяго сяла,
тут вясельныя бомы звонка.
Дзінь-дзінь

дзінь-дзінь-дзінь…

Што гэта звініць, Хатынь?
Што значаць яны, твае званы?
ці гэта гучаць адгалоскі
той вёскі, што была да вайны,
той колішняй мірнай вёскі?
Дзінь-дзінь…

Паслухайце, ці не едзе

гэта вяселле недзе?
Ды хто нявеста і жаніх,
калі нікога няма ў жывых?
Дзінь-дзінь…

А гэта не коні ў жытным?

Ды коні патрэбны толькі жывым,
а мёртвым ніколі
не патрэбны коні.
Дзінь-дзінь…

А гэта не сырадой

цурчыць у даёнку з пенай густой?
Не, мёртвым сном у Хатыні
спяць усе гаспадыні.
Дзінь-дзінь…

А гэта не юны смех,

не голас дзіцячых забаў і ўцех?
Не, спалены усе дзеткі,
спалены ўсе малалеткі.
Дзінь-дзінь,

дзінь-дзінь-дзінь…

Што гэта звініць, Хатынь?
Што значыць тваіх каміноў

перазвон?

ці гэта звініць твой вечны сон?
ці, можа, у гэтым звоне –
вечнае бяссонне?
Дзінь-дзінь,
дзінь дзінь-дзінь…
 

3

Звіняць, як калісь, на ўсю сваю сінь
сініцы і жаўрукі.
Але не чуе ніхто іх «дзінь-дзінь»,
ніхто не глядзіць з-пад рукі.
Узялі ў Хатыні слых,
зрабілі глухімі ўсіх.
Узялі ў Хатыні зрок,
далі Хатыні змрок…
Стаяць, як калісь, усцяж каміны
там, дзе былі двары.
Але не дымяць, а звіняць яны,
звіняць ад зары да зары.
Дзіўныя гэтыя каміны!
Дыміць бы весела ім,
грэць бы неба духам жывым,
цяплом жывым, а яны…
Ды ў гэтым няма іх віны.
Гэта віна вайны,
гэта віна вайны,
гэта яна,

вайна,

дала камінам званы.

1969

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений