Белы ручнік мой, белы абрус,
сам я няцёмны душою.
Хто ў белым свеце я?
Я – беларус, –
будзьце знаёмы са мною.
Дружбу цаню і гатовы дружыць
я ці не з цэлым сусветам.
Свету адкрыты, хачу вольна жыць,
добрым служыць запаветам.
Яркая зорка надзеі гарыць,
торыцца шлях наш вякамі.
Шчасце трывалае можна стварыць
толькі сваімі рукамі.
Можна ў далёкіх краінах пабыць –
хай там марскіх, а ці горных…
Нельга радзімых мясцінаў забыць,
фарбаў лясных і азёрных.
Пасябраваць можна з мовай чужой,
ёю валодаць свабодна;
нельга адно здрадзіць роднай сваёй
і адрачыся ад роднай.
Белы ручнік мой, белы абрус.
Вышыла мама кашулю.
Не прамяняю сваю Беларусь –
не выбіраю матулю.