Шпак спявае…
Стамлёныя крылы – ўразлёт,
Ад зямнога, вясновага шчасця зажмураны вочы.
Доўга песню хаваў ён за морам ад сцюжы і слот –
I яна ў цёплай дзюбе цяпер і звініць, і булькоча.
Падлятае,
трымціць –
не сядзіцца шпаку,
Быццам недзе хапіў непатухлага жару
I збіраецца з клейкіх пупышак на кожным суку
Распаліць
сто маленькіх
зялёных пажараў…
1960
Аналіз верша:
1. Паэта ўсхвалявала песня шпака, першага вестуна вясны. Ён стомлены прыляцеў на Радзіму і прынёс з сабой вясну. Яго песня «звініць і булькоча».
2. Шпак адчувае шчасце, ён вярнуўся на Радзіму («ад зямнога, вясновага шчасця зажмураны вочы»). Птушка ўсхвалявана, ёй не сядзіцца («падлятае, трымціць»).
3. Аўтар заўважыў усхваляванасць, узбуджанасць шпака, які «збіраецца з клейкіх пупышак на кожным суку распаліць сто маленькіх зялёных пажараў… ».
4. Генадзь Бураўкін выкарыстоўвае эпітэты («стамлёныя крылы», «вясновае шчасце», «непатухлы жар», «зялёныя пажары»), метафары («песню хаваў за морам», «песня звініць і булькоча», «збіраецца распаліць сто маленькіх пажараў»). Яны надаюць вершу выразнасць, ствараюць яркія вобразы.