Адышлі ў нябыт панегірыкі
Ціхім вінцікам, ранняй сяўбе.
Людзям хочацца шчырай лірыкі
Не пра вінцікаў,
пра сябе.
Людзям хочацца песні звонкай
Не пра мудрасць высокіх пасад,
А пра сінія матчыны вокны,
I пра раніцу, і пра сад.
Людзі хочуць, каб гімны зайгралі,
Калі плошчы запоўніць парад,
I пра іхнія рукі, і раны,
I пра будні (іх болей, чым свят).
Людзі хочуць, каб званні і славу
Не давалі нікому дарма…
Людзі маюць на гэта права.
Ім дала яго праўда сама.
1962